Беларусы наўрад ці паедуць на Азіяцкія гульні ў Кітай. Затое могуць катацца на скейтах


Са словаў прэзідэнта Алімпійскага камітэту Расеі вынікае, што беларускія спартоўцы маглі, таксама як расейскія, не атрымаць запрашэнне на Азіяцкія гульні ў Кітаі, якія пачнуцца 23 верасня. Але беларусаў і расейцаў дапусцілі да спаборніцтваў Міжнароднай федэрацыі скейтбордынгу.

Скейтбардыст каля заводу МАЗ
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Скейтбардыст каля заводу МАЗ. Менск, Беларусь.
Фота: Саша Мацкевіч / Minsk8.com

Прэзідэнт Алімпійскага камітэту Расеі Станіслаў Пазднякоў 14 верасня расказаў ТАСС, што расейскія спартоўцы не возьмуць удзел у Азіяцкіх гульнях 2023 года, бо дагэтуль не атрымалі запрашэння. Ён згадаў аб Алімпійскім саміце ў мінулым снежні: маўляў, там была «горача падтрыманая» тэма ўдзелу расейскіх спартоўцаў у Азіяцкіх гульнях, але потым штосьці адбылося, што цяпер «надзеі ніякай абсалютна».

Цалкам імаверна, што разам з расейскімі спартоўцамі ад удзелу адхілілі і беларускіх: яны ішлі разам у абмеркаваннях і Міжнароднага алімпійскага камітэту, і Алімпійскай рады Азіі. Два тыдні таму ТАСС заяўляў са спасылкай на Міжнародны алімпійскі камітэт, што ўдзел беларускіх і расейскіх спартоўцаў у Азіяцкіх гульнях «невыканальная з тэхнічных прычынаў».

Да таго Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў з прычынаў вайны ва Украіне дапускаць беларусаў і расейцаў да спаборніцтваў у нейтральным статусе – без дзяржаўных сцягоў, гербаў і гімнаў. Але камітэт дасюль не прыняў рашэння пра допуск беларусаў і расейцаў на Гульні 2024 года ў Парыжы.

Менавіта ў такім статусе беларусаў і расейцаў вырашыла дапусціць да спаборніцтваў Міжнародная федэрацыя скейтбордынгу. 14 верасня яна пастанавіла, што грамадзяне Беларусі і Расеі змогуць браць удзел у спаборніцтвах як «індывідуальныя нейтралньыя атлеты» згодна рэкамендацыям Міжнароднага алімпійскага камітэту.

Hавiны
Кіраўнік МАК апавёў, якіх спартоўцаў з Беларусі і Расеі можна дапускаць да Алімпіяды
2023.09.05 10:28

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў