Іосіф Сярэдзіч: Мне незразумелыя дзеянні тых, каму я бясплатна памылкова перадаў сайт


Заснавальнік і нязменны галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч 4 жніўня абвесціў, што пакідае пасаду. Пры гэтым выданне, пазбаўленае ліцэнзіі, не закрылася, а правы ўласніка старонкі nv-online.info ён перадаў іншай асобе. Аднак цяпер заснавальнік «Народнай Волі» незадаволены тым, што стала з сайтам, які ён аддаў бясплатна. Гэтую сітуацыю ён пракаментаваў Аляксандру Стрыжневічу.

Галоўны рэдактар газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч.
Фота: Таццяна Ткачова / Прэс-клуб

Іосіф Сярэдзіч адзначыў, што яго здзівіла інфармацыя, якая распаўсюджваецца на некаторых незалежных сайтах і якая ў некаторай ступені датычыцца яго асабіста. Паводле яго, фраза «перакупленая «Народная Воля» перайшла на лукашэнкаўскія пазіцыі» некарэктная. Учора з такім загалоўкам выйшаў матэрыял на «Нашай Ніве».

«Ніхто ў мяне сайт не перакупляў. Так атрымалася, што доменнае імя сайта УП «Народная Воля» я перадаў таварыству з абмежаванай адказнасцю «Гіпер ПК» бясплатна. Ніводнай капейкі ніхто не пералічыў на рахунак рэдакцыі «Народнай Волі», ніводная капейка не трапіла ў маю кішэню», – патлумачыў заснавальнік газеты.

Перадача доменнага імя, зрабіў акцэнт Іосіф Сярэдзіч, адбывалася пры адной умове – што кантэнтам па-ранейшаму будуць займацца журналісты, якія ўваходзілі ў штат рэдакцыі газеты. Аднак 15 верасня ён даведаўся, што адзін з кіраўнікоў «Гіпер ПК» адхіліў гэтых журналістаў ад супрацоўніцтва і цяпер быццам бы сам напаўняе інфармацыйную стужку сайта.

Сярэдзіч адмовіўся каментаваць змены ў падачы тэкстаў і заявіў: «Я не маю да кантэнту ніякага дачынення і не маю права нічога дыктаваць цяперашняму ўласніку сайта». Пры гэтым былы галоўны рэдактар «Народнай Волі» пацвердзіў, што кіраўнік «Гіпер ПК» не з’яўляецца прафесійным журналістам.

На пытанне, што цяпер плануе рабіць спадар Сярэдзіч, той адказвае без сумневаў:«Будзем дзейнічаць з тым, каб аднавіць законнасць».

«Гэта інфармацыя як снежны камяк на галаву. Мне шкада журналістаў. Я быў упэўнены, што яны будуць працаваць на адпаведным узроўні, а апынуліся каля разбітага карыта. Мне незразумелыя дзеянні тых, каму я бясплатна памылкова перадаў сайт», – дадаў Сярэдзіч.

Пакуль заснавальнік газеты адмаўляецца даваць падрабязнасці і дэталі, якім чынам плануе дамагацца справядлівасці.

Пасля перадачы сайту «Народнай Волі» новаму ўладальніку «Белсат» паспрабаваў паразмаўляць з ім, але ён адмовіўся.

Агляд
Новы ўладальнік «Народнай волі» – 46-гадовы аматар астралогіі?
2023.08.11 15:43

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў