Крынж, скокі і вучэнні сілавікоў: як Беларусь рыхтуецца да адзінага дня галасавання


Вяртаючыся дадому пасля працы, беларусы знаходзяць у сваіх паштовых скрынях улёткі, з якіх паглядаюць чорна-белыя твары з выразам сур’ёзнасці, а то і суровасці. Пад партрэтамі – кароткія біяграфіі людзей, якія вырашылі пайсці ў беларускую палітыку. Вось тут настаўнік, тут – сакратар аддзялення БРСМ, а з адной улёткі, нахмурыўшы бровы, паглядае начальнік ЖКГ, якому якраз трэба выходзіць на заслужаную пенсію. У краіне хутка адзіны дзень галасавання, і ўлады робяць патугі, каб паказаць, што выбар ёсць.

Агітацыйны плакат на выбары. Па сацсетках разляцеўся «народны» варыянт з заклікам «Прогоним зажравшихся буржуйчиков!»

Калісьці даўно, у дарэвалюцыйныя часы, у асяродку палітычных актывістаў існавала меркаванне, што якраз на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў ёсць хоць нейкая магчымасць пагуляцца ў рэальную палітыку. Цяпер жа сярод кандыдатаў няма ніводнага прадстаўніка рэальнай апазіцыі, а тыя, што вылучаюцца, пішуць праграмы канцылярскаю мовай і асабліва не напружваюцца ў тым, каб штосьці давесці выбарнікам.

Каб хоць неяк паправіць перадвыбарчую атмасферу, якая хутчэй нагадвае скокі ў крэматорыі, улады арганізуюць «агітацыю».

Так, напрыклад, 12 лютага ў залі чакання на вакзале станцыі «Менск-пасажырскі» правялі канцэрт зорак беларускай эстрады. Ну як канцэрт – называлася мерапрыемства культурна-патрыятычнай акцыяй «Мы разам. Нас мільёны». Выступалі «Песняры», Алена Ланская, гурт «ByCity», шоу-балет «Феерыя». Падазраём, выступ быў валанцёрскім. На акцыю сагналі актывістаў БРСМ, працаўнікоў і ветэранаў Беларускай чыгункі. Нявольнымі слухачамі сталі таксама пасажыры, якія чакалі сваіх цягнікоў. Але, мяркуючы з фотаздымкащ з сайту Беларускай чыгункі, іх было вельмі няшмат.

Прапагандысты і кандыдаты ў дэпутаты ладзяць рэйды па дзяржаўных прадпрыемствах і арганізацыях Беларусі. Так, напрыклад, прапагандыст ОНТ Ігар Тур наведаўся на прадпрыемствы «Горадня Азот» і «БелАЗ». Размаўлялі, канешне ж, пра інфармацыйную бяспеку і так званых «экстрэмістаў». То бок, пра начныя кашмары прапагандыста. Але з такімі праблемамі варта ісці да спецыяліста, а не да працоўных.

Паглядзелі на некалькі такіх сустрэчаў з выбарцамі. Вось, напрыклад, кандыдатка ў дэпутаты са шпіталю. Манатонным невыразным голасам яна распавяла, як дзяржава дапамагае развязваць праблемы ў медыцыне і як яна хоча далучыцца да гэтай справы. Адна з галоўных праблемаў, на яе думку, – падтрыманне маладых спецыялістаў, таму яна будзе прыкладаць намаганні, каб маладыя медыкі пасля ВНУ маглі дзесьці зачапіцца на працы і атрымаць жыллё. Пры гэтым кандыдатка чамусьці не распавяла пра чысткі сярод медыкаў, прыняцце законаў і пастановаў, якія ператвараюць маладых спецыялістаў у рабоў, пра кадравы голад і пра тое, што беларусаў хутка не будзе каму лячыць.

Ці вось, напрыклад, кандыдат са сферы адукацыі, які займаецца тэмаю сельскай гаспадаркі. Ён штосьці казаў пра рэкордныя ўраджаі і намалоты, нанацялятаў і пра тое, што Беларусь цяпер скарае новыя рынкі – тую ж Афрыку. Таксама казаў пра замацаванне маладых спецыялістаў і папулярызацыю працы аграрыяў.

Наогул, паслухаўшы выступы кандыдатаў, можна вылучыць некалькі агульных акцэнтаў:

  • Трэба рабіць усё, каб маладыя спецыялісты заставаліся ў краіне. На развіццё і стварэнне адпаведных умоваў фантазіі не хапае, таму разглядаюцца больш гвалтоўныя метады, звязаныя з адпрацоўкай, увядзеннем новых законаў і абмежаванняў і гэтак далей.
  • Захад з яго магчымасцямі і тэхналогіямі нам больш не патрэбны. Беларусь ідзе сваім шляхам і перанакіроўваецца на Расею, краіны СНД, Азію і Афрыку.
  • Традыцыйна ўсе кажуць пра «мірнае неба», за якое ўсе мусяць дзякаваць дзяржаве да труннай дошкі.

Сустрэчы з кандыдатамі часта праходзяць дабравольна-прымусова. Ці гэта бацькоўскі сход у школе, ці збор на прадпрыемстве. Калі браць гарады, то да кандыдатаў у аўдыторыі і пытанняў няма, а па выхадзе з залі, дзе толькі што адбываўся іхны выступ, не ўсе нават памятаюць, як завуць тых, каго яны гадзіну слухалі (ну як слухалі – сядзелі ў тэлефонах).

У рэгіёнах падобныя сустрэчы праходзяць больш актыўна. Але людзям не цікавая ідэалогія ці агульныя размовы па стабільнасць і росквіт, яны задаюць вельмі канкрэтныя пытанні: ці будзе дабудаваны шпіталь, ці будзе адрамантаваная школа, калі ўжо нарэшце з’явіцца нармальная дарога, ці ўсталюцца пандусы, з якіх можна бяспечна спускацца без рызыкі зламаць сабе што-небудзь. Не ўсе кандыдаты падрыхтаваныя да такіх пытанняў, а некаторыя нават скардзяцца на «няўдзячны электарат».

А з праграмамі кандыдатаў атрымліваецца даволі смешна. Некаторыя тэксты паўтараюцца літаральна слова ў слова. Вось доказ на прыкладзе кандыдатаў з Віцебшчыны і Гомельшчыны:

На відэа ніжэй кандыдат-камуніст на працягу пяці хвілінаў са зменным поспехам чытаў на камеру праграму партыі. Спецыяліст у галіне аховы працы аднаго з аўтобусных паркаў Менску ледзь справіўся з тэкстам. А ў камеру за пяць хвілін ён паглядзеў толькі раз – пагрозлівым поглядам у самым канцы.  Але яго, хутчэй за ўсё, не прызначаць у «палатку»: па ягонай акрузе ідзе дзеючая «дэпутатка» Лянчэўская:

Для агітацыі на выбары бессаромна выкарыстоўваюць святароў. У краіне, дзе «не да законаў», цяпер, мабыць, не засталося «нічога святога». Так, настаяцелі царкоўных прыходаў выступаюць на старонках рэгіянальных праўладных выданняў і заклікаюць вернікаў прыняць удзел у Адзіным дні галасавання. А ў беларускіх цэрквах разам са свечкамі выдаюць агітку пра бязвыбары:

Выкарыстоўваюць для агітацыі і беларускіх блогераў. Асабліва тых, хто калісьці затрымліваўся за ўдзел у пратэстах, альбо якіх затрымлівалі літаральна нядаўна.

Больш за ўсё ўражвае агітацыя ў сацсетках. Улады спрабуюць асядлаць Telegram і Tik-Tok, каб дабрацца да вушэй і вачэй беларусаў. Падключылі, як заўсёды, вайскоўцаў і бюджэтнікаў, спартоўцаў, актывістаў БРСМ. Хтосьці спрабуе дадаць крыху гумару, як, напрыклад, маладыя медыкі ці працоўныя на Рагачоўскім малочна-кансервавым камбінаце:

Беларускія прапагандысты запусцілі чэлендж «Мой выбар – гэта». Але пад адпаведным хэштэгам мы знайшлі толькі 13 публікацыяў, і тое – палова ад БТ. Дарэчы, да агітацыі актыўна прыцягваюцца менавіта маладыя людзі, часта студэнты, актывісты БРСМ.

На прадпрыемствах паздымалі агітацыйныя ролікі, дзе працоўныя кажуць вельмі абстрактныя фразы пра тое, чаму варта ісці на бязвыбары. Для агітацыі не саромеюцца выкарыстоўваць і дзяцей:

Асабліва цынічна выкарыстоўваюць маленькіх беларусаў у дзіцячым садку Быхава:

У Смаргоні заклікаюць «аддаць доўг дзяржаве» баянам і прыпеўкамі:

Прыпеўкі спяваюць і ў Бешанковіцкім раённым цэнтры культуры:

А ў Касцюковічах да прыпевак дадалі сексуальны падтэкст. Няўжо большасць краіны застанецца 25 лютага без пацалункаў?

Наогул пасля прагляду дзясяткаў падобных агітацыйных відэа складаецца ўражанне, што на раёны спусцілі разнарадку з гатовымі ідэямі і нават тэкстамі: шмат даволі падобнага, ад цытатаў да матываў у песнях.

У Бабруйску агітуюць гітарай і баянам:

У беларускіх школах настаўнікаў прымушаюць ісці на выбары пад подпіс. Кіраўнікі ўстановаў адукацыі абавязваюць супрацоўнікаў прагаласаваць у пэўны дзень. Пры гэтым у аб’явах сказана, што настаўнікі абавязаныя прыняць удзел у «выбарах». Падобная практыка ўводзіцца і ў іншых дзяржарганізацыях. Прычым, мяркуючы па ўсім, кіраўнікі складаюць графік, калі і хто з працаўнікоў павінен «прагаласаваць».

Жыхары Бярозаўскага раёну распавялі, чаму ідуць на псеўдавыбары:

У Лідзе не пашкадавалі грошай на цэлы музычна кліп:

Тым часам рэктараў беларускіх ВНУ прывезлі ў Вайсковую акадэмію і правялі для іх метадычныя заняткі агнявой падрыхтоўкі. У праграму ўвайшла стральба з пісталета Макарава. Усе рэктары былі апранутыя ў вайсковую ў форму, за выключэннем рэктара БДУ Андрэя Караля. Цікава, ад каго яны рыхтуюцца адстрэльвацца:

Рыхтуюцца да псеўдавыбараў і менскія сілавікі. На днях яны прадэманстравалі, як будуць забяспечваць парадак на выбарчых участках у гэтак званы адзіны дзень галасавання.

«Мы адпрацоўвалі сітуацыі, якія былі ў рэальнасці ў нас у 2020-м, а таксама ў іншых краінах. То бок, мы абагульнілі ўсю інфармацыю і сёння адпрацавалі разам са старшынямі выбарчых камісіяў. З 19 лютага асабісты склад органаў унутраных справаў РБ і ўнутраныя войскі будуць пераведзеныя на ўзмоцнены варыянт нясення службы», – заявіў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў.

Дапамагчы з забеспячэннем парадку падчас выбараў нібыта гатовыя і найміты групы «Вагнэра», якія цяпер трэнуюць лукашэнкаўскіх сілавікоў.

«Яны ведаюць, што на самой справе і незадаволеных большасць, і людзі жадаюць некаторыя, нават нягледзячы на заклікі апазіцыі ігнараваць гэтыя выбары, і хочуць прыйсці, нешта зрабіць, неяк праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю, дзеля гэтага цяпер сілавікі і трэнуюцца. Яны ведаюць, што пратэсны настрой хоць і схаваны, але на самой справе вельмі вялікі», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

20 лютага ва ўмовах амаль ваеннага становішча ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне, якое працягнецца 5 дзён. Адзіны дзень галасавання адбудзецца 25 лютага: беларусы будуць выбіраць адразу дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў