«Вясна»: Памочнік Мясніковіча Шадко ў СІЗА КДБ, яго затрымлівала ФСБ


Стала вядома, дзе трымаюць памочніка старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Дзмітрыя Шадко. Ён у следчым ізалятары КДБ.

Дзмітрый Шадко.
Фота: «Вясна» / Telegram / viasna96

16 сакавіка праваабаронцам стала вядомае месцазнаходжанне памочніка Міхаіла Мясніковіча Дзмітрыя Шадко – ён цяпер у следчым ізалятары Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі.

Таксама паведамляюцца падрабязнасці затрымання: гэта адбылося яшчэ 10 сакавіка ў Маскве, непасрэдна затрыманнем займаліся супрацоўнікі ФСБ. Шадко паспеў перадаць калегам, што да яго прыйшлі з гэтай расейскай спецслужбы. Амаль адразу пасля затрымання Дзмітрыя перавезлі ў Менск.

Аднак для прыкрыцця сваіх дзеянняў і пазбягання шуму ў медыях, які мог узнікнуць па факту затрымання памочніка старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі, супрацоўнікі ФСБ арганізавалі ў праўладных расейскіх медыях інфармацыйную кампанію пра нібыта знікненне Шадко. На той момант затрыманы ўжо быў у СІЗА КДБ ў Менску, пра што спецслужбы ведалі.

Паводле крыніцаў, на якія спасылаюцца праваабаронцы, затрыманне Шадко звязанае з ягонымі знаёмствамі. Ён асабіста ведае некаторых людзей, раней затрыманых у справе дыверсіі ў Мачулішчах.

Пра затрыманне Дзмітрыя Шадко стала вядома 14 сакавіка. Да гэтага яго тры дні не маглі знайсці родныя. Памочнік Мясніковіча быў затрыманы ў Маскве. Афіцыйна інфармацыя пра затрыманне і месцазнаходжанне Шадко не пацверджаная.

Апошняя пасада затрыманага – памочнік Міхаіла Мясніковіча, старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Да траўня 2019 года ён быў намеснікам міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі, яшчэ раней быў намеснікам міністра інфармацыі.

Hавiны
«Вясна»: Затрыманы памочнік Мясніковіча Дзмітрый Шадко
2023.03.14 12:25

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў