Увага! Фэйкавы канал «BYPOL» паведамляе пра актывізацыю плану «Перамога 2.0»


У шмат якіх чатах з’яўляецца паведамленне ад імя дэмакратычных сілаў, што запушчаны план «Перамога 2.0». Інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, заяўляюць прадстаўнікі розных дэмакратычных структураў і папярэджваюць пра небяспеку пераходу па спасылках з фэйкавага паведамлення.

Сёння ў сеціве з’явіўся допіс разам з відэа, у якім гаворыцца, што АПКБ мае інфармацыю, быццам выбары ў Расеі стануць «першым этапам разбурэння крамлёўскага рэжыму пад націскам ЗСУ і легіёну «Свабодная Расея». У сувязі з гэтым нібыта беларускія дэмакратычныя сілы мусяць быць гатовыя да «акна магчымасцяў для рашучых дзеянняў у выпадку наступлення крызісу ў РФ», а таму нібыта «лідару беларускага падполля і кіраўніку «BYPOL» Аляксандру Азараву даручана… арганізаваць выкананне плану [плану «Перамога»] для дасягнення мэтаў вызвалення Беларусі».

У «BYPOL» у сваю чаргу заявілі, што гэта фэйк, «створаны прадстаўнікамі рэжыму».

У сацыяльных сетках Святлана Ціханоўская таксама кажа, што паведамленне пра запуск плану «Перамога» фэйкавае. Яна заклікала беларусаў быць пільнымі і не пераходзіць па спасылках у фэйкавым паведамленні:

«Ні ў якім разе не пераходзьце па спасылках у гэтым паведамленні. Гэты «зварот» зроблены з мэтаю дэананімізацыі карыстальнікаў».

Сапраўды, відаць, што канал створаны 13 сакавіка, тады ж дадалі амаль усе паведамленні.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў