ЕБРР працягвае чакаць падзення ВУП Беларусі ў 2023 годзе


Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) прагназуе, што эканоміка Беларусі ў 2023 годзе працягне сваё падзенне. І гэта пры тым, што іншыя прагнозы прадказваюць рост беларускага ВУП.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле ацэнкі ЕБРР, беларуская эканоміка сёлета скароціцца на 1 %, а ў 2024 годзе вырасце на 1,3 %. Але і гэты рост застаецца пад «значнымі рызыкамі зніжэння».

«Шырокамаштабныя санкцыі, уведзеныя ў выніку шчыльнай супрацы Беларусі з Расеяй, абмяжоўваюць бізнес-актыўнасць і экспартныя магчымасці. У выніку ў 2022 годзе ВУП скараціўся на 4,7 %. Падзенне было шырокамаштабным і закранула звычайна ўстойлівы сектар інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў пасля гадоў нязменна высокага росту ў ім. Нявызначанасць, якая ўзнікла ў выніку вайны ва Украіне, а таксама экспартных і фінансавых абмежаванняў, спрычынілася да істотнага скарачэння інвестыцыяў і чыстага экспарту. Гадавая інфляцыя знізілася да 6 % у сакавіку 2023 года дзякуючы кантролю над цэнамі і моцнаму эфекту базы. Паколькі эканоміка паступова прыстасоўваецца да абмежавальных вонкавых умоваў, спад ВУП запаволіўся да 2,1 % у гадавым вылічэнні ў першым квартале 2023 года», – гаворыцца ў аглядзе.

Hавiны
Сусветны банк палепшыў прагноз беларускага ВУП. Але прызнаў, што Менск хавае статыстыку
2023.04.07 10:03

Разам з тым Міжнародны валютны фонд і Сусветны банк прагназуюць прырост беларускага ВУП у 2023 годзе на 0,6-0,7 %, а Еўразійскі банк развіцця – на 0,3 %. Даследчы цэнтр BEROC не выключае, што рост можа скласці і 2,5 %.

Згодна з найважнейшымі параметрамі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2023 год, рост ВУП запланаваны ў памеры 3,8 %. За першы квартал беларуская эканоміка скарацілася на 2,1 %.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў