Падарожжы дылетанта

Ці чулі? Мы будзем будаваць у Экватарыяльнай Гвінеі цагляны завод. За іхныя грошы. Ну, прынамсі менавіта такую заяву зрабіў наш вусаты Марка Пола па вяртанні са сваёй працяглай замежнай камандзіроўкі. І хацелася б парадавацца за экватарыяльных гвінейцаў – з дамамі цяпер будуць, але ёсць падрабязнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі чакаюць галасавання на выбарчым участку ў Маляба, Экватарыяльная Гвінея. 20 лістапада 2022 года.
Фота: Acaba Press / Xinhua News Agency / Forum

У самой Беларусі класічная цэгла даўно ўжо саступіла больш сучасным, эфектыўным і танным будаўнічым канструкцыям – найперш маналітам, каркасам і газасілікату. Дарагая яна, цэгла, і таннаю быць не можа. І няма ў свеце краіны, дзе б яна была асноваю будаўніцтва. Свет заехаў далёка наперад. Навошта ж цэгла там, у Гвінеі?

Хоць краіна багатая, ВУП на чалавека ў паўтара разу вышэйшы, чым у Беларусі, нафту пампуюць і могуць сабе дазволіць, багацце гэтае да народу зусім не даходзіць. Захрасае наверсе. Тры чвэрці насельніцтва жывуць у суцэльнай галечы, больш за 7 % заражаныя ВІЧ, кожнае пятае дзіця не дажывае да пяці гадоў.

Затое віцэ-прэзідэнт гэтай сяброўскай нам краіны, ён жа (праз сумяшчальніцтва) старэйшы сын прэзідэнта, знаны ў свеце жарсцю да дарагіх аўтамабіляў, карцінаў і рэчаў, што належалі Майклу Джэксану. Дый сам Тэадора Аб’янг, кіруючы краінай ужо 44 гады, да гэтага, паводле Шэкспіра, загубіў роднага дзядзьку, таксама той яшчэ тып. У 2003 годзе дзяржаўнае радыё абвясціла, што ён «падобны да Бога на нябёсах», «у пастаянным кантакце з Усёмагутным» і валодае «ўсёй уладаю над людзьмі і рэчамі». І вось з такімі грамадзянамі асабіста Лукашэнка надумаў «рабіць бізнес».

І добра б адна такая вось Гвінея, хай і Экватарыяльная. Але там жа яшчэ і зусім жабрацкая Кенія – дзесьці каля 150-га месца ў свеце паводле ВУП, там жа побач – ужо роднае Зімбабвэ з адкрытым «кракадзілам» на чале, з такімі ж эканамічнымі поспехамі. А з-за рога ўжо Каморскія астравы выглядаюць, тыя дзесьці каля 170-га месца, з ВУП на чалавека – разоў так у 10 меншым, чым у Беларусі. І глядзяць так жаласліва. Ну як не дапамагчы?

І, здавалася б, у тэорыі ўсё правільна. Вялікі белы (вусаты) чалавек, які мае ў руках, хай і глыбока састарэлыя, але ўсё яшчэ надзейныя савецкія тэхналогіі (тыпу вытворчасці цэглы), нясе святло асветы ў слабаразвітыя краіны, дапамагае ім прыўзняць узровень жыцця хоць бы да свайго і на гэтым зарабляе. Ёсць тут адна сістэмная памылка.

Гэтыя краіны цяпер у такім незайздросным становішчы не праз сваё каланіяльнае мінулае. Гэты савецкі штамп спрабуе прадаць даверлівым грамадзянам лукашэнкаўская прапаганда.

Яны здабылі незалежнасць з 1963-га да 1980 года, і там ужо два пакаленні выраслі, якія не ведаюць слова «калонія». Сусветныя лідары – і ЗША, і ЕЗ, і нават Кітай – ужо спрабавалі наладжваць там эканоміку, падымаць узровень жыцця, але нічога не атрымалася. Менавіта праз наяўнасць вось такіх «кракадзілаў».

Той, хто сумняецца, можа азнаёміцца з гісторыяй выгнання белых фермераў з Зімбабвэ і выкліканага гэтай акалічнасцю заняпаду мясцовай сельскай гаспадаркі. Не працуе нармальная эканамічная логіка. Не патрэбныя мясцовым князькам сучасныя тэхналогіі, хай і ў выглядзе цаглянага заводу.

І добра, калі б адбывалася гэта ў пачатку 2000-х: можна было б спісаць на неспрактыкаванасць нашага Магелана. Але мы ўжо пражылі і абсалютны правал у Венесуэле (там калом стаяць нашыя зборачныя прадпрыемствы МТЗ і МАЗ), і гісторыю будаўніцтва намі ж Гарлыкскага калійнага камбінату ў Туркменістане, якое скончылася правалам не менш эпічным. Камбінат не запрацаваў і на 5 % заяўленай магутнасці, і дружалюбны Туркменістан патрабуе праз Стакгольмскі арбітраж назад свой мільярд долараў.

Не будзе нам эканамічнага шчасця ў Цэнтральнай Афрыцы. Няма для гэтага зусім ніякіх падставаў. Проста зліём яшчэ нейкую колькасць бюджэтных (гэта значыць народных) грошай і пастараемся забыцца – маўляў, не з намі гэта было. І паедзем куды-небудзь яшчэ. Глобус вялікі.

Каму яшчэ патрэбны цагляны завод? Налятай!

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў