У беларускіх тэатрах ідуць масавыя звальненні


У двух беларускіх тэатрах адбываюцца масавыя звальненні працаўнікоў, піша выданне «Зеркало». Гаворка пра Менскі абласны тэатр лялек «Батлейка» і віцебскі Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа.

Спектакль Менскага абласнога тэатру лялек «Батлейка».
Фота: kultura-minobl.gov.by

Звальненні ў маладзечанскай «Батлейцы» пачаліся сёлета ў лютым. Тады была звольненая дырэктарка Таццяна Чаеўская, не працягнулі кантракт галоўнаму бухгалтару, галоўнаму адміністратару, дваім працаўнікам майстэрняў, касцюмеру і дзвюм прыбіральніцам.

У дзяржаўнай прэсе аспрэчвалі факт, што Чаеўская звольненая, аднак на сайце самога тэатру выканаўцам абавязкаў дырэктара значыцца галоўны інжынер тэатру Мікалай Тамашэўскі, які, паводле ўласнага прызнання, займаецца ў тым ліку і прыдумваннем сцэнароў для новых спектакляў (людзі, адказныя за гэта, з тэатру звольненыя).

Апошнім часам з установы звольнілі таксама галоўнага мастака, мастака-мадэльера, мастака-скульптара, загадчыка гаспадаркі, загадчыка пастановачнай часткі, дворніка, кіроўцу, бутафора, вартаўніка, сантэхніка, асвятляльніка. Як бачна, піша «Зеркало», звальненні закранаюць пераважна працаўнікоў тэатру, але актораў пры гэтым пакідаюць. Усё гэта можа сведчыць на карысць версіі, што тэатр збіраюцца далучыць да мясцовага Палацу культуры.

Такім чынам, усё гэта можа прывесці да знікнення заснаванага ў 1990 тэатру, які за гады сваёй працы ўзнагароджваўся разнастайнымі дыпломамі і ўзнагародамі на міжнародных фестывалях тэатраў лялек. А ў 2018 годзе адзін са спектакляў «Батлейкі» стаў пераможцам Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

Што да Нацыянальнага тэатру імя Якуба Коласа, то, паводле «Зеркала», у ім не працягнулі кантракты ад пяці да дзесяці асобам. З прычыны таго, што некаторыя яшчэ дапрацоўваюць кантракты, крыніца выдання папрасіла не называць прозвішчаў людзей.

У краіне цяпер працуе 28 тэатраў. Але апошнім часам у шмат якіх пачаліся праблемы. Так, у 2023 годзе перастаў існаваць тэатр аднаго актора «Зніч», у іншых установах праходзяць звальненні: у сакавіку страціў сваю пасаду дырэктар менскага Музычнага тэатру Сяргей Пукіта, якога звольнілі пасля таго, як варонежскі аркестр выканаў на сцэне тэатру песню «Перемен!» Віктара Цоя, у красавіку быў звольнены мастацкі кіраўнік віцебскага тэатру «Лялька» Віктар Клімчук.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў