news
Агляд
15 кастрычніка ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. Што трэба ведаць пра іх замежнікам?
Тлумачым асноўныя моманты выбарчай кампаніі ды адрозненні ад Беларусі.
15.09.202315:31

У Польшчы сёлета маюць прайсці парламенцкія выбары. Прадстаўнікі розных палітычных сілаў будуць змагацца за 560 месцаў у мясцовым парламенце. «Белсат» тлумачыць асноўныя заканадаўчыя і практычныя моманты гэтай выбарчай кампаніі ды іх адрозненні ад таго, што мы прызвычаіліся бачыць у Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выбары ў Сейм і Сенат у Кракаве, Польшча. 13 кастрычніка 2019 года.
Фота: Beata Zawrzel / Reporter / East News

Калі пройдзе галасаванне

Галасаванне адбудзецца 15 кастрычніка, у нядзелю. Выбарчыя ўчасткі адчыняць дзверы а 7:00 і зачыняць а 21:00. І зранку, і ўвечары яны будуць працаваць на гадзіну болей, як у Беларусі.

Таксама, у адрозненне ад Беларусі, у Польшчы няма датэрміновага галасавання, якое ў нас пачынаецца за пяць дзён да выбараў. Няма ў Польшчы і галасавання ўдома. Замест гэтага асобы з інваліднасцю і старэйшыя за 60 гадоў могуць падаць заяўку, каб іх даставілі на выбарчы ўчастак, або скласці адпаведныя даверанасці. У Беларусі датэрміновае галасаванне і галасаванне ўдома, на думку назіральнікаў, выкарыстоўваюцца рэжымам для павышэння яўкі і фальсіфікацыяў.

Разам з тым у Польшчы ёсць дзень цішы: уся перадвыбарчая агітацыя мусіць скончыцца а 00:00 13 кастрычніка, каб у мясцовых выбарнікаў быў дзень падумаць у спакоі, за каго яны будуць галасаваць.

Каго і як абіраюць

15 кастрычніка грамадзяне Польшчы будуць выбіраць 560 чальцоў двухпалатнага парламенту – Нацыянальнага сходу. А менавіта 460 дэпутатаў Сейму і 100 сенатараў.

Дэпутатаў Сейму абіраюць ад 41 шматмандатнай акругі. Ад кожнай могуць быць абраныя 7–20 дэпутатаў: найбольш – з Варшавы, а найменш – з акругі з цэнтрам у Чанстахове.

Галасаванне праходзіць за партыйныя спісы. Каб пэўная партыя трапіла ў Сейм, яна мусіць набраць прынамсі 5 % галасоў. Калі ж партыі яднаюцца ў кааліцыі, тады ім трэба набраць больш, 8 % галасоў. У выпадку смерці ці адстаўкі дзейнага дэпутата ягонае месца займае той, хто быў у партыйным спісе гэтай жа партыі ці кааліцыі ніжэй за прахадны парог.

Выбары ў Сенат праходзяць паводле іншай схемы. Уся краіна падзеленая на 100 аднамандатных акругаў (адна акруга – адзін мандат сенатара), у якіх перамогу атрымліваюць тыя кандыдаты, якія набіраюць найбольшую колькасць галасоў адносна іншых.

У Беларусі таксама Нацыянальны сход складаецца з дзвюх палатаў, але выбары ў іх праходзяць цалкам інакш. Дэпутатаў ніжняй Палаты прадстаўнікоў абіраюць паводле аднамандатных акругаў, а чальцоў верхняга Савету Рэспублікі беларусы нават фармальна не абіраюць. За іх гэта робяць абласныя саветы, а частку наўпрост прызначае Аляксандр Лукашэнка.

Чым займаюцца Сейм і Сенат

У адрозненне ад беларускага Нацыянальнага сходу, які амаль толькі і прымае спушчаныя з іншых ведамстваў законапраекты, менавіта заканатворчая функцыя асноўная ў чальцоў польскага парламенту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Першая лэдзі Агата Корнгаўзэр-Дуда і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда галасуюць на выбарчым участку ў Кракаве, Польшча. 13 кастрычніка 2019 года.
Фота: Beata Zawrzel / Reporter / East News

Таксама прадстаўнікі Сейму і Сенату зацвярджаюць бюджэт краіны, даюць паўнамоцтвы прэзідэнту ратыфікаваць або скасоўваць міжнародныя пагадненні. Апроч таго, маюць права прызначаць і вызваляць з пасадаў шэраг урадоўцаў, сярод іх у тым ліку – чальцы ды суддзі Дзяржаўнага і Канстытуцыйнага трыбуналаў.

Сейм разам з Сенатам кантралююць органы выканаўчай улады, напрыклад, праз права прыняцця вотуму недаверу ўсяму ўраду ці канкрэтнаму міністру. Яны таксама могуць выставіць абвінавачанне прэзідэнту Польшчы за злачынствы, што падлягаюць расследаванню Дзяржаўным трыбуналам, або паслаць яго ў адстаўку з прычыны здароўя.

Апроч таго, Сейм штогод ладзіць аўдыт дзяржаўных расходаў, разглядае справаздачы Нацыянальнай рады тэлерадыётрансляцыі, управы ў справе абароны персанальных звестак, заслухоўвае справаздачу пра захаванне правоў і свабодаў чалавека.

Хто можа браць удзел у выбарах, як лічаць галасы

Галасаваць на выбарах у Сейм і Сенат могуць грамадзяне Польшчы, якім ужо споўнілася 18 гадоў і якія не пазбаўленыя гэтага права судом. А вось абірацца ў Сейм можна з 21 года, у Сенат – з 30. Адпаведныя парогі, дарэчы, устаноўленыя і ў Беларусі.

Грамадзяне Польшчы, якія маюць выбарчае права, таксама могуць стацца чальцамі ўчастковай камісіі: трэба звярнуцца ў выбарчую камісію ці самастойна падаць сваю кандыдатуру праз урад гміны. За сваю працу ў дзень выбараў старшыня камісіі атрымае 800 злотых (каля 200 долараў), намеснікі – 700 злотых, а шараговыя сябры ўчастковых камісіяў – 600 злотых. У задачы ўчастковай камісіі ўваходзіць правядзенне галасавання на ўчастку, забеспячэнне ў дзень выбараў захавання выбарчага заканадаўства, вызначэнне і абнародаванне вынікаў галасавання, скіраванне іх у вышэйшую выбарчую камісію.

Пры гэтым у Выбарчым кодэксе прапісана, што ўсе прысутныя чальцы выбарчай камісіі падчас падліку галасоў павінны бачыць кожны бюлетэнь, які вымаецца з урны. У Беларусі такая норма не прапісаная, і на практыцы чальцы камісіяў самастойна лічаць стос сваіх бюлетэняў, а выніковыя сумы галасоў абвяшчае ўжо старшыня камісіі, што зноў жа стварае дадатковыя магчымасці для фальсіфікацыяў.

Хто ў парламенце цяпер і хто пазмагаецца

Папярэднія парламенцкія выбары ў Польшчы праводзіліся 13 кастрычніка 2019 года. Прыблізна ў той сама час яны прайшлі ў Беларусі, праўда, сёлетнія выбары рэжым Лукашэнкі пасля пратэстаў 2020 года скасаваў і перанёс на 2024-ы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Перадвыбарчы вечар у штаб-кватэры партыі «Закон і справядлівасць». Кракаў, Польшча. 13 кастрычніка 2019 года.
Фота: Beata Zawrzel / Reporter / East News

Чатыры гады таму ў выбарах у польскі Сейм перамагла правакансерватыўная партыя «Закон і справядлівасць» (PiS). Яе прадстаўнікі заваявалі 235 мандатаў, або 51 % ад усіх. Другі вынік быў у Грамадзянскай кааліцыі – аб’яднання цэнтрысцкіх і ліберальных партыяў: Грамадзянскай платформы, «Сучаснай», Польскай ініцыятывы і «Зялёных». Яны разам здабылі 134 месцы.

Яшчэ 49 мандатаў атрымаў сацыял-дэмакратычны Звяз дэмакратычных левых (SLD), 30 – правацэнтрысцкая Польская народная партыя (PSL). Яшчэ адно месца аддадзенае прадстаўніку нямецкай меншасці.

А вось у Сенаце партыя «Закон і справядлівасць» не атрымала большасці – мае толькі 48 са 100 месцаў. У Грамадзянскай кааліцыі былі 43 мандаты, 3 атрымала Польская народная партыя і 2 – Звяз дэмакратычных левых. Яшчэ чатыры галасы былі падзеленыя паміж чатырма іншымі выбарчымі аб’яднаннямі.

На гэтых выбарах ва ўстаноўлены тэрмін дакументы на рэгістрацыю ў польскі ЦВК падалі 94 выбарчыя камісіі, з якіх былі зарэгістраваныя 85. Гэта дзве кааліцыі, 40 палітычных партыяў і 43 камітэты выбарнікаў. 46 камітэтаў плануюць выстаўляць свае кандыдатуры як у Сейм, гэтак і ў Сенат, 3 – толькі ў Сейм і 36 – толькі ў Сенат.

Паводле апошніх апытанняў, найбольш папулярная сярод палякаў кіроўная партыя «Закон і справядлівасць». На другім месцы – Грамадзянская кааліцыя, а на трэцім – крайне правая Канфедэрацыя. Таксама ў Сейм праходзяць правацэнтрысцкая кааліцыя «Трэцяя дарога», куды ўваходзяць Польская народная партыя ды рух «Польшча-2050», і сацыял-дэмакратычная «Новыя левыя», у якую ўвайшлі Звяз дэмакратычных левых ды «Вясна». Іншыя палітычныя сілы пакуль не здольныя перакрочыць выбарчага бар’еру. Але за месяц да выбараў сітуацыя яшчэ можа змяніцца.

Калі паглядзець на вынікі ранейшых выбараў, то ў ХХІ стагоддзі партыя «Закон і справядлівасць» атрымлівала найбольшую колькасць галасоў на выбарах у 2005, 2015 і 2019 гадах, Грамадзянская платформа – у 2007 і 2011 гадах, а Звяз дэмакратычных левых святкаваў перамогу ў 2001-м.

Макар Мыш belsat.eu