Перамовы пра вызваленне Пачобута і медыкі-экстрэмісты. Рэпрэсіі 16 красавіка


«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў у дачыненні да беларусаў з боку рэжыму, які спачатку прайграў прэзідэнцкія выбары 2020 года, а затым уцягнуў краіну ў вайну з суседзямі.

Акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам у Беластоку.
Фота: Белсат

15 красавіка ў Варшаве прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сустрэўся з лідарамі Саюзу палякаў у Беларусі: Анджэлікай Борыс і Марэкам Занеўскім. Падчас сустрэчы Борыс паведаміла пра спатканне з палітзняволеным журналістам Анджэем Пачобутам у наваполацкай калоніі, дзе той адбывае тэрмін. Адбылося спатканне з асабістай згоды Аляксандра Лукашэнкі, але ніякіх акалічнасцяў і падрабязнасцяў не агучваецца. На думку аналітыка Аляксандра Класкоўскага, выглядае на тое, што зараз адбываюцца закулісныя перамовы ў справе вызвалення Пачобута на найвышэйшых узроўнях. Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка для вызвалення палітвязняў прапанаваў «адказаць на ціск Лукашэнкі яшчэ большым ціскам, падключаючы Кітай да развязання праблемы з Лукашэнкам – цалкам абразаючы таварныя зносіны з Беларуссю, у тым ліку чыгуначныя».

Суддзя Вярхоўнага суда Таццяна Васілевіч пастанавіла, што суд першай інстанцыі слушна прыгаварыў барысаўскага фатографа і відэааператара-фрылансера Аляксандра Зянкова да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вярхоўны Суд пакінуў апеляцыйную скаргу Зянкова без задавальнення, а ранейшае судовае рашэнне – без зменаў.

Уночы сілавікі прыйшлі шукаць праваабаронцу, былога палітвязня Леаніда Судаленку ў яго беларускую кватэру – праваабаронца з’ехаў з краіны мінулым летам. Сам праваабаронца 16 красавіка знаходзіўся ў Еўрапейскім парламенце.

16 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся суд паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Абвінавачаныя – адразу пяцёра чалавек. Сярод іх, мяркуючы па імёнах па бацьку, – два браты: Яўген і Аляксандр Юрэвічы. Таксама судзяць Аляксандру Юрэвіч. Разам з імі паводле гэтага ж артыкулу абвінавачваюць Анжаліку і Дзяніса Лагуновых. Падрабязнасці справы невядомыя. Яе разглядае суддзя Дзмітрый Карсюк, вядомы ўдзелам у палітычна матываваных крымінальных справах.

Да палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк 15 красавіка зноў не пусцілі адваката. Ужо чатыры месяцы абаронцу не даюць сустрэцца з палітзняволенай, хаця яна ўжо даўно напісала адпаведную заяву для гэтага.

29-гадовага жыхара Жлобіна Арцёма Насановіча асудзілі да двух гадоў калоніі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020-м. Справу разглядала суддзя Святлана Андрэева.

Як сталася вядома, 27 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Горадні асудзілі мясцовага жыхара Юрыя Ваўчкевіча. Яго прызналі вінаватым у «абразе» Лукашэнкі і асудзілі на год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у тым, што нібыта з мэтай «прычынення шкоды аўтарытэту» Лукашэнкі выказаўся нецэнзурна пра яго ў прысутнасці чатырох міліцыянтаў.

А 21 сакавіка ў судзе Гарадзенскага раёну вынеслі прысуд Уладзіміру Мікулічу. Яго таксама прызналі вінаватым у «абразе» Лукашэнкі і асудзілі да двух гадоў «хіміі». Паводле абвінавачання, ён перапосціў у «Аднакласніках» некалькі публікацыяў, якія нібыта зневажалі палітыка.

58-гадовага механіка з Бярозы Сяргея Буваку асудзілі на тры гады «хіміі» за каментар пра Лукашэнку. Такі прысуд у судзе Бярозаўскага раёну вынесла суддзя Наталля Мінчанка. Дзяржабвінавачанне падтрымаў пракурор Аляксандр Круцько. Да суда мужчына знаходзіўся пад хатнім арыштам.

У Ваўкавыску 22 студзеня разглядзелі крымінальную справу супраць палітзняволенага Вадзіма Гусева, асуджанага раней за «абразу прадстаўніка ўлады». Гэтым разам яго паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі») суддзя Мікалай Сяргейка асудзіў яшчэ да аднаго года калоніі. Раней палітвязня змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ і адразу па прыбыцці ў калонію прызналі «злосным парушальнікам рэжыму».

«Беларускі фонд медычнай салідарнасці» прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». У пералік «экстрэмісцкіх фармаванняў» таксама ўнесенае «польскае структурнае падраздзяленне «Белыя халаты»». Паводле КДБ, дачыненне да Фонду маюць Лідзія Тарасенка, Станіслаў Салавей і Андрэй Ткачоў. «Экстрэмісцкім фармаваннем» таксама прызнаны чат «Волонтеры. Гомель». У якасці датычнага да яго асобы пазначаная – гэта палітзняволеная Алена Тоцкая. Яе затрымалі па абвінавачванні ў «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» 23 студзеня. Адпаведныя рашэнні КДБ прыняў 8 красавіка.

Цэнтр беларускай салідарнасці ў Варшаве зафіксаваў «факт перадачы асабістых дадзеных беларусаў, якія маюць дадатковую абарону ў Польшчы, у амбасаду Рэспублікі Беларусь». Паведамляецца, што звесткі перадалі польскія дзяржорганы, але гаворка не аб Упраўленні па справах замежнікаў. «Выпадкаў літаральна некалькі. І гэта памылкі асобных чыноўнікаў», – сказалі «Белсату» у ЦБС.

У Беларусі з 2020 года больш як 1200 палітвязняў ужо цалкам адбылі прызначаныя ім тэрміны, заявіла прадстаўніца ініцыятывы Politzek.me Іна Кавалёнак.

Hавiны
Politzek.me: Больш, чым 1200 асобаў ужо цалкам адсядзелі свае тэрміны
2024.04.16 18:53

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў