Ці аб’ядналіся беларусы на фэсце «Яднайся!»?


14 чэрвеня ў Моладзевым хабе ў Варшаве прайшоў фэст «Яднайся!», на якім беларускія арганізацыі ды ініцыятывы расказвалі пра сваю дзейнасць ды паказвалі новыя і ўжо даўно вядомыя праекты. Фэст наведала Святлана Ціханоўская ды іншыя вядомыя грамадскія дзеячы і палітыкі, а ў рамках дыскусійных панэляў абмяркоўваліся самыя надзённыя тэмы, датычныя беларускага грамадства як унутры краіны, так і за мяжою. Мы пабывалі на імпрэзе і паглядзелі, як усё адбывалася.

Імпрэза «‎Яднайся!»‎ для беларусаў і беларусак. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Шмат людзей і пах кавы

Паводле заяваў арганізатараў, фэст «Яднайся!» задумваўся як імпрэза для беларусаў і беларусак у Варшаве, дзе можна пазнаёміцца бліжэй адно з адным, знайсці аднадумцаў, даведацца пра новыя цікавыя праекты, паразмаўляць з палітыкамі і актывістамі, знайсці выкарыстанне сваім здольнасцям, а таксама далучыцца да ўпадабанай ініцыятывы.

Яшчэ на падыходзе да масіўнага варшаўскага будынку на пляцы Канстытуцыі, 6, у якім месціцца Моладзевы хаб, было відаць, што тут адбываецца нешта незвычайнае. Здавалася б, серада, поўдзень, самы працоўны дзень, але на фэсце было ўжо поўна народу.

Стэнды арганізацыяў, што бралі ўдзел у фестывалі, расцягнуліся ўздоўж сцяны на ўваходзе, было відаць, што там яшчэ вядуцца апошнія рыхтаванні: выкладваюцца інфармацыйныя матэрыялы, папраўляюцца банеры. Але першае, што адчувалася яшчэ на падыходзе да самога будынку, – гэта вытанчаны кававы пах. Побач з самым уваходам вядомы беларускі вазочнік Аляксандр Аўдзевіч з кавярні «Інклюзіўны барыста», нядаўна адкрытай у Варшаве, прапаноўваў усім пакаштаваць сваёй фірмавай кавы. З кубачка гэтага напою для многіх і пачаўся фэст.

Што прапаноўвалі арганізацыі

Пакуль да першай дыскусійнай панэлі яшчэ заставаўся час, мы агледзелі інфармацыйныя стэнды. Больш за два дзясяткі арганізацыяў знаёмілі тут беларусаў са сваімі праектамі. Сярод іх – экалагічная арганізацыя «Экадом», ініцыятыва «#FreeViasna», грамадская арганізацыя «*Сумленныя людзі», Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі, арганізацыя дапамогі палітвязням «Dissidentby», Вольны беларускі ўніверсітэт, грамадская ініцыятыва «Free Belarus Center» і многія іншыя.

Вялікая пляцоўка «*Сумленных людзей» прапаноўвала сфатаграфавацца на фоне ярка-жоўтай фотазоны з цытатамі вядомых беларускіх палітвязняў. Прыцягнулі ўвагу словы Паўла Севярынца, надрукаваныя на таблічцы: «Госпад сваю справу робіць. Галоўнае, каб мы рабілі сваю. А там – усё будзе добра». На банеры побач кожны мог дапісаць свой варыянт працягу фразы «Быць беларусам ці беларускай – гэта…». Паступова тут дадаваліся варыянты ад саміх удзельнікаў: «…быць свабодным», «…верыць і не здавацца!», «…ствараць лепшы свет вакол сябе».

Фотазона арганізацыі «*Сумленныя людзі»‎. Імпрэза «‎Яднайся!»‎ для беларусаў і беларусак. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Як адзначыла прадстаўніца «*Сумленных людзей»‎ Зарына Сарокіна, гэтыя актыўнасці ідуць у падтрыманне іхнай асноўнай адукацыйнай ініцыятывы, у рамках якой яны імкнуцца рабіць так, каб «беларусы задумваліся пра тое, што для іх – быць беларусам», і знайсці ў гэтых паняццях месцы для культуры, для мовы. Таксама Зарына прадставіла зону хуткай узаемадапамогі hutka.help, у рамках якой беларусы могуць непасрэдна дапамагаць беларусам – перадусім звольненым паводле палітычных матываў, былым палітзняволеным, а таксама двойчы ўцекачам: спачатку з Беларусі ад рэпрэсіяў, а пасля яшчэ і з Украіны – ад вайны.

На стэндзе «#FreeViasna» мы знайшлі шмат інфармацыі пра зняволеных вясноўцаў і праверылі свае веды ў невялічкім тэсце паводле фактаў, датычных вядомых праваабаронцаў. Даведаліся шмат новага. Атрымалі суцяшальны прыз… Тут жа можна было напісаць паштоўку вясноўцам, якую прадстаўнікі ініцыятывы абяцалі перадаць калегам у месцы зняволення.

На стэндзе адной з найстарэйшых экалагічных арганізацыяў «Экадом» можна было прагаласаваць за тыя экалагічныя праблемы, што найбольш вас хвалююць, а таксама дапісаць свае варыянты. З дапамогай сэрцайкаў людзі пазначалі, што хвалюе іх найперш ядравая зброя, Беларуская атамная электрастанцыя, пазней з’явілася яшчэ і такая экапраблема, як «Лукашэнка» – і, трэба сказаць, такі адказ меў папулярнасць.

На стэндзе «byProsvet» пагарталі самвыдатаўскія выданні, што распаўсюджваюцца ўнутры Беларусі. Адныя з найбольш папулярных – «Беларускі час» і «Голас Беларусі», штотыднёвыя лістоўкі «Беларуская праўда» і «Гомельская праўда». Як расказалі прадстаўнікі арганізацыі, іхная мэта – падтрымаць незалежны самвыдат у Беларусі, дапамагчы сродкамі, а таксама паклапаціцца пра бяспеку людзей, якія займаюцца такой важнай справай. «Мы не можам ніяк памераць эфектыўнасць гэтай працы, але мы лічым яе вельмі важнаю, бо Telegram не ўсе чытаюць, а мы пакрываем рэгіёны», – кажуць суразмоўцы. Найбольшае пакрыццё маюць Магілёў, Віцебск, Наваполацк і іх ваколіцы. Ёсць самвыдат у Горадні, трошкі менш – у Гомлі. Але найбольшы акцэнт hj,іцца менавіта на вёску, бо там найгоршы доступ да інфармацыі.

Абысці ўсё за адзін раз не паспяваем – пачынаецца першая дыскусійная панэль.

Імпрэза «‎Яднайся!»‎ для беларусаў і беларусак. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Беларуска-ўкраінскія адносіны

Што да саміх дыскусіяў, то арганізатары паклапаціліся пра тое, каб сабраць у іх найбольш надзённыя пытанні. Чатыры панэлі – і на кожнай заяўленыя тэмы, што сёння фактычна не знікаюць з перадавіцаў СМІ: беларуска-ўкраінскі дыялог, салідарнасць і дапамога палітвязням, суб’ектнасць дэмакратычнай Беларусі, а таксама грамадзянская супольнасць і яе развіццё.

Старт быў гарачым. А 12:00 пачалася дыскусія «Беларуска-ўкраінскі дыялог: будучыня двухбаковых адносінаў» з удзелам Вадзіма Мажэйкі з аналітычнай супольнасці «Наше мнение», даследніцы праграмы DAAD Гісэнскага ўніверсітэту Розы Турарбекавай, прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў міжнародных справах Валерыя Кавалеўскага, а таксама прадстаўніка з украінскага боку – Яраслава Чарнагора, дырэктара праграмы вывучэння Расеі і Беларусі «Украінская прызма».

Падчас дыскусіі абмяркоўваліся пытанні, наколькі беларусы і ўкраінцы ведаюць пра тое, што адбываецца ў нашых краінах. Як адзначыў нам пазней у каментары Анатоль Лябедзька, які выступаў у ролі мадэратара сустрэчы, нягледзячы на тое, што мы жывём «праз плот» як суседзі, мы не ведаем адно аднаго. У беларусаў і ўкраінцаў, на ягоную думку, больш высокая якасць ведання адно аднаго на ўзроўні экспертаў, але гэта толькі малая частка грамадства. А цяпер важна, якія прыярытэты маюць лідары думак: артысты, спартоўцы, блогеры, палітыкі – на іх ляжыць «штамп адказнасці»: «Калі мы тут дамовімся і [сфармулюем] правільныя пасылы, то гэта азначае, што і большасць людзей будзе падцягвацца да гэтага ўзроўню, да больш глыбокіх ведаў адно аднаго», – адзначыў Анатоль Лябедзька. Таму, на ягоную думку, значная частка дыскусіі была прысвечаная не пытанням «хто вінаваты», а пытанню «што рабіць».

Рэпартаж
Што рабіць, каб палепшыўся беларуска-ўкраінскі дыялог? Дыскусія на фэсце «Яднайся»
2023.06.14 20:37

Высокая госця

Пасля першай панэлі на тэрыторыю фэсту пачала падцягвацца новая хваля гасцей. У паветры павісла чаканне прыезду высокай госці: на фэст мелася прыехаць дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская, каб узяць удзел у адной з дыскусійных панэляў.

Праз хвілінаў 10 пасля 14:00 у зале Моладзевага хабу, поўнай людзей, пачалося ажыўленне, і да імправізаванай трыбуны, пакрытай бел-чырвона-белым сцягам, выйшла абраная прэзідэнтка Беларусі. Яе сустрэлі воплескамі.

Пасля вітальных словаў яна сказала, што хоча пачаць сваю прамову з адказу на пытанне «Што нас усіх аб’ядноўвае?». «Мы з вамі любім паўтараць, што галоўнае ў Беларусі – гэта людзі. І я абсалютна згодная з гэтым сцвярджэннем. Але я думаю, што справа не столькі ў людзях, колькі ў сіле іхнай любові», – адзначыла Ціханоўская. За апошнія гады беларусаў раскідала ў розныя краіны, але, на ейную думку, важна не губляць «той самай любові, з якой людзі выходзілі ў 2020 годзе і якая дае нам сілы на працяг барацьбы цяпер». Бо любоў – гэта нашая суперсіла, якую ніхто не зможа ў беларусаў адабраць, пакуль мы самі не дазволім гэтаму адбыцца. «Любоў да Беларусі і любоў аднаго да аднаго – гэта тое, што нас аб’ядноўвае», – фактычна гэтымі словамі Святлана Ціханоўская сфармулявала асноўную ідэю фэсту «Яднайся!».

Імпрэза «‎Яднайся!»‎ для беларусаў і беларусак. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Падчас дыскусійнай панэлі, на якой абмяркоўвалася тэма «Бар’еры на шляху салідарнасці і дапамогі палітвязням у Беларусі: як іх пераадолець», Святлана Ціханоўская адзначыла, што ўсе чамусьці забываюць, што яна таксама – жонка палітзняволенага. Падчас размоваў са сваімі дзецьмі ёй часта даводзіцца тлумачыць, дзе іхны бацька, і яна не мае права праяўляць слабасць і боль, паказваць іх іншым.

Рэпартаж
Ціханоўская: Мая маленькая дачка збірае грошы на танк, каб тату ісці вызваляць
2023.06.14 19:06

На дыскусійнай панэлі, мадэраванай Вольгай Гарбуновай, прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльных пытаннях і былой палітзняволенай, уздымаліся найбольш балючыя пытанні: пра колькасць палітычных вязняў, розную паводле розных крыніцаў; пра тое, як можна дапамагаць людзям, якія сядзяць у турмах; што трэба зрабіць, каб гэтыя людзі выйшлі на волю… Стала зразумела, што гэта, бадай, адно з найбольш вострых пытанняў. І ўдзельнікі дыскусіі, былыя зняволеныя Аляксандр Кабанаў і Вольга Паўлава, не абміналі іх.

Шчырыя размовы з удзельнікамі

Пасля ўдзелу ў дыскусіі Святлана Ціханоўская выйшла да стэндаў арганізацый і з цікавасцю праглядала ўсё, што на іх было прадстаўленае. Што кінулася ў вочы, дык гэта нязмушаныя размовы, абмен нефармальнымі рэплікамі, жартамі, усмешкамі. З ёй размаўлялі як з роўнай, даўняй знаёмай, і яна адказвала тым жа.

На стэндзе «Dissidentby» мы падгледзелі, што дэмакратычная лідарка пакінула сваё пасланне ў спецыяльнай гасцявой кнізе: «Усе палітзняволеныя будуць вольныя! Усе злачынцы будуць прыцягнуты да адказнасци! Разам да перамогі!» – напісала Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская аглядае стэнды грамадскіх ініцыятываў. Імпрэза «‎Яднайся!»‎ для беларусаў і беларусак. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

На стэндзе «Экадому» абраная прэзідэнтка адзначыла тры экалагічныя праблемы, што яе найбольш хвалююць у Беларусі: «Ядравая зброя», «Беларуская атамная электрастанцыя» і «Высяканне дрэваў», побач з імі Ціханоўская прыклеіла маленькія налепкі-сэрцайкі для галасавання.

Ад стэндаў Святлана пайшла не з пустымі рукамі – прадстаўнікі арганізацыяў літаральна закідалі яе невялічкімі сувенірамі: фірмавымі майкамі, кніжкамі, налепкамі ды іншымі памятнымі рэчамі.

Што было яшчэ

Акрамя дыскусійных панэляў, падчас фэсту праводзіліся іншыя актыўнасці – сустрэчы, прэзентацыі, майстар-класы.

Так, нашую ўвагу прыцягнуў фільм, паказаны «*Сумленнымі людзьмі». Пасля вайны арганізацыя пачала актыўна працаваць у кірунку антыпрапаганды і шмат увагі надае адукацыйнаму кантэнту. У рамках гэтай кампаніі год таму яны знялі некалькі фільмаў, у якіх актор Аляксандр Ждановіч, больш вядомы як Маляваныч, расказвае пра метады прапаганды, пра тое, як яна ўплывае на масы. У невялічкай зале ўнізе Моладзевага хабу сабраліся ахвотныя, якім было цікава зразумець, як можна супрацьстаяць прапагандзе і што для гэтага трэба рабіць.

Вельмі цікавую размову зладзіў прадстаўнік «Руху за свабоду» Юрась Губарэвіч, які расказаў пра кампанію «Кадравы рэзерв» для Беларусі. Тут закраналіся пытанні таго, як пры выбудове дэмакратычнага грамадства ў нашай краіне хутка і без вялікіх праблемаў змяніць вялікую колькасць чыноўнікаў, якія сёння працуюць на рэжым. З ягоных словаў, на сёння ніводная палітычная сіла не мае дастаткова людзей, якія былі б здольныя замяніць адміністрацыйны апарат, што працуе на рэжым. Уладкаванню гэтага пытання і была прысвечаная прэзентацыя.

Юрась Губарэвіч праводзіць прэзентацыю «Кадравы рэзерв». Імпрэза «‎Яднайся!»‎ для беларусаў і беларусак. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Сваю аўдыторыю сабралі выступленні Руху беларускай салідарнасці, дзе расказвалася пра кірункі дзейнасці і кампаніі, скіраваныя на развіццё і захаванне беларускай мовы і культуры. Майстар-клас пра тое, як змагацца за свае правы пры сутыкненні з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем, правялі прадстаўнікі Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў. Дарэчы, падчас размовы яны праанансавалі Тыдзень супраць катаванняў – штогадовы цыкл акцыяў, прымеркаваны да Міжнароднага дня ААН у падтрыманне ахвяраў катаванняў, які пройдзе з 19 да 26 чэрвеня. Акцыі пройдуць як у онлайн-, так і офлайн-фарматах, на іх будуць расказваць пра факты жорсткага абыходжання прадстаўнікоў лукашэнкаўскіх уладаў з беларусамі.

Фінальныя акорды

Заканчэнне афіцыйнай часткі фэсту было даручанае кіраўніку Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намесніку кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Паўлу Латушку. Ён звярнуў увагу на галоўны вынік таго, што адбылося падчас фэсту: «Сёння ў гэты дзень мы ўсе аб’ядналіся. Гэта вельмі важна, бо, нягледзячы на тое, што мы мусім быць за мяжой, мы не маем права губляць сувязі з Беларуссю, з беларускасцю, з нашым народам, з нашай нацыянальнасцю, з нашай дзяржаўнасцю, з нашай дзяржавай». На жаль, сёння мы не можам яшчэ вярнуцца ў Беларусь, таму мусім захаваць сваю беларускасць, адзначыў Павел Латушка. «Мы мусім быць моцнымі, бо калі не мы, дык хто? Менавіта на нас з вамі адказнасць», – падкрэсліў у канцы сваёй прамовы палітык.

Павел Латушка выступае на закрыцці фэсту. Імпрэза «‎Яднайся!»‎ для беларусаў і беларусак. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

На заканчэнне імпрэзы знадворку ўсіх сустрэлі выступленні беларускіх музыкаў. Бо менавіта музыка стала адным з тых моцных сродкаў, што можа яднаць усіх беларусаў паміж сабой.

І гэтым вечарам музыкі падзяліліся з гасцямі фэсту зусім рознымі настроямі, пачынаючы ад філасофскіх рэфрэнаў спявачкі Ketevan «Радзіму не абіраюць, радзіму не адбіраюць», лірычных падгітарных спеваў ад Lear і заканчваючы голасным выкананнем улюбёнай народнай «Як пайду я ў новую канюшню» ў выкананні Алеся Лютыча (саліста гурта «:B:N:»).

Выступ спявачкі Lear і Алеся Лютыча (саліста гурта «:B:N:»). Імпрэза «‎Яднайся!»‎ для беларусаў і беларусак. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Ці ўдалося аб’яднацца?

«Я думаю, што беларусам цяпер вельмі не хапае такой сітуацыі, дзе мы можам адно аднаму паглядзець у вочы, проста адчуць супольную энергію. І вось гэты фэст паказаў, як шмат добрага насамрэч у нас ёсць. Паглядзіце, колькі цудоўных праектаў у нас нарадзілася, жыве, дапамагае, салідарызуецца, крэатывіць – я думаю, што гэта і ёсць галоўны вынік: падтрымаць гэтую энергію, не даць ёй распаўзціся, а наадварот, падсілкаваць, каб працаваць далей», – такую ацэнку імпрэзе дала прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык.

На думку Анатоля Лябедзькі, цяпер агулам ёсць дэфіцыт пляцовак, на якіх можна размаўляць. «Калі людзі не размаўляюць адно з адным, яны не разумеюць адно аднаго. І гэта прыводзіць да канфліктаў і крызісаў. Чым больш будзе такіх пляцовак, з беларускім кантэнтам, наратывам, з беларускімі спікерамі, якія думаюць пра Беларусь, тым будзе лепш. Таму стратэгічна – гэта вельмі важна, каб мы паразумеліся адно з адным», – адзначыў палітык.

Галоўнае, што стала зразумела пасля правядзення фэсту: цудоўных, патрэбных менавіта цяпер ініцыятываў – мора. І гэткія імпрэзы проста неабходныя для таго, каб пра такія ініцыятывы расказваць. Бо на іх можна чэрпаць энергію, каб сілкаваць сваю дзейнасць і натхняць іншых. А скептыкі, якія гавораць, што сёння нічога не робіцца для таго, каб вярнуць у Беларусь законнасць, парадак, беларускую культуру, мову, маглі на фэсце атрымаць годны адказ: праца ідзе, вельмі бурлівая і плённая, і для яе вельмі патрэбныя рукі. Шмат рук.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў