Вярхоўны Суд пакінуў без зменаў прысуд палітзняволенаму журналісту Зянкову


Суддзя Вярхоўнага Суда Таццяна Васілевіч пастанавіла, што суд першай інстанцыі слушна прыгаварыў барысаўскага фатографа і відэааператара-фрылансера Аляксандра Зянкова да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пра гэта паведамілі ў Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Аляксандр Зянкоў.
Фота: spring96.org

Вярхоўны Суд пакінуў апеляцыйную скаргу Зянкова без задавальнення, а ранейшае судовае рашэнне – без зменаў.

Аляксандр Зянкоў працаваў у Барысаве фатографам. Таксама здымаў дакументальныя стужкі, супрацоўнічаў з незалежнымі выданнямі ў якасці фрылансера. Некалькі разоў яго за гэта затрымлівала міліцыя.

Чарговы раз Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 года ўдома ў Барысаве. Пасля ператрусу яго павезлі ў Менск і 10 дзён трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. У гэты час яго абвінавацілі ў спрыянні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання за відэаздымкі, паказаныя на «экстрэмісцкім» інтэрнэт-рэсурсе. Доказы гэтага нібыта знайшлі ў канфіскаванай у яго тэхніцы. Затым Зянкова перавялі ў СІЗА № 1 у Менску.

30 студзеня 2024 года суддзя Менскага гарадскога суда Жанна Брысіна прызнала Зянкова вінаватым ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу) і прысудзіла яму тры гады калоніі.

Праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітычным вязнем.

Цяпер журналіста ўтрымліваюць у магілёўскім СІЗА, і там ён, найхутчэй, застанецца да адпраўкі на месца адбывання прысуду. За кратамі Зянкоў правёў ужо амаль 10 месяцаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў