Лукашэнка заявіў, што цяпер сітуацыя больш небяспечная, чым у 2020 годзе


Падчас прымеркаванай да 30-годдзя Канстытуцыі сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў 2020 годзе яму дапамог утрымаць уладу толькі Бог, але цяпер сітуацыя яшчэ больш небяспечная.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі не ўпершыню выказаў нічым не абгрунтаваную думку, што калі б ён страціў уладу ў 2020 годзе, то паміж Расеяй і Захадам распачалася б ядравая вайна.

«Бог нам дапамог у 2020 годзе. Калі б мы тады не выстаялі, тут была б вайна. Яны б сюды зацягнулі войскі NATO. Уявіце рэакцыю Расеі: каля Смаленску – войскі NATO. Гэта ж ядравая вайна была б, – цытуе Лукашэнку БелТА. – Мы выстаялі. Бог дапамог. Не прэзідэнт, які бегаў з аўтаматам там, з дзіцем… Ніхто. Бог – ён нас проста абараніў.

Сёння яшчэ больш небяспечная сітуацыя. Больш небяспечная тым, што мы яе не бачым. Напалову не бачым. І я ў тым ліку, маючы большы абʼём інфармацыі. Таму трэба акуратна. Ідзём па тонкім лёдзе. Лішні няправільны крок – правалімся. Нас ніхто не ўратуе».

Лукашэнка таксама выказаўся наконт працы Усебеларускага народнага сходу, які, згодна з новаю версіяй Канстытуцыі, надзелены вялікім паўнамоцтвамі. Паводле яго, варта пазбегчы канфлікту паміж УНС і кіраўніком дзяржавы:

«Прэзідэнту, які б там ні быў прэзідэнт, давядзецца лічыцца з пастановамі, вынесенымі на Усебеларускім народным сходзе. Маё цяпер заданне – не дапусціць канфлікту гэтага. У гісторыі было заўсёды так – канфліктавалі. А нам нельга дапусціць гэтага».

Лукашэнка падкрэсліў, што УНС мусіць «акуратна» знайсці сваё месца ў грамадскім ладзе Беларусі, «не перашкаджаючы прэзідэнту».

Аналітыка
Выбары ва УНС: як у Беларусі кулуарна ствараюць «калектыўнага Лукашэнку»
2024.03.14 07:00

Нагадаем, што УНС паводле новай Канстытуцыі мае статус найвышэйшага прадстаўнічага органу народаўладдзя. Згодна з законам, УНС можа нават адправіць у адстаўку прэзідэнта ў выпадку сістэматычнага грубага парушэння ім Канстытуцыі або ўчынення дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў