«Я разумеў, што гэта няправільная вайна». Генадзь Манько пра службу і разведку ў Афганістане


35 гадоў таму, 15 лютага 1989 года, савецкія войскі афіцыйна пакінулі тэрыторыю Афганістану, дзе ваявалі са снежня 1979-га. Удзел у вайне прымалі і жыхары Беларусі – каля 30 тысячаў. З іх 771 асоба загінула (у тым ліку 4 жанчыны), 1500 былі параненыя, 718 засталіся інвалідамі, а 12 зніклі без вестак. Пра свой досвед вайны ў Афганістане распавёў у гутарцы з «Белсатам» кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько.

Генадзь Манько
Генадзь Манько, кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Генадзя Манько забралі ў войска ў 1987 годзе, у першы прызыў – «19 красавіка, проста ў дзень Вялікадня праваслаўнага». Тады, кажа ён, «не было такой колькасці людзей, якая касіла або хацела адкасіць ад войска». Першапачаткова суразмоўца не ведаў, куды яго адправяць, толькі тое, што «першы прызыў ідзе за мяжу». З родных Баранавічаў яго даслалі спачатку ў абласны ваенкамат у Берасце, а адтуль – у Печы пад Барысавам.

«У мяне быў сябар старэйшы, які служыў у Афганістане, і ён казаў, што калі будуць браць кроў на аналіз, каб вызначыць групу і рэзус, то гэта сто працэнтаў на Афган. Я якраз быў у той групе, у якой здалі кроў», – кажа Манько.

Інтэрв’ю
«Разумею тых, хто на вайне, і магу з імі дамовіцца». Генадзь Манько пра тое, як збіраецца аб’яднаць ваяроў і апазіцыю
2023.08.08 18:51

Прызыўнікоў самалётам адправілі ў Ашгабад (сталіцу Туркменістану), а потым завезлі ў пасёлак Элатань, у пяхотны полк. Там Манько сустрэў старшага лейтэнанта з Баранавічаў: «Аказалася, што мы ў суседняй зале барацьбой займаліся». Той угаворваў Манько застацца ў Элатані, у спорце. Але малады прызыўнік вырашыў ехаць у Афганістан, у асобны разведвальны батальён. Зямляк такога падыходу не ацаніў:

«Ты дурань ці што, ты не разумееш, куды ты ідзеш?» – сказаў ён.

Служба ў разведцы

Як адзначае Манько, з 1985 года савецкая разведка ў Афганістане праводзіла аперацыю заслоны на межах з Іранам і Пакістанам, каб перашкодзіць паступленню ўзбраенняў з іх тэрыторыяў, «абрэзаць падсілкоўванне маджахедаў».

«Разведпадраздзяленні займаліся засаднымі дзеяннямі, выходзілі ў глыбокі тыл. У нас зона адказнасці была прыкладна за 150 квадратных кіламетраў, гэта значыць, мы аддаляліся на 100 кіламетраў ад базы і працавалі малымі групамі», – адзначае Манько.

Паводле ягоных словаў, у разведцы «ты мусіш быць рухавым, актыўным, хутка кеміць». Тых, хто не цягнуў, з разведкі адразу выдалялі.

«Разведка – гэта выхад у раён засады. Цябе прывезлі дзесьці, высадзілі, і ты 10–15 кіламетраў ідзеш ноччу па перасечанай мясцовасці. Ты ж не ведаеш, дзе расцяжкі. Ці выйдзе зараз душман [вораг – рэд. belsat.eu] з-за павароту, можа, цябе чакаюць тут», – распавядае суразмоўца.

Пры гэтым, з ягоных словаў, у афганцаў была выразная сістэма сігналізацыі, якая дазваляла кантраляваць перамяшчэнні савецкіх войскаў: «Там загарэлася, там загарэлася, ужо ўсім зразумела, што шуры [вайскоўцы СССР – рэд. belsat.eu] тут едуць». Разведчыкі ж мусілі несці на сабе поўны боекамплект: «Бронекамізэльку, кулямёт, НСПУ [прыцэл – рэд. belsat.eu], затым – вада, ежа, дзевяць стужак з патронамі, кожная стужка тры кілаграмы, гранаты, ракета, медыкаменты, наўючаны спальнік савецкі».

«Я практычна амаль сваю вагу нёс. Ты ж не па асфальце ідзеш, не па цвёрдым грунце, а па пустынным, або стэпавым нейкім – у цябе нага прасаджваецца, падвойны рух трэба рабіць. Удзень ад сонца схавацца няма куды», – успамінае Манько.

У засаду выходзілі на 3–5 содняў амаль кожны тыдзень: «Нядзеля – выхад, да пятніцы вярнуліся, памыліся, адзін дзень адляжаліся, пераўзброіліся, загрузіліся, з’ехалі».

«Я зразумеў, што расстрэльваюць з гранатамёта»

Адзін з такіх выхадаў ледзь не завяршыўся смерцю нашага суразмоўцы. Здарылася гэта 10 кастрычніка 1987 года, праз два з паловаю месяцы пасля ягонага прыезду ў Афганістан.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цырымонія памяці ля мемарыялу савецкім воінам, якія загінулі ў Афганістане ў 1980-х гадах. Санкт-Пецярбург, Расея. 15 лютага 2024 года.
Фота: Olga Maltseva / AFP / East News

«Мы вярталіся з засады, працавалі дзвюма групамі, і атрымалася, што вельмі ўдала. Адна група два разы спрацавала на ліквідацыю каравану, і другая група адзін – гэта вельмі вялікая рэдкасць. Бывае, што месяц можа не быць нікога, а тут так шчыльна ў адныя содні ўсё сабралася», – распавядае суразмоўца.

Разведчыкам трэба было пераадолець 80 кіламетраў, каб вярнуцца на базу праз перавал. Усё гэта –  праз тэрыторыю, якую не кантралявалі савецкія войскі. Пры гэтым на іх, паводле звестак ГРУ, ужо ішло «паляванне» з боку Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі – «такі СС у Іране», групу прадстаўнікоў якога яны нядаўна ліквідавалі. Разведчыкі сыходзілі і вярталіся рознымі маршрутамі, каб не трапіць у засаду самім. Але сухое рэчышча ракі на машынах можна было пераадолець толькі ў адным месцы. Там і была засада.

Манько ехаў на галаўной БМП. Паколькі менавіта ён адсочваў ноччу варожы караван («я яго заўважыў, даў сігнал, і мы там спрацавалі ноччу»), то дарогаю назад лёг спаць унутры машыны: «дождж церусіў». Злева лёг ён, справа – іншы беларус, Мікалай Прышчыц. Усяго ў гэтай машыне было чацвёра беларусаў.

«Заехалі ў сухое рэчышча, чую, падымаемся. І потым першы выбух – бах-бах. Я не зразумеў, што гэта такое. Думаў, можа, мы ўляцелі ў нейкую яму. Потым другі адразу ўдар, мяне проста як у сонечнае спляценне ўдарылі, паветра няма. І чую, як раскручваецца гусеніца: раз-раз-раз, бах-бах – упала. І рухавік: дых-дых – заглух. Усё, цішыня. Ну, я зразумеў, што расстрэльваюць, напэўна, з гранатамёта», – успамінае Манько.

Ён выбраўся з БМП з найцяжэйшай кантузіяй. Бачыць – «злева вырваныя два каткі, справа тры каткі, фальшборты паадляталі на 200 метраў». У гэты час пачаўся абстрэл з гары з кулямётаў і мінамётаў.

«Адкрываем правы «дэсант», а Коля Прышчыц ужо ляжаў, у яго зрэнкі былі чорныя. Гэты колер ужо паказваў, што не жыць яму. Гляджу, ротны зляцеў, адарвала нагу яму, але не да канца, яна на скуры вісела і завярнула ў адваротны бок», – успамінае суразмоўца.

Паводле ягоных словаў, як аказалася, фугас проста разарваў машыну на кавалкі:

«Добра, што два падрывы было наперадзе ад мяне, і паміж мной і выбухам былі адчыненыя люкі – у люках былі наводчык і камандзір. Увесь ціск, як я разумею, сышоў у люкі, рэшта неяк адбілася ад гэтых сценак унутры, машыну разарвала».

Са словаў Манько, беларуса Прышчыца «проста разарвала ад ціску, ад дэтанічнага ўдару, вось пад ім быў рэзкі ўдар, у яго органы лопнулі – і ўсё».

«Гэта канкрэтная акупацыя»

У Афганістане Манько праслужыў паўтара года. Цяпер, з узростам і досведам, ён больш «шырока» бачыць гэтую вайну, «але і тады разумеў, што гэта няправільна».

«У мяне было разуменне пасля некалькіх заездаў, некаторых падзеяў, што гэта няправільная вайна, што мы нічога не нясём, што гэта канкрэтная акупацыя», – кажа ён.

Кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве адзначае, што разам з ім служыла шмат украінцаў, у тым ліку ягоны камандзір, з якім ён пазней сустракаўся ва Украіне.

15 лютага 1989 года савецкія войскі былі афіцыйна выведзеныя з Афганістану, хоць «там памежнікі яшчэ заставаліся». Манько ж яшчэ адправілі служыць на Далёкі Усход, пасля чаго ён вярнуўся ў Беларусь.

«Стаўленне было добрае да «афганцаў» у першы перыяд. Потым, з гадамі, гэта ўсё гублялася. Былі льготы, было “я цябе туды не пасылаў”. Развал Савецкага Саюзу, я ж як раз прыйшоў у 1989 годзе. Ну і ўсё, далей вясёлае, радаснае жыццё. Усё прыемна, усё па-новаму. Крыху шугаўся дарогу пераходзіць – там машыны», – згадвае суразмоўца.

Не апошняя вайна беларусаў?

Манько не выключае, што сённяшняя Беларусь можа таксама сутыкнуцца з вайною, калі расейскія войскі не ўдасца спыніць ва Украіне. На ягоную думку, наша краіна нават можа стаць тэатрам ваенных дзеянняў.

«Пагроза ёсць, і мы падышлі вельмі шчыльна да гэтай гісторыі. Усё залежыць цяпер ад таго, як адрэагуе Захад», – кажа Манько.

З ягоных словаў, Польшча і балтыйскія краіны разумеюць пагрозу, бо ведаюць, «што такое бот савецкага жаўнера», «яны рыхтуюцца». Але многае залежыць ад іншых заходніх краінаў.

«Наколькі яны ўсё ж такі зразумеюць, што, калі на сёння не спыніць тут, вось у гэтай частцы, не дапамагчы Украіне, не ўзброіць, не стварыць усе ўмовы спрыяльныя, то заўтра пажар будзе ў розных месцах. Проксі ўжо працуюць. І Іран, і Кітай – з усіх бакоў пагражаюць», – падкрэслівае кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве.

На ягоную думку, калі вылучаць неабходныя зброю і грошы, «то можна будзе пагасіць, можна разрадзіць, нейтралізаваць праціўніка».

Аналітыка
Дрэнны прыклад заразлівы. Як Расея можа ўцягнуць свет у трэцюю сусветную
2023.12.19 07:02

Макар Мыш / ПК belsat.eu

Стужка навінаў