«Танней за рулон туалетнай паперы». Што праціўнікі і прыхільнікі Лукашэнкі кажуць пра Канстытуцыю


У Беларусі 15 сакавіка адзначаецца Дзень Канстытуцыі – у гэты дзень у 1994 годзе была прынятая першая Канстытуцыя сучаснай беларускай дзяржавы. Той дакумент неаднаразова перапісвалі з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі і парушаюць проста цяпер. Перадаем, што пра асноўны закон Беларусі кажуць у Дзень Канстытуцыі.

Здымае мае ілюстрацыйны характар. Канстытуцыя, якую Андрэй Макоўскі прывёз з Беларусі. Варшава, Польшча. 1 лютага 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Некаторыя краіны, як Турэччына ці Польшча, адзначаюць Дзень Канстытуцыі як галоўнае нацыянальнае свята, ды ў Беларусі гэтае свята мала заўважнае, калі не сачыць за дзяржаўнымі медыямі. У тых медыях 15 сакавіка – як шаблонныя віншаванні, так і як мінімум спрэчныя выказванні.

Улады: Канстытуцыя за мір, для ўсіх і дзеля будучыні

Так, Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні з Днём Канстытуцыі сцвярджае:

«Абноўленая ў пераломны для краіны час Канстытуцыя захавала асноўныя прынцыпы міралюбнасці, сацыяльнай справядлівасці, павагі да дасягненняў мінулага, пераемнасць традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народу, стала надзейнай асновай для ўмацавання грамадскага адзінства, сацыяльна-палітычнай стабільнасці, зладжанай і эфектыўнай работы ўсіх галін улады».

Менавіта падчас гэтага абнаўлення, у лютым 2022 года, з тэрыторыі Беларусі расейскія войскі атакавалі Украіну, а той самы Лукашэнка прызнае сябе суагрэсарам. У старой рэдакцыі Канстытуцыі было прапісанае памкненне Беларусі да нейтралітэту, а ў новай, прынятай 27 лютага 2022 года, дык наогул наўпрост напісана: «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаваў». Ваенная агрэсія з тэрыторыі Беларусі не спынілася пасля прыняцця гэтых зменаў: расейскія войскі перасталі ісці ва Украіну з Беларусі пасля паразы ў бітве за Кіеў, расейскія ракеты перасталі ляцець з Беларусі ва Украіну ў канцы 2022 года з невядомай прычыны.

Улады робяць выгляд, што гэтых і іншых супярэчнасцяў (як то палітычнага пераследу або пазбаўлення грамадзянства, набытага па нараджэнні) няма.

Напрыклад, кіраўнік праўладнай «Белай Русі» Алег Раманаў расказваў 15 сакавіка студэнтам, што «ведаць Канстытуцыю неабходна для таго, каб разумець, у якім напрамку развіваецца наша краіна, які свет мы будуем, за што мы змагаемся». Старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік распавядаў школьнікам (якім на Дзень Канстытуцыі раздаюць першыя пашпарты), што Канстытуцыя амаль 30 гадоў «забяспечвае мірнае, стабільнае развіццё нашай краіны» і «закладвае аснову для развіцця грамадзянскай супольнасці».

Суддзя Канстытуцыйнага суду Ала Бодак кажа пра ўзмацненне ў Канстытуцыі «прынцыпу сацыяльнай справядлівасці» і «пашырэнне магчымасці сацыяльных правоў грамадзянаў», закладзеныя ў Канстытуцыю «духоўна-маральныя пачаткі для развіцця нашага грамадства. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валянцін Семяняка перакананы, што «грамадства сёння сплаціла Канстытуцыя, падвысіўся давер да ўлады», а таксама лічыць, што «суверэнітэт – гэта неад’емная прыкмета нашай дзяржавы».

У Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці 15 сакавіка зладзілі дыялогавую пляцоўку пад назвай «Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь – гарант Канстытуцыі». Там дырэктар Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі Андрэй Мяцельскі даводзіў, што цяперашняя Канстытуцыя – «сапраўды народны дакумент». А кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка запэўніваў моладзь, што Канстытуцыя «нацэленая ў будучыню», што яна «для ўсяго беларускага народу».

Старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава дык наогул заяўляе 15 сакавіка, што «мы прававая дзяржава – мы жывем, жылі і будзем жыць паводле законаў». Качанава – блізкая паплечніца Лукашэнкі, які адкрыта прызнаваў, што ў Беларусі «часам не да законаў», калі трэба змагацца з палітычнымі апанентамі.

Аналітыка
У Беларусі мяняюць палітычную сістэму? Будзе таталітарызм? Што значыць шэраг новых законаў
2023.02.28 07:00

Апазіцыя: Гэтая Канстытуцыя паламалася, нясіце новую

Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 15 сакавіка піша:

«Сёння дзень Канстытуцыі. Канстытуцыі, якую за апошнія 28 гадоў некалькі разоў незаконна перапісвалі. Канстытуцыі, чые артыкулы сістэматычна парушаў рэжым, акрамя, хіба што, артыкула 20: Менск – сталіца Беларусі. Канстытуцыі, якая ўжо даўно страціла свой сэнс».

Яна адзначае, што гэта не той дзень, з якім можна павіншаваць, але той, «калі можна нагадаць сабе, як шмат мы з вамі ўжо зрабілі на шляху да вяртання сваіх канстытуцыйных правоў». Ціханоўская дадае, што дэмакратычныя сілы ўжо маюць бачанне таго, як мусіць выглядаць «Канстытуцыя Новай Беларусі» – праект можна абмеркаваць на сайце Kanstytucyja.online.

Офіс Ціханоўскай у гэты ж дзень выпускае тлумачальнае відэа пра Канстытуцыйны суд.

Амбасада Злучаных Штатаў у Беларусі 15 сакавіка заяўляе:

«У Дзень Канстытуцыі, мы разам з Ціханоўскай і народам Беларусі. Мы падтрымліваем іх адважную працу па аднаўленні канстытуцыйных правоў і вяршэнства закона ў больш справядлівай будучыні».

Адметна, што ў Дзень Канстытуцыі Ціханоўская расказала, што будзе падаваць скаргу на завочны прысуд ёй, бо такі прысуд парушае базавыя правы і свабоды чалавека. Яна нават не выключае, што будзе звяртацца ў міжнародныя органы, у тым ліку пры Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, бо было парушанае не толькі нацыянальнае заканадаўства, а і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Сябра Каардынацыйнай рады, праваабаронца Раман Кісляк 15 сакавіка кажа:

«Часткова мы сёння ў такой сітуацыі менавіта з-за слабой Канстытуцыі 1994 года. Тут гаворка не толькі пра тэкст, а пра тое, што мы не абаранілі Беларусь, свае каштоўнасці, дэмакратыю, незалежнасць ад тыраніі, якая насунулася. Нормы Канстытуцыі не сталі нашым стандартам, які абараняе нас ад узурпацыі ўлады».

Ён заяўляе аб неабходнасці «вярнуць саму Канстытуцыю» – абмежаванне ўлады, механізмы «даваць па сініх пальцах».

Дарадца Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька ў гэты дзень яшчэ больш рэзка выказваецца ў Twitter: Канстытуцыя «танней за туалетную паперу», аб яе чыноўнікі «выціраюць ногі».

Журналіст «Еўрарадыё» Міхась Ільін жартуе ў Twitter: «Хаця б пры дапамозе календара можна не забыцца пра наяўнасць Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь». Ён прапануе адзначаць Дзень Канстытуцыі 30 лютага.

А выданне Kyky.org збірае ў Twitter топ артыкулаў Канстытуцыі, якія парушаюць у Беларусі.

Hавiны
Чаму сёння? На які дзень розныя краіны прызначаюць нацыянальныя святы
2021.07.03 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў