Эканамістка: абмежаванне інвестараў будзе стрымліваць курс валют


Лукашэнка абмежаваў правы замежных інвестараў. Эканамістка Аліса Рыжычэнка мяркуе, што мэтамі гэтага ўказу маглі стацца спробы спыніць адток інвестыцыйнага капіталу з краіны, татальны кантроль заробкаў прадпрыемстваў, а таксама спроба не дапусціць вываду грошай за мяжу праз афшорныя кампаніі. Пра гэта экспертка распавяла ў жывым эфіры «Белсат».

Цалкам размову глядзіце тут:

«Яго [Лукашэнку], канешне, гэта злуе. Што ён не можа кантраляваць тыя фінансы, якія, як ён лічыць, належаць яму. Таму што ў яго заўсёды была палітыка, што бізнесам займаюцца толькі тыя, каму я дазваляю.  Пры гэтым усё належыць мне, і я магу гэта кантраляваць, я магу гэтым кіраваць і неяк распараджацца. Але калі гэта ўсё выводзіцца на нейкія замежныя кампаніі, у яго цяпер такой магчымасці няма. Таму, каб перадухіліць гэта, каб быць у курсе справаў, хто колькі дывідэндаў атрымлівае, нейкім чынам уплываць на гэта, і быў прыдуманы гэты закон».

Аліса Рыжычэнка лічыць, што ўказ будзе ўплываць на большую «стабільнасць» у эканоміцы, у тым ліку і ўтрымліваць курс долара.

«То бок не будзе ніякіх такіх шокавых сітуацый, калі ў нас, напрыклад, курс долара будзе падскокваць да чатырох рублёў за долар у моманце з-за таго, што нейкая кампанія вывела ўсе свае актывы з краіны або дывідэнды і прыбытак вывела ў іншую краіну, каб толькі не заставацца тут».

Паводле эксперткі, у Беларусі і так вельмі дрэнны інвестыцыйны клімат, таму мала хто хоча інвеставаць у нашую краіну, калі казаць пра рэальныя грошы, бо цяпер вельмі вялікія рызыкі незвароту гэтых інвестыцый. Таму гэты ўказ, па словах Алісы Рыжычэнкі, ні на што не можа паўплываць, каб глабальна паправіць сітуацыю.

«Ужо і так усё дрэнна. І, у прынцыпе, тыя інвестары, якія ёсць, – гэта акурат беларускія інвестары, якія арганізавалі і аформілі сабе кампаніі за мяжой, і рэінвестуюць праз замежныя кампаніі ў Беларусь».

«Кропляй у моры для беларускай эканомікі» экспертка называе і магчымыя інвестыцыі з Расеі, Кітаю ці афрыканскіх краінаў, бо сур’ёзных грошай адтуль чакаць пакуль не даводзіцца.

Здымак вокладкі: Аліса Ганчар / Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў