Хто зацікаўлены ў поўнай ізаляцыі Беларусі?

У Менску ёсць сілы, якія зацікаўленыя ў тым, каб дачыненні лукашэнкаўскай Беларусі з заходнімі суседзямі абвастраліся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стэнды з партрэтам палітзняволенага актывіста ды журналіста Анджэя Пачобута і кіраўніцы Саюзу палякаў Анджэлікай Борыс у цэнтры Варшавы, Польшча. 12 кастрычніка 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Перспектыва поўнага закрыцця межаў з Польшчаю ды Прыбалтыкаю моцна непакоіць рэжым. Аляксандр Лукашэнка разумее, што ў такім выпадку губляе галоўную карту замежнай палітыкі Беларусі – краіна перастае быць транзітнай. Гэта не праблема Кітаю ці таго ж Казахстану, якія маюць іншыя гандлёвыя шляхі ў Еўропу. Гэта вялізная доўгатэрміновая праблема і пагроза для суверэнітэту Беларусі. Перадусім таму, што беларускі замежны гандаль будзе цалкам падпарадкаваны Расеі, ад партоў і чыгункі якой будзе залежаць лёс беларускіх прадпрыемстваў і мільёнаў звязаных з імі жыхароў краіны. І калі рэжым Пуціна перажыве вайну з Украінай, такая залежнасць ад усходняга суседа створыць беспасярэднюю пагрозу дзяржаўнасці Беларусі. І для ўлады Лукашэнкі.

Каб перадухіліць такі сцэнар, рэжым мусіць не толькі лагодзіць агрэсіўную рыторыку, але і рабіць пэўныя «непапулярныя» ў варунках дыктатуры крокі. Напрыклад, вызваліць Анджэя Пачобута і сігналізаваць Польшчы, што Менск не хоча ставіць крыж на адносінах з Варшавай. Але Пачобут не хоча пісаць «прашэння аб памілаванні», трымаецца моцна і не мяняе поглядаў. Вызваліць без папярэдніх умоваў – для рэжыму будзе не камільфо. Гэта прадэманструе слабасць рэжыму, зменшыць напружанасць у грамадстве. А напружанасць дапамагае трымаць сітуацыю пад кантролем ужо больш за два гады. Нельга чакаць ад дыктатара рацыянальных дзеянняў ці прызнання памылак, для такога тыпу людзей пачуццё абсалютнай улады важнейшае за стратэгічныя і доўгатэрміновыя інтарэсы краіны.

Але пэўныя рэчы можна перадухіляць. Крыніцы ў Менску кажуць, што ўнутры сістэмы ёсць людзі, якія выказваліся супраць жорсткага прысуду Пачобуту, які вынес гарадзенскі «суддзя». З улікам таго, што журналіст ужо правёў два гады ў турме, мог бы спакойна выйсці на волю. Але паводле маіх суразмоўцаў, усе спробы МЗС хоць неяк выратаваць стасункі з Польшчай і не «руским миром» блакуюцца КДБ. Лукашэнку пераконваюць, што ЗША пры дапамозе Польшчы сапраўды збіраецца яго зрынаць. Можна прыгадаць нядаўнюю публікацыю «Нашай Нівы» пра тое, хто намаўляў Лукашэнку ўвесці беларускую армію ва Украіну. Можна прыгадаць іншыя падзеі, такія, як пасаджаны самалёт з Раманам Пратасевічам і справакаваны беларускім бокам міграцыйны крызіс на мяжы з Польшчай, які працягваецца дагэтуль. Выглядае, што пэўныя сілы ў Менску мэтанакіравана і сістэматычна знішчаюць стасункі з бліжэйшымі заходнімі суседзямі Беларусі ды імкнуцца да поўнай ізаляцыі краіны. Ізаляцыі, якая праз некалькі гадоў мае прывесці да фіналу «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі з Расеяй.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў