Журналісты знайшлі планы Расеі для падпарадкавання Малдовы. Некаторыя ўжо праваленыя


У рукі групы міжнародных журналістаў-расследавальнікаў трапіла расейская стратэгія палітычнага і эканамічнага падпарадкавання Малдовы – яе стварылі ў тым жа дэпартаменце, што і план паглынання Беларусі. У малдаўскай стратэгіі Крэмль плануе перашкодзіць краіне збліжацца з Румыніяй і збіраецца навязаць расейскую мову.

Штаб-кватэра ўраду Кішынэву, Малдова.
Фота: Piotr Pogorzelski / Белсат

Публікацыю падрыхтавалі супольна «Досье» (Расея), RISE (Малдова), «Delfi» (Эстонія), «Kyiv Independent» (Украіна), Belarusian Investigative Center (Беларусь), «Yahoo News» (ЗША), «Süddeutsche Zeitung» (Нямеччына), «Westdeutscher Rund», «Norddeutscher Rundfunk» (Нямеччына), «Expressen» (Швецыя), «Frontstory» (Польшча) і «VSquare» (Вышэградская група).

Дакумент, які атрымалі журналісты, называецца «Стратэгічныя мэты Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Малдова». Яе распрацавалі ў кіраўніцтве прэзідэнта Расеі ў пытаннях памежнай супрацы Адміністрацыі прэзідэнта і ўзгаднілі з расейскімі спецслужбамі. Там жа рыхтавалі і падобны дакумент адносна паглынання Беларусі.

Абноўлена
Лукашэнка пра стратэгію паглынання Беларусі Расеяй: Я размаўляў пра гэта з Пуціным 24 лютага
2023.02.25 12:39

Рэалістычнымі мэтамі на гэтае дзесяцігоддзе аўтары дакументу лічаць:

  • супрацьстаянне ўплыву NATO і Еўразвязу ў Малдове;
  • прымус Малдовы да ўдзелу ў АДКБ, ЕАЭС і іншых расейскіх міжнародных праектах;
  • урэгуляванне прыднястроўскага канфлікту на падставе асаблівага статусу Прыднястроўя пры ўдзеле Расеі;
  • нарошчванне прарасейскіх настрояў у грамадстве праз прапаганду і адукацыйныя праграмы.

Задачы Крамля ў Малдове

Згодна з дакументам, да 2022 года РФ планавала перашкаджаць уладам Малдовы выключыць Расею з урэгулявання прыднястроўскага канфлікту і хацела захаваць расейскую вайсковую прысутнасць на непрызнанай тэрыторыі. У задачы Адміністрацыі прэзідэнта таксама ўваходзіла падтрыманне малдаўскіх прарасейскіх палітыкаў.

Акрамя таго, стратэгія прадугледжвала эксплуатацыю Расеяй залежнасці Малдовы ад расейскага імпарту, каб нейтралізаваць палітыку Рэспублікі, якая супярэчыць інтарэсам Крамля. У тым ліку і з дапамогай газавага шантажу.

Іншай важнай задачай для Крамля было не даць абмежаваць, а толькі пашыраць расейскія медыі ў Малдове. Аднак улады краіны ў 2022 годзе ўсё ж закрылі шэсць расейскіх тэлеканалаў. Свой уплыў Крэмль хоча ўзмацніць стварэннем сеткі НДА на тэрыторыі Малдовы.

«Такія цэнтры патэнцыйна маглі б або служыць дадаткам да іх прапаганды, або стаць пунктамі збору інфармацыі ці базамі для ФСБ і СВР», – мяркуе былы прадстаўнік Малдовы ў ААН Уладзімір Лупан.

Наступным крокам Крамля мусіць стаць павелічэнне электарату прарасейскіх малдаўскіх палітыкаў, фармаванне прарасейскіх настрояў сярод малдаўскіх элітаў, а таксама адмова ад палітыкі «румынізацыі». Праўда, нядаўна парламент Малдовы прагаласаваў за тое, каб змяніць у Канстытуцыі краіны назву афіцыйнай мовы – з малдаўскай на румынскую.

У эканамічным сектары РФ спадзяецца забяспечыць устойлівы экспарт расейскіх тавараў і паслуг у Рэспубліку, а таксама лабіяваць інтарэсы з сепаратысцкага рэгіёну Прыднястроўе і прарасейскай аўтаномнай Гагаузіі.

Таксама планавалася да 2030 года захаваць за расейскай мовай статус мовы міжнацыянальных зносінаў і зменшыць прысутнасць валюты «трэціх краінаў» у гандлі з РФ, павялічыць колькасць малдаўскіх студэнтаў у расейскіх ВНУ. Таксама Крэмль хоча супрацьдзейнічаць супрацы Малдовы з NATO і да 2025 года дыскрэдытаваць Альянс у вачах жыхароў краіны.

Мэты не робяцца лягчэйшымі

«Мэта тут не ў тым, каб падступна анексаваць краіну, а ў тым, каб узмацніць прарасейскі ўплыў у Малдове. І перш за ўсё для перадухілення пранатаўскіх і праеўрапейскіх плыняў. Крэмль разглядае Малдову хутчэй як арыентаваны на Расею буфер, чым як частку Расейскай імперыі. Як і з Грузіяй, размова ідзе больш аб тым, каб паставіць Захаду знак «стоп» і выкарыстоўваць усе сродкі, каб не дапусціць, каб краіна стала чсябрам ЕЗ і NATO», – мяркуюць удзельнікі расследавання.

Аднак, на іх думку, малдаўскае кіраўніцтва ўзяло відавочна празаходні курс, таму «стратэгічныя мэты Крамля з цягам часу становяцца ўсё цяжэйшымі, а не лягчэйшымі».

Аналітыка
Медыі распавялі пра план Крамля па паглынанню Беларусі. На што варта звярнуць увагу
2023.02.21 17:31

Нагадаем, 21 лютага стала вядома, што ў рукі журналістаў трапіў дакумент Fдміністрацыі прэзідэнта РФ пад назвай «Стратэгічныя мэты Расейскай Федэрацыі на беларускім кірунку», згодна з якім Масква плануе ўзяць пад поўны кантроль Беларусі да 2030 года.

Пасля абнародавання гэтых планаў амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) выказаў меркаванне, што NATO павінна сур’ёзна падрыхтавацца да магчымага будучага кантролю Расеяй Беларусі, кажучы пра тое, што «Пуцін, хутчэй за ўсё, дабʼецца значных поспехаў у аднаўленні сюзерэнітэту Расеі над Беларуссю, незалежна ад выніку ўварвання ва Украіну».

Hавiны
ISW раіць NATO рыхтавацца да акупацыі Расеяй Беларусі
2023.02.22 14:49

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў