10 мабільных праграмаў, каб вучыць беларускую мову


«Белсат» паглядзеў, якія праграмы прапануюць вывучэнне беларускай мовы. Знайшлося нямала кепскіх прыкладаў, некалькі неблагіх і некалькі даволі добрых.

Смартфон чытае кнігі
Смартфон чытае кнігі. Малюнак згенераваны нейрасеткай. Выява: Dall-E / Bing.com

Існуе нямала праграмаў, якія дапамогуць вывучыць замежныя мовы весела і захапляльна, нават у фармаце гульні. Вядомы прыклад – мэмная праграма «Duolingo», якая дае бясплатна вывучаць чатыры дзясяткаў моваў, нават фантастычныя клінгонскую і валірыйскую з сусветаў «Зорнага шляху» і «Гульні тронаў». Толькі беларускай у гэтым спісе няма. Няма беларускай мовы і ў папулярных праграмах кшталту «Babbel» ці «Rosetta Store».

А дзе ёсць? Пашукалі – знайшлі шмат прыкладаў таго, як рабіць не трэба, і значна менш таго, што не сорамна парэкамендаваць. Найлепшыя праграмы не падобныя да «Duolingo», але дапамогуць вучыць мову па-іншаму. Згаданыя ніжэй праграмы даступныя на Android і iOS, калі не пазначана іншае.

Кепскія прыклады

Калі шукаць праграмы вывучэння беларускай мовы на Android-смарофон у «Google Play Store», знойдзецца шмат сабраных «на каленцы» праграмаў, якія выкарыстоўваюць сэрвіс перакладаў «Google Translate» і генераваны камп’ютарам голас для агучвання словаў. Звычайна яны падкрэсліваюць сваю «беларускасць» чырвона-зялёным сцягам» або нават чырвона-зялёным інтэрфейсам.

Прыклады кепскіх праграмаў
Прыклады кепскіх мабільных праграмаў для вывучэння беларускай мовы: няякасная агучка робатамі, памылкі ў словах, непрыемны інтэрфейс. Калаж: Белсат

Сярод такіх антыпрыкладаў – Android-праграма «Learn Belarusian | Belarusian». У ёй можна паглядзець спіс словаў і фразаў з агучкай робатам, прайсці просценькі тэст. І даведацца, што «стеллаж для книг» гэта «кніжная полка» (а не паліца), а «зарадка» гэта «acrobatics». Памылкі будуць і ў вымаўленні робата. Даведацца, што праграма мае памылкі такога ўзроўню, можна толькі на практыцы: у «Play Store» яна мае адзнаку 4,8 зорачкі з 5. Хіба можа насцярожыць не самы прыгожы інтэрфейс.

Але і праграмы з нібыта прыстойным інтэрфейсам могуць мець агучку робатам і памылкі ў словах. Напрыклад, «Bluebird» навучыць вас, што цыбуля па-беларуску не «цыбуля», а «лук». А «17 Minute Languages» навучыць вас трасянцы: вітацца словам «прывет» і развітвацца словам «пака».

Пры тым праграмы з памылкамі могуць быць нават платнымі. Так, за $ 17 на месяц можна купіць падпіску на праграму «Glossika», «у якёй» (як кажа голас агучкі словаў) вас навучаць, як «абвінавачыць ураду». Цытуючы адзін з урокаў гэтай праграмы: «Судзя па ўсяму, яе кошак загінуў у агню».

Прымальныя варыянты

Steps in 50 languages
Мабільная праграма «Steps in 50 languages». Калаж: Белсат

Сярод падазроных праграмаў трапляюцца збольшага някепскія і ў нечым падобныя да «Duolingo», як то «Steps in 50 languages». У ёй таксама ёсць памылкі машыннага перакладу (як то «крэсла-пампавалка», якое насамрэч не пампуе, а гушкае) і памылкі ў агучцы робатам (як то «хто вы́йграе» там, дзе мусіць быць «хто выйграе́»), але колькасць памылак параўнальна невялікая. Праграма дае паглядзець спіс словаў і фразаў з перакладам на самыя розныя тэмы, паспрабаваць уставіць прапушчаныя словы ці знайсці правільны парадак словаў, згуляць у простыя гульні на запамінанне ці значэнне словаў. Яна бясплатная і дае вывучаць беларускую праз любую іншую мову са спісу – хоць праз украінскую, хоць праз эсперанта.

Clozemaster
Мабільная праграма «Clozemaster». Калаж: Белсат

Бясплатна можна згуляць таксама ў «Clozemaster», у якой трэба выбраць прапушчанае слова з чатырох варыянтаў. Праўда, вучыць беларускую там можна толькі праз ангельскую, а сярод беларускіх часам трапляюцца словы з іншых моваў (асабліва часта tatoeba – напісанае лацінкай японскае слова, якое значыць «напрыклад»).

MemRise
Сайт «MemRise», у мабільных праграмах якога беларуская мова чамусьці недасяжная. Скрыншот: memrise.com

Бясплатныя ўрокі з запамінаннем і адгадваннем беларускіх словаў можна прайсці ў «MemRise» Ды гэтыя ўрокі створаныя самімі карыстальнікамі сэрвісу – няма гарантыі, што экспертамі, агучкі словаў у праграме няма. На момант публікацыі з невядомых прычынаў у мабільных аплікацыях нельга знайсці ўрокі па беларускай мове, але яны застаюцца дасяжнымі на сайце. Застаецца спадзявацца, што гэта выправяць.

LinGo
Мабільная праграма «LinGo». Калаж: Белсат

«LinGo» за $ 20 на месяц дае простыя ўрокі з нязначнымі памылкамі і некаторымі русізмамі, але дае бясплатна згуляць у адгадванне словаў па карцінках з камп’ютарам або жывым апанентам (а сярод апанентаў трапляюцца людзі з усяго свету – ад Украіны да Паўднёвай Карэі). Выбар моваў інтэрфейсу таксама даволі шырокі.

LingQ
Мабільная праграма «LingQ». Калаж: Белсат

Не самы забаўляльны, але даволі надзейны спосаб вывучыць беларускую мову прапануе «LingQ»: гульняў там няма, трэба проста чытаць або слухаць тэксты, глядзець і запамінаць пераклад словаў. І можна слухаць сапраўдныя аўдыякнігі або інтэрв’ю з расшыфроўкай тэксту, чытаць сапраўдныя свежыя навіны з «Нашай нівы», «Еўрарадыё» і радыё «Свабода». Толькі пераклад словаў бярэцца з «Google Translate» (а там ён не заўсёды дакладны). Колькасць словаў, пераклад якіх можна паглядзець, у бясплатнай версіі – 20 на дзень, безліміт на словы каштуе $ 13 за месяц або $ 108 за год. Затое сцяжок Беларусі ў праграме – бел-чырвона-белы.

Найлепшыя праграмы

UTalk
Мабільная праграма «UTalk». Калаж: Белсат

Найлепшая з падобных да «Duolingo» – «UTalk». У ёй словы агучаныя, падобна, жывым чалавекам або вельмі добрым робатам, а вывучаць беларускую мову можна хоць праз гэльскую ці тамільскую. Можна праслухаць фразы і паспрабаваць іх паўтарыць, можна пашукаць адпаведныя словам выявы, можна паглядзець на карцінку з подпісам на адной мове, паспрабаваць сказаць гэтае слова па-беларуску і параўнаць сваё вымаўленне з правільным. Тэмы – ад ежы і колераў да спорту і вайны, значных памылак не відаць. Ды праграма платная: каля $ 25 за поўны курс адной мовы.

Lemantar
Мабільная праграма «Lemantar». Калаж: Белсат

Прасцейшая, але бясплатная гульня для Android – «Лемантар». Яе стварыў гарадзенец, каб навучыць малодшага сына чытаць перад школай. Гульня простая, але можа быць цікавая і дарослым: трэба суадносіць карцінкі са словамі, разбітымі на групы або паводле тэмаў, або паводле літараў у словах.

Слоўнік з Зубрыкам
Мабільная праграма «Слоўнік з Зубрыкам». Калаж: Белсат

У распрацоўцы падобная бясплатная гульня, але скіраваная на самых маленькіх: «Слоўнік з Зубрыкам». На момант публікацыі яна яшчэ не гатовая, але можна паглядзець на чарнавую версію для Android – і даць дзецям панаціскаць на малюнкі з подпісамі і паслухаць, як гучаць словы.

MovaPro
Мабільная праграма «Мова прафесіі». Калаж: Белсат

Для дарослых, якім беларуская мова спатрэбіцца ў працы, ёсць бясплатная праграма «Мова прафесіі». У ёй можна не толькі паслухаць і запомніць фразы, патрэбныя прадаўцу ў краме або айцішніку ў працы з базамі звестак, але і атрымаць сертыфікат і пазнаку на мапе беларускамоўных кампаніяў.

Tandem
Мабільная праграма «Tandem». Калаж: Белсат

Самы непадобны да «Duolingo» сэрвіс, які дапаможа вывучыць беларускую мову, гэта «Tandem». У ім трэба проста размаўляць з жывымі носьбітамі мовы, якія самі хочуць навучыцца замежным мовам. Напрыклад, Вольга з Берасця размаўляе на расейскай, беларускай і ангельскай мовах, а хоча вывучыць іспанскую, японскую і польскую. А вось паляк Пшэмыслаў, які размаўляе па-польску, па-французску і па-англійску, хоча вывучыць беларускую, партугальскую і ўкраінскую. Яны могуць пачаць перапіску між сабою, перайсці да відэаразмоваў, а тое і схадзіць у галасавы чат да ўкраінца Васіля, які ўжо вывучыў беларускую і шукае суразмоўцаў – або пайсці паслухаць партугальскамоўных.

І яшчэ

Бясплатныя онлайн-урокі беларускай мовы прапануе сайт праекту «Мова нанова». Праект не мае мабільных праграмаў, але нармальна працуе ў мабільных браўзерах. А яшчэ на «Белсаце» рэгулярна выходзіць перадача «Мова нанова» – гэта не ўрокі, а размовы на моўныя тэмы з самымі рознымі людзьмі: ад прадстаўнікоў офісу Святланы Ціханоўскай да прафесійнай цырульніцы або беларускамоўных палякаў з Віленшчыны.

Пры вывучэнні беларускай мовы не лішнімі будуць слоўнікі. Вялікую калекцыю з амаль сотні апрацаваных слоўнікаў з магчымасцю пошуку па іх мае сайт Slounik.org. Доступ да яго і некалькіх іншых сайтаў дае таксама Android-праграма «Slounik». А папулярны беларуска-расейскі онлайн-слоўнік Skarnik.by мае ўласную праграму для iOS.

Вядома, вывучаць беларускую мову дапамогуць кнігі, музыка і фільмы па-беларуску. Кнігі можна купіць тут. Паслухаць музыку можна, напрыклад, на нашым музычным Youtube-канале або на «Еўрарадыё» ці радыё «Рацыя». Мы слухаем вось такую музыку:

Агляд
Што мы слухалі ў 2022 годзе: ад «Стэфаніі» да «Rammstein»
2023.01.01 11:00

Паглядзець фільмы можна проста ў нашым эфіры – або можна паглядзець гістарычныя перадачы і дакументальныя фільмы «Белсату» на асобных Youtube-каналах. Калі мала нашых перадач, то на радыё «Свабода» выходзіць выдатная перадача «Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам».

Некалькі фільмаў і серыялаў па-беларуску ёсць таксама бясплатна на сайце «Лагодны цмок» і ў платным сэрвісе «Voka». Мультфільмы па-беларуску ёсць на сайце «Гаварун», анімэ з агучкай па-беларуску або з беларускімі субтытрамі публікуе «Анібел».

Няцяжка будзе знайсці і настаўніка беларускай мовы, каб займацца онлайн за пэўную плату. Магчыма, дастаткова будзе спытаць у сяброў на Facebook, ці ведаюць яны такога настаўніка. Калі сябры не падкажуць, можна спытаць пра настаўніка ў Facebook-суполцы «Толькі пра мову». Або можна знайсці настаўніка на сайце Itaki.com – там можна паглядзець прэзентацыі настаўнікаў і каментары іхных вучняў, расцэнкі і расклады.

Ведаеце іншыя праграмы, якія дапамогуць вывучыць беларускую мову? Напішыце нам пра гэта ў Telegram праз @BelsatBot!

Hавiны
Ці размаўляюць нейрасеткі па-беларуску? Зладзілі спаборніцтва між «ChatGPT», «ChatSonic», «Bard» і «Bing»
2023.04.15 11:25

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў