ПВК «Вагнэр» перастала дапамагаць беларускім наймітам атрымліваць грамадзянства РФ у паскораным рэжыме


Пасля заканчэння кантракта ПВК «Вагнэр» больш не дапамагае байцам з Беларусі ў паскораным рэжыме атрымліваць расейскае грамадзянства. Пра гэта журналісту Беларускага расследавальніцкага цэнтру расказаў адзін з вярбоўшчыкаў прыватнай ваеннай кампаніі.

ПВК «Вагнэр». Крыніца: bel-news.by

«Наконт паскоранага грамадзянства, мы нічога не даем ужо, усё. Месяцы два-тры таму [перасталі]», – сказаў супрацоўнік Вагнэра па імені Міхаіл.

З чым звязана такое рашэнне, суразмоўца не ўдакладніў, аднак агучаны ім тэрмін супадае з пачаткам праблем у ПВК – забаронай на вярбоўку зняволеных у Расеі і недахопам боепрыпасаў.

Аб магчымасці для беларусаў атрымаць расейскае грамадзянства афіцыйна не паведамляецца, але летась пра гэта згадвалася ў пасце адной з груп для вярбоўкі ва «Вконтакте».

«Праз паўгода працы вы атрымліваеце грамадзянства РФ па паскоранай праграме і можаце спакойна ездзіць у Афрыку і іншыя кантыненты», – гаворыцца ў паведамленні, прысвечаным беларусам у ПВК Вагнэра. Адміністратар пабліка са спасылкай на «супрацоўніка з Беларусі» таксама сцвярджаў, што «многія з яго суайчыннікаў жадаюць працаваць у «Вагнэр», але перажываюць, што іх не возьмуць або падмануць».

Вярбоўшчыкі, з якімі размаўляў журналіст БРЦ, адмовіліся назваць хаця б прыкладную колькасць беларусаў у складзе прыватнай ваеннай кампаніі. Толькі заявілі, што іх шмат.

«Братэрскі народ, шмат хлопцаў тэлефануюць, кожны дзень тэлефануюць. Я кажу, далёка хадзіць не трэба, у мяне прэч сусед побач сядзіць, таксама з Беларусі. Прыехаў, працуе, ужо другая камандзіроўка ў яго. Але ён трохсоты», – сказаў суразмоўца.

Пры гэтым беларусы могуць адправіцца ваяваць ва Украіну на баку Расеі не толькі ўступіўшы ў ПВК «Вагнэр», але і падпісаўшы кантракт з Узброенымі сіламі РФ. За гэта, згодна з новым указам, беларусу і любому іншаму замежніку можна будзе атрымаць расейскае грамадзянства ў спрошчаным парадку.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў