Святлана Ціханоўская ўзяла на сябе адказнасць за захаванне суверэнітэту і прадстаўленне Беларусі як нацыі


Святлана Ціханоўская ў калонцы для бельгійскага выдання «Politico» ўпершыню назвала сябе «абраным прэзідэнтам Беларусі». Офіс дэмакратычнай лідаркі нашай краіны канкрэтызаваў гэтую заяву.

Святлана Ціханоўская.
Фота: Дзіяна Алясюк

Лідарка дэмакратычнай Беларусі і кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Святлана Ціханоўская ў калонцы для бельгійскага выдання «Politico» ўпершыню назвала сябе «абраным прэзідэнтам Беларусі». Офіс Святланы Ціханоўскай канкрэтызуе, што паводле шматлікіх сведчанняў назіральнікаў, апытанняў і электроннага галасавання Святлана Ціханоўская сапраўды перамагла на выбарах 2020 года. Але паколькі афіцыйныя вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя, яна не ўступіла на пасаду. Ейны статус – прэзідэнт-элект. Місія Ціханоўскай у гэтай ролі – забяспечыць транзітны перыяд і правесці новыя выбары.

«Не маючы магчымасці заступіць на пасаду, Святлана Ціханоўская выконвае ролю нацыянальнай лідаркі Беларусі. Разам з Аб’яднаным пераходным кабінетам яна прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне і ў міжнародных арганізацыях. Шмат якія замежныя лідары і палітыкі да яе звяртаюцца як да прэзідэнт-электа. У замежных паездках Святлану Ціханоўскую прымаюць як кіраўніцу дзяржавы, хоць на фармальную пасаду яна не заступіла», – гаворыцца ў заяве офісу.

Hавiны
Святлана Ціханоўская: «Я абраны прэзідэнт Беларусі. Я змагаюся за сваю краіну ў выгнанні»
2022.11.15 13:28

З моманту прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі мінула больш за два гады. Але заява пра перамогу на выбарах прагучала менавіта цяпер.

«Чаму вызначэнне статусу прэзідэнт-элект важнае менавіта цяпер? Таму што рэжым Лукашэнкі не ёсць легітымным, сам дыктатар зацягнуў Беларусь у вайну і прывёў краіну ў стан дэ-факта акупацыі. Сёння Лукашэнка здзяйсняе акт дзяржаўнай здрады, калі насуперак Канстытуцыі Беларусі і дзеля інтарэсаў Расеі зрабіў Беларусь суагрэсаркай у вайне супраць Украіны. Ён таксама незаконна пазбаўляе беларусаў міжнароднай абароны іхных правоў, паколькі не ўпаўнаважаны выбарнікамі падпісваць міжнародныя дамовы ад імя Беларусі, у прыватнасці, закон аб дэнансацыі факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах».

У такіх умовах павінен быць палітычны інстытут, які прэзентуе інтарэсы беларускага народу. Святлана Ціханоўская ёсць адзінай прадстаўніцай з мандатам ад беларускага народу. І менавіта яна, разам з Аб’яднаным пераходным кабінетам, узяла на сябе адказнасць за захаванне суверэнітэту Беларусі і прадстаўленне Беларусі як нацыі, гаворыцца ў заяве Офісу.

Hавiны
Святлана Ціханоўская заклікала ЕЗ падтрымаць Беларусь
2022.11.14 16:29

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў