З Беларусі эвакуявалі Мерыем Герасіменку, асуджаную за песню гурта «Океан Эльзи»


Спявачка Мерыем Герасіменка, якая была асуджаная ў Беларусі за спяванне ўкраінская песні, паспяхова эвакуяваная з краіны і знаходзіцца ў бяспецы. Пра гэта паведаміў кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Мерыем Герасіменка.
Фота: onliner.by

«Гэта была вельмі працяглая па часе, цікавая і няпростая аперацыя, і я рады што паспяховая», – напісаў ён у Facebook.

Таксама з Беларусі былі эвакуяваныя Андрэй Жук, уладальнік бара «Банкі-бутылкі», у якім Мерыем Герасіменка ладзіла свой канцэрт, і ягоная жонка Марыя.

Герасіменку 4 жніўня 2022 года затрымалі сілавікі пасля канцэрту ў менскім бары «Банкі-бутэлькі». Мэрыем выканала песню «Обійми» украінскага гурта «Океан Эльзи» у падтрымку Украіны. Канцэрт выклікаў абурэнне лукашэнкаўскіх прапагандыстаў. Дзяўчына спачатку была затрыманая і пакараная 15 суткамі адміністрацыйнага арышту, а потым яе перазатрымалі ў межах крымінальнай справы і адправілі ў СІЗА. 20 студзеня 2023 года спявачцы прызначылі пакаранне – тры гады «хатняй хіміі».

Разам з ёю былі затрыманыя кіраўнік бару «Банкі-бутэлькі» Андрэй Жук і адзін з працаўнікоў бару. Жука пакаралі 30 соднямі адміністратыўнага арышту, працаўніка бару – 14 соднямі. Пазней уладальніка бару зноўку затрымалі і абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). 31 студзеня 2023 года яму прызначылі 2,5 гады «хіміі», а ягонай жонцы Марыі ў выглядзе пакарання прызначылі «хатнюю хімію».

 

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў