У Гомлі будуць судзіць за шпіянаж грамадзянку Украіны


15 лютага ў Гомельскім абласным судзе пачнецца суд над Ларысай Крупай і грамадзянкай Украіны Наталляй Захаранкай. Украінку абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Украіны.

Валанцёрка Наталля Захаранка, якая знікла ў Беларусі.
Фота: «Час Чернігівський»

Справу будзе разглядаць суддзя Анатоль Сотнікаў, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Наталлю Захаранку абвінавачваюць паводле артыкулу 358 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь у шпіянажы на карысць Украіны. Ёй пагражае да 15 гадоў зняволення. Знаёмая Захаранкі Ларыса Крупа абвінавачваецца ў неданясенні аб злачынстве паводле часткі 2 артыкулу 406, за гэта ёй пагражае да двух гадоў зняволення.

Валанцёрка Наталля Захарава знікла ў Беларусі 19 ліпеня 2023 года, пра што паведаміла ейная маці. Пра суд, які адбудзецца над жанчынай, стала вядома на пачатку лютага 2024 года.

Наталля ездзіла ў Беларусь (у эвакуацыйны цэнтр у Мазыры) і дапамагала ўкраінцам, якія падчас акупацыі выехалі ў Беларусь, вяртацца ва Украіну. Яна пачала ездзіць у нашую краіну з другой паловы 2022 года, дапамагаючы на ўласным аўто перавозіць людзей, іхныя рэчы. За гэты час ёй удалося вывезці каля 30 асобаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў