Турцыю чакае другі тур выбараў


Па выніках апрацоўвання амаль 100 % бюлетэняў высветлілася, што падчас прэзідэнцкіх выбараў у Турцыі ніхто з кандыдатаў не набраў неабходных для перамогі 50 % галасоў.

Вынікі галасавання паводле падліку 99,05 % галасоў. Крыніца: secim.ntv.com.tr

Паводле інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі Турцыі, цяперашні прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган атрымаў 49,36 % галасоў, а ягоны апанент Кемаль Кылычдараглу – 44,99 %.

Другі тур мае быць прызначаны на 28 траўня.

Трэці кандыдат, Сінан Аган ад палітычнага блоку «Радавы альянс» (Ata İttifakı), набраў 5,21 % галасоў. На гэты момант ён пакуль не зрабіў заявы, каго з кандыдатаў, якія лідаруюць, збіраецца падтрымаць.

Паводле падлікаў, яўка на выбары была вельмі высокай і склала 88,84 %, у галасаванні ўзялі ўдзел 53,9 мільёна чалавек.

Абодва кандыдаты ўжо пракаментавалі папярэднія вынікі і выразілі надзею на сваю перамогу.

Цікавы каментар з нагоды выбараў у Турцыі даў гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман:

«Досвед Эрдагана паказвае, што мудры і дасведчаны аўтакрат можа дазволіць сабе правесці даволі сумленны падлік галасоў, без адкрытых падтасоўванняў і грубых маніпуляцыяў. І пасля 20 гадоў ва ўладзе пайсці на другі тур з рэальнаю рызыкаю прайграць. Досведу не займаць і аўтакратам з Менску і Масквы, але мудрасці Эрдагана ў іх няма, а ўладалюбства не ведае межаў», – напісаў ён у тэлеграм-канале.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў