Дзвюх расейскіх журналістак і адну актывістку спрабавалі атруціць у розных краінах Еўропы


Расейскае выданне «The Insider» расказала вечарам 15 жніўня аб серыі атручванняў грамадзянак Расеі за межамі краіны: адну журналістку атруцілі ў Нямеччыне, другую – у Грузіі, яшчэ адну актывістку – у Чэхіі. Яшчэ два падазроныя выпадкі не пацвердзіліся.

Бутэлька з-пад атруты
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pxfuel.com

Алена Касцючэнка – колішняя журналістка цяпер закрытай «Новой газеты». 24 лютага 2022 года, у першы дзень поўнамаштабнай вайны ва Украіне, яна паехала ў зону баявых дзеянняў: зрабіла рэпартажы з мяжы, з Адэсы і Мікалаева, з акупаванага на той момант Херсону. Сваю гісторыю журналістка падрабязна расказала на «Медузе», дзе працуе цяпер.

Пасля закрыцця «Новой газеты» праз месяц з пачатку ўварвання яна вырашыла, што ўсё роўна зробіць для некага іншага рэпартаж з Марыупалю, за які тады яшчэ ішлі баі. Але выявілася, што пра ейныя планы ўжо ведалі расейскія спецслужбы, ейныя размовы праслухоўвалі – крыніцы папярэдзілі яе, што кадыраўцы (чачэнскія байцы Расгвардыі, фактычна прыватная армія кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава) маюць загад забіць яе. Калегі адгаварылі яе ехаць у Марыупаль – яна выехала ў Еўразвяз, жыла ў Нямеччыне, пачала супрацу з «Медузай» і збіралася ў камандзіроўку ў Іран.

18 кастрычніка 2022 года яна ездзіла ў Мюнхен, каб падаць дакументы ў консульства, абедала з сяброўкай у рэстаране. Як цяпер згадвае Касцючэнка, падчас абеду да століка падыходзілі знаёмыя той сяброўкі, а ежа ёй здалася нясмачнай – палову пакінула на талерцы. Неўзабаве па абедзе сяброўка заўважыла, што ад журналісткі кепска пахне – выявілася, што яна моцна пацела, але пах быў непадобны да поту. Пазней Касцючэнка пачала кепска арыентавацца ў прасторы, адчувала стому. На наступную раніцу ў яе пачаў балець жывот вышэй за страўнік, кружылася галава, пачалася бессань, рвота.

Пасля доўгіх і беспаспяховых аналізаў нямецкія лекары дапусцілі, што Касцючэнку атруцілі – угаварылі звярнуцца ў паліцыю, здаць аналізы на таксіны ў славутай клініцы «Charité». Дзіўным чынам аналізы крыві раз за разам не атрымліваліся, 20 лютага 2023 года паліцыя сказала адвакату, што прайшло ўжо зашмат часу, у крыві не застанецца слядоў таксіну, калі такі быў. 2 траўня справу закрылі, але ў ліпені аднавілі для новых аналізаў. Крыніцы «The Insider» заяўляюць, што аналізы раней усё ж правялі, а вынікі схавалі. Апытаныя выданнем лекары і эксперты ў атрутах сцвярджаюць, што сімптомы журналісткі могуць сведчыць толькі пра вонкавае атручванне.

Разбор
Не толькі Навальны? Хто ў Расеі ў апазіцыі да Пуціна
2023.02.14 07:01

Ірына Баблаян – журналістка выдання «Эхо Москвы». У сярэдзіне кастрычніка 2022 года яна пераехала ў Тбілісі, пасялілася ў гатэлі. 25 кастрычніка яна адчула сябе блага, на наступны дзень праявіўся так званы далонева-падэшвенны сіндром: далоні і ступні нібы гарэлі. Нягледзячы на гэта, яна выправілася ў Ерэван, куды збіралася раней, але ў машыне ёй стала зусім кепска, «мазгі замуціліся». Ужо ў гатэлі ў Ерэване ў яе моцна забалеў жывот над страўнікам, як у Касцючэнкі. Пазней з’явіліся – і не перастаюць з’яўляцца дагэтуль – чырвоныя плямы на целе, як пры крапіўніцы.

Адразу па з’яўленні сімптомаў журналістка не здавала аналізаў на таксіны, правяралася толькі на алергію. Праз некалькі месяцаў у Берліне яна ўсё ж здала кроў на таксікалагічны аналіз. Але вынікаў аналізаў яна таксама не дазналася – у «Charité» ёй заявілі, што аналізы згубіліся. Як і ў выпадку з Касцючэнкай, апытаныя «The Insider» эксперты лічаць, што гэткія сімптомы могуць сведчыць толькі пра атручванне.

Наталля Арно – прэзідэнтка фонду «Свободная Россия», які займаецца падтрыманнем актывістаў і журналістаў, а таксама рыхтуе аналітыку, у тым ліку адносна распрацоўвання санкцыяў. 2 траўня 2023 года ў Празе яна брала ўдзел у непублічнай і неанансаванай падзеі, пасля якой вярнулася ў гатэль – дзверы ў нумар аказаліся адчыненымі, у нумары быў незвычайны пах (нібыта парфумы), але ў гатэлі не надалі гэтаму ўвагі – сказалі, што пакаёўка магла забыць зачыніць дзверы пасля прыбірання.

Наступным ранкам Арно прачнулася ад моцнага болю, асабліва балелі зубы і язык, затым боль пачаў «блукаць» па ўсім целе, у роце пачаў адчувацца «мінеральны» смак, нямелі рукі і ногі, у вачах плыло. Нягледзячы на гэта, актывістка не звярнулася да лекараў у Празе, а паляцела ў Вашынгтон, дзе жыла, і там звярнулася да лекараў. Аналізы крыві яна здала ўжо 4 траўня, справай заняліся праваахоўнікі. Дакладныя вынікі таксікалагічнага аналізу невядомыя, але лекары лічаць, што Арно была атручаная нейратаксічным рэчывам, падобным да вядомай атруты «Новичок», якую раней выкарыстоўвалі супраць праціўнікаў рэжыму Уладзіміра Пуціна, у тым ліку супраць Аляксея Навальнага.

Арно згадвае, што падобнае здарылася з ёю ў канцы ліпеня 2021 года ў Вільні: яна адчула дзіўны пах, падобны да парфумы, у гатэльным нумары, а потым у яе паднялася тэмпература, пачалася слабасць, па ўсім целе пачалася высыпка.

Раней пра магчымае атручванне ў Берліне заяўляла расейская апазіцыйная актывістка Любоў Собаль, але апытаныя «The Insider» эксперты кажуць, што сімптомы, якія жанчына апісвае, не могуць быць патлумачаныя атручваннем. Таксама пра магчымае атручванне чатыры разы казала расейская актывістка Эльвіра Віхарава, але ў ейных гісторыях знайшлі нестыкоўкі, а адзін з апублікаваных ёй дакументаў аб выніках аналізаў выявіўся скрыншотам навуковага артыкулу 2012 года.

З чым звязаныя атручванні Касцючэнкі, Баблаян і Арно, «The Insider» не піша агулам, але адзначае, што ад «Новой газеты» патрабавалі выдаліць матэрыялы Касцючэнкі пра вайну, а Арно займалася тэмай санкцыяў, як і застрэлены ў 2015 годзе апазіцыйны лідар Барыс Нямцоў і атручаны «Новичком», а цяпер зняволены журналіст Уладзімір Кара-Мурза.

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў