Падляскае ваяводства выдаткуе звыш 340 тысяч еўра на беларускую культуру


Адкрыццё Цэнтру беларускай культуры ў Беластоку, легалізацыя бізнесу і вырашэнне праблем беларускай дыяспары ў Польшчы абмеркаваў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка на сустрэчы з кіраўніком (маршалкам) Падляскага ваяводства Артурам Касіцкім 15 студзеня.

Крыніца: тэлеграм-канал Паўла Латушкі

Як паведаміў Павел Латушка ў сваім тэлеграм-канале, падчас перамоваў была адзначана «значнасць рашэння аб адкрыцці Цэнтру беларускай культуры», што «будзе садзейнічаць яе далейшаму развіццю» у гэтым польскім рэгіёне, дзе «гістарычна пражывае найбуйнейшая група этнічных беларусаў».

Артур Касіцкі зазначыў, што з бюджэту ваяводства сёлета плануецца выдзеліць звыш 340 тысяч еўра на дзейнасць культурнага цэнтру. Паводле слоў Паўла Латушкі, ужо створана юрыдычная асоба культурнага цэнтру і адкрыты разліковы рахунак.

У Падляскім ваяводстве, дадаў палітык, працуе 731 кампанія з беларускім удзелам, «па дадзеным параметры ваяводства займае другое месца ў Польшчы».

Бакі адзначылі зацікаўленасць у правядзенні асобнага мерапрыемства, арыентаванага на малы бізнес рэгіёну, для абмеркавання праблемных пытанняў, звязаных з легалізацыяй бізнесу, узаемадзеяння з банкаўскімі і іншымі структурамі, удакладніў Павел Латушка.

«Падчас сустрэчы таксама былі абмеркаваны пытанні выкарыстання сродкаў Еўразвязу, якія раней выдзяляліся на трансгранічную супрацу Беларусі і Польшчы. У сувязі з дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі гэтая фінансавая падтрымка была спыненая, – падкрэсліў кіраўнік НАУ. – Ваяводства звярнулася ў Еўрапейскую камісію з прапановай змяніць заканадаўства, каб сродкі маглі быць скарыстаны на патрэбы рэгіёну і арыентаваны на беларускую этнічную меншасць і дыяспару, якая пражывае тут, а таксама падтрымку культурных, эканамічных, сацыяльных, грамадскіх і іншых праектаў».

Таксама на перамовах узнімаліся пытанні «адукацыі на беларускай мове і стыпендый выдатным дзеячам беларускай культуры, якія маглі б быць прафінансаваны са сродкаў рэгіянальнага бюджэту», «была атрымана папярэдняя згода маршалка ваяводства выдзеліць такія сродкі ў сувязі з тым, што беларускія дзеячы культуры падвяргаюцца рэпрэсіям», – рэзюмаваў Павел Латушка.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў