«Мы нічога даказваць не абавязаныя». Вольга Сафронава – віцэ-чэмпіёнка Польшчы па аб'язджанні


Беларускі рэжым і прапаганда, што абслугоўвае яго, усялякі раз стараюцца прынізіць спартоўцаў, якія вымушаныя былі з’ехаць з краіны.

Кацярына Сныціна, Крысціна Ціманоўская і Вольга Сафронава. Калаж з фота: ksnytsina / Facebook; Белсат; прапанавана рэдакцыі

15 снежня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, якая афіцыйна называлася «Даклад «Аб асобных пытаннях развіцця спорту ва ўмовах санкцыяў», адбыўся такі дыялог:

Міністр спорту Сяргей Кавальчук: «Спартоўцы працягваюць выступаць у рознага роду сусветных спаборніцтвах, але без нацыянальнай сімволікі…»

Лукашэнка: «Тое, што без сімволікі, – гэта дрэнна. Без сцяга, без гімну і іншае. Але гэта не катастрофа».

Кавальчук: «Дакладна так!»

Лукашэнка: «У спартоўца сапраўднага, не тых, якія ў вас беглі. І няхай бягуць туды. Яны як тут беглі, гэтак і там бягуць… У сапраўднага спартоўцы з сэрца сцяг і гімн не вырвеш…»

Кавальчук: «Вы абсалютна справядліва і правільна кажаце, таму што мы аналізуем і глядзім у тым ліку за тымі ж «бегунамі», якія збеглі. Вынікі ў іх там не растуць».

Лукашэнка: «Яны ніколі там не пакажуць выніку, яны там людзі другога гатунку».

Вольныя спартоўцы прывыклі даказваць сваю прафпрыдатнасць не словамі і крыўдамі, а вынікамі. Вызваліўшыся ад путаў лукашэнкаўскай ідэалогіі і міністэрскага маральнага ціску, сапраўдныя беларускія нацыянальныя атлеты не адразу, вядома, але ўсё часцей сталі праяўляць сябе і на чужыне.

Так, адна з названых правадыром рэжыму «чалавекам другога гатунку» Карына Казлоўская ўжо летась, праз два месяцы пасля пераезду ў Польшчу, заваявала тры залатыя медалі на моладзевым чэмпіянаце Польшчы ў стральбе з лука. Акрамя таго, 22-гадовая дзяўчына, неаднаразовая чэмпіёнка Беларусі і ўладальніца «Гран-пры Еўропы» ўсталявала тры рэкорды: адзін асабісты і два польскія нацыянальныя ў катэгорыі «спартоўцы да 24 гадоў».

Баскетбалістка Кацярына Сныціна, былая капітанка нацыянальнай зборнай, напрыканцы студзеня гэтага года выгуляла са сваім новым клубам «Лондан Лаянз» Кубак Вялікай Брытаніі. У сярэдзіне лютага 2023-га лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская стала срэбнаю прызёркаю чэмпіянату Польшчы ў закрытых памяшканнях у бегу на 60 метраў. І нарэшце (пакуль нарэшце) вершніца Вольга Сафронава ў мінулы ўік-энд была абвешчаная віцэ-чэмпіёнкаю Рэспублікі Польшча ў зімовым чэмпіянаце краіны па аб’язджанні. Спаборніцтвы адбыліся на поўдні Польшчы ў гарадку Радзёнкаў (Radzionków), што за 25 кіламетраў ад Катавіцаў. Прычым Вольга была найлепшаю з жанчын. Яе дуэт з 15-гадовым канём ольдэнбургскай пароды на мянушку Сандра дэ Амур саступіў толькі мясцоваму конніку Матэўшу Ціханю (Мateusz Cichoń).

Нам ўдалося пабываць на гэтых спаборніцтвах, а пасля фінальных выступленняў паразмаўляць з Вольгай.

Вольга Сафронава. Прадмесце Варшавы, Польшча. 1 чэрвеня 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

– Гэта не першы ваш медаль увогуле ў Польшчы, але, калі так можна сказаць, першы афіцыйны.

– Так. Летась я ўжо займала высокія прызавыя пазіцыі ў розных нацыянальных турнірах улетку 2022 года. Бо, калі была ў працэсе змены спартовага грамадзянства, я не магла выступаць у міжнародных турнірах за мяжою. Выходзіла на старты пераважна на Сандра, але таксама дэбютавала з маладзейшым Лео.

– І як вам дублёр Сандра?

– Лео – вельмі таленавіты конь, але надта гарачы паводле тэмпераменту. Таму я не хачу з ім спяшацца і даю яму час саспець. Лагічна, што на чэмпіянат краіны я выбрала спраўджанага ў баях Сандра. Бо выступала тут упершыню.

– Напярэдадні, пасля кваліфікацыі, вы казалі, што былі некаторыя памылкі, але ў фінале будзе лепей. На чым палягала такая ўпэўненасць?

– Так, мы дапусцілі некалькі «дарагіх» па балах хібаў у першы дзень спаборніцтваў, але для пачатку сезону гэта звычайная справа. Напачатку кожнага года коніку складана захаваць поўную канцэнтрацыю на вершніку ва ўмовах спаборніцтваў у новым, абсалютна незнаёмым яму месцы. У нашым выпадку перапынак быў два гады, калі не лічыць аднаго выступу ўлетку 2022-га. Гэта ў спорце вялізны перыяд часу.

Назапашаны досвед удзелу ў спаборніцтвах, тым больш, на дарослым кані, дае ўпэўненасць і веды таго, якую памылку і як я магу выправіць на наступны дзень. Менавіта таму я і была так упэўненая, менавіта так у выніку і атрымалася, што мы прайшлі фінальны тэст без тэхнічных збояў. Я вельмі была задаволеная і фізічным і эмацыйным станам Сандра. Выступаць пасля такога доўгага вымушанага перапынку для яго было складанай задачай, але ён праявіў свае найлепшыя якасці сапраўднага байца і напоўніцу супрацоўнічаў са мной на працягу ўсяго тэсту.

Вольга Сафронава праводзіць трэніроўку. Прадмесце Варшавы, Польшча. 1 чэрвеня 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

– Але ж былі блізкія да таго, каб і ўвогуле стаць чэмпіёнкай.

– Розніца паміж намі і супернікамі ў фінале склала 0,065 % паводле ацэнак суддзяў. Такія разрывы ў нашым відзе спорту – рэдкасць. Звычайна ацэнкі розняцца дзясятымі і цэлымі адсоткамі. Але пара, якая перамагла на турніры, базуецца на месцы правядзення тых спаборніцтваў. Гэта значыць, што конь добра ведае свой манеж, бо кожны дзень выходзіць на гэтае пакрыццё, і ўсё тут жывёліне і яе гаспадару знаёмае. Таму Гэрцрэгент (мянушка каня пераможцы – Матэўша Ціханя) як у сваім доме пачуваўся, больш спакойна і разняволена.

– Мне падалося, што вельмі хутка ў вас усё зладзілася. Яшчэ ў лістападзе пісалі, што атрымалі дакументы на грамадзянства і чакаеце з пачатку 2023 года заканчэння працэсу змены Федэрацыі, але ўжо ў снежні пахваліліся тым, што сталі суцэльнай і грамадзянкай і спартоўкай Рэспублікі Польшча.

– Так, атрымалася крыху раней, чым мы чакалі. Такі своеасаблівы падарунак да Новага года. 28 снежня ў FEI (Fédération Equestre Internationale, Міжнародная федэрацыя коннага спорту) я была зарэгістраваная пад бяла-чэрвоным сцягам Польшчы. Цяпер засталося вытрымаць двухгадовы каранцін (трэба пражыць у новай краіне суцэльна гэты тэрмін без перапынку). Ён заканчваецца  ўжо сёлета – 22 чэрвеня.

– Беларускі рэжым і прапаганда, што абслугоўвае яго, усялякі раз стараюцца прынізіць спартоўцаў, якія вымушаныя былі з’ехаць з краіны. Маўляў, там яны нікому не патрэбныя, будуць галодныя і замерзлыя. Я ўжо не бяру пад увагу асабістыя, самыя брыдкія абразы, што дапусцілі прапагандысты пасля срэбра ў чэмпіянаце Польшчы Крысціны Ціманоўскай. Вас гэта неяк чапляе?

– Я ўпэўненая, што людзі ўсё бачаць і цудоўна разумеюць, але яны асэнсавана пагадзіліся на гэтую брудную працу. Мы ж нічога нікому даказваць не абавязаныя. Мы проста рабілі і працягнем рабіць свае любімыя справы, выходзіць на арэну і старацца паляпшаць уласныя вынікі.

Вершніца Вольга Сафронава (злева). Фота прапанаванае суразмоўцай

– Чым займаліся ў зімовы час? Трэнаванняў было меней?

– На колькасць заняткаў не ўплывае ні надвор’е, ні выходныя, ні святочныя дні. Я практычна ўвесь свой час праводжу ў стайні, што пад Варшаваю. Зразумела, у зімовы перыяд спаборніцтваў трохі меней, але і гэта залежыць ад фінансавання і наяўнасці коней. Некаторыя спартоўцы, якія маюць дастатковую колькасць жывёлінаў, адлятаюць з імі на зіму ў Флорыду альбо ў Эміраты і не перарываюць сезону. Мы ж пакуль вымушаныя рабіць перапынкі і падбіраць старты індывідуальна, каб захаваць здароўе партнёра.

– Як я зразумеў з польскага друку, гэтая краіна вельмі разлічвае на вас як на трэцюю асобу, якая занесеная ў базу звестак FEI у якасці патэнцыйнага ўдзельніка кваліфікацыі да Алімпійскіх гульняў групы С па аб’язджанні.

– Гэты год ёсць кваліфікацыйным і вырашальным для атрымання пуцёўкі ў Парыж. Таму, вядома, усе планы і мэты звязаныя з ім. 7–12 чэрвеня ў Вугоршчыне (Піліш’ясфалу, Pilisjászfalu – вёска ва ўездзе Пэшт у ваколіцах Будапэшту) адбудзецца камандная кваліфікацыя на Алімпійскія гульні. Калектыў-пераможца атрымае наўпроставую пуцёўку на Алімпіяду-2024. Усе астатнія краіны працягнуць барацьбу за яшчэ дзве індывідуальныя ліцэнзіі ў групе С (сюды аднесеныя краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама Цэнтральнай Азіі). Мы робім усё магчымае, каб дамагчыся гэтага.

– Але ж каранцін заканчваецца 22 чэрвеня, а кваліфікацыйны турнір павінен адбыцца раней на два тыдні.

– Цяпер мы ўзмоцнена працуем з адвакатам і польскай федэрацыяй, каб скараціць тэрмін на два тыдні і мець магчымасць выступіць у Вугоршчыне.

– Напэўна, не будзеце проста сядзець і чакаць. Трэба ж недзе яшчэ і выступаць.

– Гэта відавочна. Наступны старт у мяне запланаваны на пачатак красавіка ў Славаччыне. Потым, хутчэй за ўсё, будзе Чэхія. Афіцыйна я ўжо магу выступаць на міжнародных спаборніцтвах за выключэннем чэмпіянатаў свету, Еўропы, Алімпійскіх гульняў і Кубка нацыяў. Але гэта толькі да 22 чэрвеня 2023 года. А потым – усюды! Дасць Бог, дадзім рады і раней.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

 

Стужка навінаў