Ізраіль часткова ўзнавіў водазабеспячэнне сектару Газа


Міністр энергетыкі Ізраілю Ісраэль Кац паведаміў пра частковае ўзнаўленне водазабеспячэння сектару Газа, перадае агенцыя «Reuters». Ваду пампуюць на поўдзень анклава – менавіта туды Ізраіль заклікаў палестынцаў эвакуявацца.

Чарга за вадою на поўдні сектару Газа. 15 кастрычніка 2023 года.
Фота: Mohammed Salem / Reuters / Forum

Запуск водаправоду прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу абмеркаваў з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Як паведаміў міністр энергетыкі габрэйскай дзяржавы Ісраэль Кац, палітыкі сумесна дамовіліся пра гэта.

Ваду пусцілі на поўдзень сектару Газа – менавіта туды Ізраіль заклікаў палестынцаў эвакуявацца, рыхтуючыся да наземнай аперацыі.

Поўную блакаду анклава Ізраіль абвесціў у адказ на захоп закладнікаў падчас нападу баевікоў «Хамасу». Паводле апошніх спраўджаных звестак, тэрарысты схапілі 126 асобаў.

Hавiны
Вінаватае надвор’е? Ізраіль адклаў пачатак наземнай аперацыі ў сектары Газа
2023.10.15 12:10

Тым часам дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, які сёння прыехаў у Каір, паведаміў, што жыхары Газы атрымаюць гуманітарную дапамогу, што ўжо дастаўленая ў Егіпет. Грузы транспартуюць праз памежны пераход Рафах – адзіны непадкантрольны Ізраілю пункт, што звязвае анклаў з астатнім светам.

«Рафах будзе адкрыты. Мы разам з ААН, Егіптам і Ізраілем ствараем механізм дастаўкі дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу», – запэўніў дыпламат.

Агляд
Ізраіль заклікаў пакінуць поўнач Газы, арабскія краіны супраць эвакуацыі людзей з сектару
2023.10.14 20:37

Агенцыя «The Associated Press» піша, што прэзідэнт Егіпта Абдэльфатах ас-Сісі падчас сустрэчы з кіраўніком Дзярждэпартаменту абвінаваціў Ізраіль у перавышэнні права на самаабарону і ў калектыўным пакаранні палестынцаў.

Перад вылетам з Егіпта Энтані Блінкен заявіў журналістам, што Ізраіль «абавязаны абараняцца ад атак «Хамасу» і спрабаваць зрабіць усё магчымае, каб такое ніколі не паўтарылася». Ён пры гэтым адзначыў, што тое, як дзейнічае габрэйская дзяржава, мае значэнне.

«Ізраіль мусіць рабіць гэта так, каб пацвердзіць агульныя каштоўнасці ў дачыненні чалавечага жыцця і чалавечай годнасці, прымаючы ўсе магчымыя захады асцярогі, каб не нашкодзіць цывільным», – сказаў кіраўнік Дзярждэпартаменту.

Hавiны
Дзяржсакратар ЗША завяршае блізкаўсходняе турнэ і наведае Ізраіль другі раз за пяць дзён
2023.10.15 18:36

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў