Сталі вядомыя прозвішчы ўсіх 13 памілаваных палітвязняў


Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў палітычных зняволеных Віктара Каліноўскага з Берасця і Валера Лозу са Светлагорску. Таксама вызвалілі аршанцаў Максіма Шаўлінскага і Аляксея Коршуна, медсястру з Віцебску Юлію Кашавераву, Вадзіма Сычака з Бярозы ды Ігара Быкоўскіх, Яўгена Пашалюка, Яўгена Каральчука, Сяргея Рудзінскага, Аляксандра Баброва. Імёны іншых памілаваных пакуль не вядомыя.

Паведамляюць, што Віктара Каліноўскага ўжо вызвалілі. Валерый Лоза ляжаў у шпіталі з запаленнем вуха, але сёння да яго прыехалі з адміністрацыі ваўкавыскай «хіміі» і прапанавалі збірацца ды ехаць з імі ў пракуратуру, каб аформіць патрэбныя дакументы для вызвалення.

Палітвязень Віктар Каліноўскі.
Фота: spring96.org

Берасцеец Віктар Каліноўскі, асуджаны да 2,5 года «хіміі», адбываў пакаранне ў Шклоўскай папраўчай установе адкрытага тыпу № 49. Яго асудзілі паводле ч. 2 арт. 339 («Зацятае хуліганства») Крымінальнага кодэксу за надпісы на некалькіх прыпынках і гандлёвым шапіку ў Берасці.

Валерый Лоза на судзе. Светлагорск. 15 студзеня 2021 года.
Фота: palesse.press

Жыхара Светлагорску Валера Лозу вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім абавязкаў (арт. 369 Крымінальнага кодэксу). Суд прызначыў Валеру Лозу 2,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Пакаранне палітвязень адбываў у Ваўкавыску.

Паводле звестак праваабаронцаў, вызвалены таксама аршанец Максім Шаўлінскі.

Максім Шаўлінскі.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

33-гадовага Максіма Шаўлінскага асудзілі на два гады «хіміі» за паклёп (арт. 188 КК), мусіў выплаціць «пацярпеламу» 1000 рублёў.

Мужчыну затрымалі 24 ліпеня 2021 года. Абвінавацілі ў паклёпе на міліцыянта Вішнеўскага ў працоўным чаце гандлёвай кампаніі. За той чат таксама асудзілі на 1,5 года «хіміі» Арцёма Кандрацьева. Максім выхоўвае чацвярых дзяцей, малодшай дачцэ на момант суда не споўнілася і двух месяцаў – яна нарадзілася, калі Максіма затрымалі першы раз.

Сярод памілаваных – палітзняволеная медсястра з Віцебску Юлія Кашаверава, якую асудзілі да 1,5 года калоніі.

Юлія Кашаверава.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Палітвязня Вадзіма Сычака з Бярозы, асуджанага да 1 года «хіміі» за разбітае шкло ў аўтобусе 10 жніўня ў Бярозе (арт. 339 КК), пераводзяць на «хатнюю хімію», паведамляюць праваабаронцы.

Памілавалі і 56-гадовага Ігара Быкоўскіх. Яго асудзілі на 1,5 года «хіміі» за нібыта абразу прадстаўніка ўлады. Мужчыну затрымалі 5 траўня 2021 года. Абвінавацілі ў абразе міліцыянта ў Telegram-канале. Падрабязнасці справы невядомыя, але сцвярджаюць, што абраза была звязаная са збіваннем тым міліцыянтам цяжарнай жанчыны.

Памілавалі 31-гадовага Яўгена Пашалюка. Ён быў асуджаны на 2 гады «хіміі» за нібыта абразу суддзі (арт. 391 КК).

Яўгена затрымалі 3 ліпеня 2021 года. Вінавацілі ў тым, што непахвальна выказваўся пра берасцейскага суддзю ў Telegram. Некалькі гадоў таму Пашалюка вінавацілі ў дарожным здарэнні, прысудзілі штраф, аднак ён абскарджваў рашэнне і дайшоў нават да Вярхоўнага Суда, але рашэнне пакінулі ў моцы.

Яўген Каральчук.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Яўген Каральчук са Століна адбываў пакаранне ў ПУАТ № 46, а Сяргей Рудзінскі ў ваўкавыскай ПУАТ № 29. Яны былі асуджаныя паводле артыкулаў, якія прадугледжваюць пакаранне за здзек з дзяржаўных сімвалаў, абразу прадстаўніка ўлады і абразу суддзі.

Палітвязень Аляксандр Баброў.
Фота: spring96.org

38-гадовы рабочы жлобінскага БМЗ Аляксандр Баброў быў асуджаны на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму за нібыта арганізацыю ці рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Разам з Бабровым тады асудзілі яшчэ двух чалавек: Ігара Поварава і Яўгена Говара, на тры гады калоніі агульнага рэжыму. Пра іхнае вызваленне пакуль не паведамлялі.

Баброва затрымалі 1 лютага 2021 года. Яго абвінавацілі ў тым, што разам з іншымі рабочымі БМЗ 17 жніўня 2020 года перакрыў дарогу для тэхналагічнага транспарту на тэрыторыі заводу на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў. Баброў прызнаў віну. Заводу скампенсавалі страты, 1088 рублёў і 50 капеек.

Памілаваны палітзняволены Аляксей Коршун, якога асудзілі за распальванне сацыяльнай варожасці.

Аляксей Коршун – жыхар Воршы, затрыманы 31 сакавіка. Вядома, што яго асудзілі да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму за каментары ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу («Распальванне сацыяльнай варожасці»).

Аляксей Коршун.
Фота: spring96.org

На волю выйшаў Яўген Говар – былы супрацоўнік Беларускага металургічнага заводу ў Жлобіне. Яго судзілі разам Аляксандрам Бабровым, якога таксама сёння памілавалі, па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Говар разам з іншымі працаўнікамі БМЗ перакрыў дарогу для тэхналагічнага транспарту на тэрыторыі заводу.

Яўген Говар.
Фота: spring96.org

Таксама на волю выйшаў памілаваны Яўген Рапін, які падчас «Маршу вызвалення палітвязняў» ударыў па камеры відэаназірання на Акрэсціна. Палітзняволенага Яўгена Рапіна асудзілі да 3 гадоў «хіміі» па арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Яўгена абвінавацілі ў тым, што ён удзельнічаў у акцыі пратэсту 4 кастрычніка і ўдарыў па камеры відэаназірання каля ізалятара на Акрэсціна. У Рапіна трое непаўналетніх дзяцей. Пакаранне ён адбываў у Мазыры.

«Не паверу, пакуль не прыеду дамоў і не абдыму жонку»

Адзін з памілаваных расказаў «Белсату», што ўжо афармляе дакументы і сёння выпраўляецца дамоў. Вызваленне для яго было нечаканым: падняўся ранкам, пайшоў на працу на «хіміі» – і а 10:00 яму патэлефанавалі і сказалі збіраць рэчы:

«Шок! Я не зразумеў спачатку, што і куды. А як сталі тлумачыць паціху, радасць была. Я ў шоку! Пакуль не прыеду дамоў і не абдыму жонку, яшчэ не зразумею, напэўна, што ўжо ўсё. Не верыцца».

Гэты палітвязень пісаў ліст пра памілаванне «кругламу сталу» Юрыя Васкрасенскага. Але з сотні чалавек у «спісах Васкрасенскага» вызваляюць цяпер толькі 13. Мужчына, які размаўляў з «Белсатам», мяркуе, што яго вызвалілі, бо ён мае малых дзяцей. Ад ліста Васкрасенскаму ён не чакаў вызвалення, была хіба лёгкая надзея, і вязень пастанавіў паспрабаваць.

Палітвязню заставалася быць на «хіміі» больш як год, яго пакаралі за каментар у сацсетках на адрас сілавіка.

  • 15 верасня дзяржаўнае тэлебачанне паведаміла, што Лукашэнка напярэдадні гэтак званага Дня народнага адзінства падпісаў указ аб памілаванні 13 асуджаных. Іхных імёнаў не называлі.
  • Намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс распавяла ў эфіры «Беларусь 1», што большасць памілаваных «здзейснілі злачынствы праз інтэрнэт і шчыра раскайваліся». Але былі асуджаныя за хуліганства або ўдзел у масавых беспарадках. У дзевяці з трынаццаці памілаваных ёсць няпоўнагадовыя дзеці.
  • Праваабаронцы лічаць такі пераслед палітычна матываваным і наагул заклікаюць скасаваць крымінальныя артыкулы за абразу дзяржавы, дзяржаўнай сімволікі і службовых асобаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў