Віталь Цыганкоў пра рэжым: «З аднаго боку, мы ахвяры, а з другога – такія строгія, што дастанем і мёртвых»


15 чэрвеня адразу ў двух чытаннях Палата прадстаўнікоў прагаласавала за закон, паводле якога будуць судзіць мёртвых. Згодна з ім, зробіцца магчымым прыцягненне да адказнасці фігурантаў справы пра генацыд беларускага народу падчас Другой сусветнай вайны. Ініцыятыва паступіла з боку Генпракуратуры Беларусі.

Таксама стала вядома пра чарговы паказальны суд у ВНУ, які адбыўся над двума студэнтамі ў БДТУ. Хлопцам далі 15 содняў і забралі тэлефоны. Пра тое, што цяпер адбываецца ў беларускім заканадаўстве, навошта быў створаны новы закон, а таксама пра тое, як паўплываюць на студэнтаў публічныя пакаранні, у жывым эфіры «Белсат» распавёў палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» Віталь Цыганкоў.

Цалкам размову глядзіце ў нашым відэа:

«Уся гэтая гісторыя з генацыдам супраць беларускага народу мае некалькі такіх канкрэтных палітычных мэтаў, пра якія я б хацеў пагаварыць. Першае – гэта прадставіць, што мы ахвяры. Мы ахвяры Другой сусветнай вайны, таму нас трэба шкадаваць. Як на нас можна падымаць руку нейкімі санкцыямі, нейкімі там пагрозамі, нейкай крытыкай на міжнародным узроўні? Мы ж ахвяры. Гэта тое, што зараз выкарыстоўвае не толькі лукашэнкаўская прапаганда, але і лукашэнкаўскія дыпламаты. Хаця яны не маюць ніякага дачынення ні, скажам, як людзі, ні нават ідэйна да таго, што адбывалася ў Другой сусветнай вайне. Гэта зараз зусім іншая дзяржава, зусім іншыя паводзіны, зусім іншая ўлада».

Але ўлады чапляюцца за гэтую заходнюю традыцыю шанавання ахвяраў, нацыянальных меншасцяў, што заўважна ў выступах некаторых дыпламатаў, звяртае ўвагу эксперт.

З другога боку, распавядае Віталь Цыганкоў, Лукашэнка імкнецца паказаць у горшым святле ўсіх тых, хто цяпер крытыкуе Беларусь і дзеянні самога Лукашэнкі. Маўляў, «паглядзіце, хто яны. Ды яны фашысты».

«Лукашэнка не раз выступаў на 9 траўня, абсалютна парушаючы ўсю гістарычную праўду, нібы ўвесь Захад на нас пайшоў, забываючы, што мінімум палова Захаду ваявала разам з Савецкім Саюзам», – нагадвае эксперт.

Таксама адной з прычынаў з’яўлення новага закону палітычны аглядальнік бачыць усё тую ж спробу запалохаць беларусаў, якія яшчэ застаюцца ў межах краіны. Маўляў, вельмі па-лукашэнкаўску «дастаць нават мёртвых».

«З аднаго боку, мы ахвяры, а з другога – такія строгія, што дастанем і мёртвых. Мы ж казалі, што ўсіх знойдзем. І яны пачынаюць хапаць, сапраўды, як яны думаюць, усіх, хто выходзіў у 2020 годзе і зараз, калі людзі не праяўляюць ніякай актыўнасці, не лайкаюць і не пішуць каментаў».

Таксама Віталь Цыганкоў робіць прагноз на найбліжэйшую будучыню: варта чакаць ад улады ў рамках гэтай палітычнай і ідэалагічнай барацьбы патрабавання кампенсацыі ад Нямеччыны.

«У прынцыпе яны скажуць, што польскія ўлады цяперашнія таксама спрабуюць ад Нямеччыны кампенсаваць за ахвяраў Другой сусветнай вайны, а мы – Беларусь – як незалежная дзяржава не падавалі ніколі. У рамках Савецкага Саюзу атрымалі не так і шмат. Так што яны, магчыма, рыхтуюць вось такі падмурак ідэалагічны для такога кроку».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Inbusiness.kz

Што ж датычыць судзілішчаў над студэнтамі ў навучальных установах, Віталь Цыганкоў кажа, што гэта абсалютны «ўпадак з пункту гледжання свабоднага чалавека», але:

«З пункту гледжання беларускіх уладаў, гэта ўсё заканамерна: трэба, каб баяліся, трэба, каб ведалі, што можа быць, трэба, каб была атмасфера страху, якая ў сваю чаргу павінная нараджаць атмасферу паслухмянасці, атмасферу выканання ўсіх загадаў, атмасферу невысоўвання. І адная справа, сапраўды, калі людзі чуюць, што нехта там быў затрыманы, а іншая справа, калі на іхных вачах гэта адбываецца. Усе гэтыя кайданкі, усе гэтыя арышты аказваюць, на думку ініцыятараў, псіхалагічны ўплыў. А ён можа быць вельмі розны: адныя проста пранікнуцца, скажам, нянавісцю да гэтай улады, другія – затояцца, трэція, сапраўды, адчуюць непрыемныя пачуцці, страх».

Але выніку ад такіх паказальных судовых працэсаў, паводле эксперта, не варта чакаць пазітыўнага. Адзінае, што гэта можа выклікаць, – жаданне студэнтаў уцячы з гэтага ўніверсітэту і з гэтай краіны. Выкладчыкі ж, на жаль, у такой сітуацыі не маюць права голасу і не могуць абараніць ні сваіх студэнтаў, ні саміх сябе, падсумоўвае Віталь Цыганкоў.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў