Беларускі спявак Ap$ent расказаў, як «дэстабілізаваў грамадска-палітычны лад» Расеі


Арсеній Кісляк, які запісвае музыку пад псеўданімам Ap$ent, у сакавіку прачнуўся зоркай: ягоная песня «Можно я с тобой» стала набіраць мільёны праслухоўванняў, бо «завірусілася» ў TikTok. Спявак расказаў пра стаўленне да папулярнасці і да забароны ў Расеі ў вялікім інтэрв’ю Аляксандру Івуліну на канале «ЧестнОк».

Хто такі Ap$ent

Арсеній Кісляк нарадзіўся ва Украіне, але калі яму быў год, разам з маці пераехаў з Харкава ў Магілёў. Бацька і брат засталіся ў Харкаве – нядаўна брату снарадам разнесла кватэру.

Цяпер Арсеній пазіцыянуе сябе як беларускага выканаўцу. Музыцы вучыўся сам, у 17 гадоў граў у панк-гурце «Crisis Creep», які аднойчы выступаў на канцэрце берасцейскіх панкаў «Дай дарогу!». Праўда, тады «Дай дарогу!» выступалі першымі, а на выступ гурта Арсенія засталося пяць чалавек.

Праект Ap$ent нарадзіўся яшчэ ўлетку 2018 года, тады ў сетцы з’явіліся першыя рэлізы музыкі. Першы гіт, песню «Мылю и молюсь» з крытыкаю ковід-дысідэнцтва кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, спявак запісаў для расейскага конкурсу «Карантиновидение». У 2020 годзе выдаў трэк «Песенка веселого белоруса», прысвечаны выбарам-2020.

Hавiны
Інтэрв’ю з аўтарам песні пра «дзядзьку Сашу і цётку Ліду», якога называюць новым «Ляпісам»
2020.07.14 13:52

Цяпер галоўны гіт Ap$ent’а – «Можно я с тобой». Як тлумачыў спявак, песня была пра ад’езд ягонай сям’і з Беларусі ў Грузію пасля рэпрэсіяў супраць ягонай жонкі – яе асудзілі на год абмежавання волі за «абразу Лукашэнкі» праз каментар пра арышт Рамана Пратасевіча ў тэлеграм-канале «Nexta». Музыка казаў, што «проста зарыфмаваў падзеі са свайго жыцця».

У расейскамоўным сегменце інтэрнэту песню зразумелі інакш: яе часта выкарыстоўваюць у сацсетках як фон для відэа пра ратаванне бадзяжных жывёлінаў. Сам музыка быў не супраць такой інтэрпрэтацыі. У інтэрв’ю Аляксандру Івуліну кажа: «Адчуў датычнасць да дабра ў гэтым свеце».

Як перажыў раптоўную звышпапулярнасць

За апошнія 28 дзён відэа з музыкай Арсенія набралі 463 млн праглядаў толькі на Youtube, пры тым 96 % праглядаў прыпала не на ягоны канал, а на іншыя, якія ўжывалі ягоныя песні. Унікальных гледачоў – 45,5 млн, час прагляду – 2,7 млн гадзінаў. А яшчэ ж ёсць іншыя пляцоўкі. Паказвае: у TikTok за месяц 54 млн пастоў з песняй «Можно я с тобой».

Гэта была радасць, але такая, якую цяжка перанесці, расказвае Арсеній. Кажа, толькі апошні тыдзень «у поўным адэкваце» і нармальна сябе адчувае. А да таго, маўляў, хадзіў «як леапард ад сінякоў», бо шчыпаў сябе, каб пераканацца, што гэта не сон. Адразу ж з’явіліся лэйблы, якія прапанавалі супрацу – дык спаў па 5-6 гадзінаў, бо чытаў дамовы і вёў перамовы…

«Я быў рэальна вельмі шакаваны, – прызнаецца Арсеній. – Першы час насамрэч я мала спаў, я вельмі моцна стрэсаваў. Быў нават момант, калі я плакаў нават».

Пазней у відэа Арсеній паказаў ліст, у якім яму прапануюць прасоўваць песню «Можно я с тобой» у Кітаі.

Жыве сціпла, а колькі зарабіў, яшчэ не ведае

Арсеній кажа, яго пазнаюць і ў Беластоку, дзе ён цяпер жыве і працуе. Паказвае Івуліну студыю ў сваёй кватэры: вось старая гітара, якую купіў у Грузіі, вось новая за 500–600 долараў, вось гукавая картка за 600, сінтэзатар за долараў 80, вось сшытак з тэкстамі. Тлумачыць, што яму непатрэбнае даражэзнае абсталяванне: у музыцы галоўныя пасыл, мелодыя, якая чапляе, і тэксты, зразумелыя людзям.

«Я нікому не скажу, колькі я зарабляю, – смяецца Арсеній. – Я пакуль яшчэ ў прынцыпе сам не ведаю, колькі зарабляю: мне ні авансы не дайшлі, ні сваіх справаздачаў не бачыў. Ну, шо-та зарабляю».

Калі Арсеній падчас запісу перадачы пайшоў граць на гітары ў беластоцкім парку, грошай яму накідалі зусім няшмат. Арсеній пасмяяўся: і сам не стаў бы кідаць драбязу «чуваку, у якога мільёны на Spotify».

З’ехаў з Беларусі, бо жонцы пагражала зняволенне

Арсеній згадвае, што першы год па выбарах ён разумеў, што за ягоныя песні «могуць пачацца праблемы», хоць і лічыць, што там «няма да чаго дакапацца». Дадае: «Але сам разумееш».

Ён упэўнены, што ніякіх законаў не парушаў, але ўсё роўна «шугаўся чорных варанкоў». Апісвае стан у Беларусі:

«З Новым годам вас, з 1937-м!»

Праз каментары на канале «Nexta» ледзь не пасадзілі жонку Арсенія. Сам канал у гэтым ён не вінаваціць, але заклікае берагчы людзей: маўляў, маглі б адключыць каментары ці папярэджваць пра небяспеку.

З’язджаць не планавалі нават пасля таго, як жонцы выставілі абвінавачванне. Адвакат пераконваў, што жонцы дадуць «хатнюю хімію» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Смяецца: змірыліся, бо гэта ж «нармальная хімія, хатняя, не якая-небудзь дзікая бяздомная хімія».

Але ўрэшце вырашылі з’ехаць, бо «гэта перабор». Цяпер удзячны лёсу за тое, што так склалася: не з’ехаў бы, не напісаў бы хітовую песню.

У сённяшняй Беларусі, разважае Арсеній, напэўна, можна пісаць нейкія песні, але гэта цяжка, «калі 80 % тэмаў забароненыя». Цяпер у Беларусі нармальна сябе пачуваюць хіба электронныя праекты, арыентаваныя на заходні рынак.

Першы забаронены «Раскамнаглядам»

Ap$ent стаў першым выканаўцам, якому расейскае «міністэрства цэнзуры», «Раскамнагляд», выпісала поўную забарону на творчасць. Ягоныя песні палічылі «матэрыяламі, якія дэстабілізуюць грамадска-палітычны лад». Нават украінскія выканаўцы кшталту «Океану Ельзи» ці «Бумбоксу» у Расеі не маюць такой забароны. Арсеній лічыць, што так сталася ў выніку нядобрасумленнай канкурэнцыі і кляўзаў, маніпуляванне «некрытычнымі розумамі патрыятычна настроеных расейцаў».

«Я пра што задумаўся: мо я проста найдабрэйшы з усіх? – смяецца ён. – Дабрыня, коцікі – вось гэта самае разбуральнае. Мо мы намацалі нейкае слабае месца».

Івулін адзначыў, што чытаў у каментарах, як дзякавалі «Раскамнагляду» за тое, што той адкрыў для іх такога выканаўцу сваёй забаронай.

Hавiны
Беларускага спевака Ap$ent заблакавалі ў Расеі на патрабаванне «Раскамнагляду»
2024.03.29 13:54

Журналіст паказаў спеваку іншыя каментары: у адных праўладныя каментатары даводзілі, што Арсеній кепскі, а ў адным з каментароў хтосьці пажартаваў, што ягоны галоўны гіт «прапагандуе нетрадыцыйныя каштоўнасці: каханне да жонкі важнейшае за любоў да Сонцападобнага».

Ap$ent – бо зорка Палын

Арсеній кажа, калі вырашыў сур’ёзна займацца музыкай, доўга думаў над назвай праекту. Спачатку разглядаў нейкія абрэвіятуры, не спадабалася. Потым стаў думаць пра нешта біблейскае ці міфалагічнае. Ехаў неяк у маршрутцы, перабіраў: вершнікі Апакаліпсісу, зорка Палын, якая труціць рэкі… Думка звярнула: экстракт гаркавага палыну – інгрэдыент абсенту.

Слова «абсент» яму вельмі спадабалася. Стаў згадваць, як пішацца: A-P-S… Падумаў: во, гэта ж амаль як Арсеній пішацца, буду Арсент-апсент!

Арсеній Кісляк (Ap$ent)
Спявак Арсеній Кісляк (Ap$ent) грае ў інтэрв’ю Аляксандру Івуліну. Беласток, Польшча. Красавік 2024 года.
Скрыншот: ЧестнОК-Live / Youtube

Праўда, назва напою пісалася не праз «п», а праз «б», ды ўсё роўна розных музыкаў-«абсентаў» было ўжо шмат. Таму вырашыў падпісвацца словам са значком $ замест S. А пра тое, што «абсент» пішацца не праз «п», нават не згадвае.

Пры ўсім вонкавым аптымізме аказваецца, што Арсеній з беларускай музыкі найбольш любіць даволі змрочны гурт «Петля пристрастия». Ды і зорка Палын, якая ўскосна дала назву ягонаму праекту, у беларускай медыяпрасторы мае асаблівае значэнне, асацыюецца з Чарнобыльскай катастрофай, бо адна з назваў звычайнага палыну – чарнобыльнік.

Hавiны
Ці можа штучны інтэлект напісаць «Тры чарапахі»? Мы праверылі, атрымалі чатыры варыянты
2024.04.09 20:58

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў