Міністарка працы падлічыла, што сярэдняя пенсія ў лютым будзе складаць у Беларусі 811 рублёў


Міністарка працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касцевіч разлічвае, што сярэдняя пенсія ў лютым 2024 года будзе складаць 811 рублёў. Такімі прагнозамі яна падзялілася падчас жывога эфіру на дзяржаўным тэлебачанні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Паводле экспертных ацэнак, мы чакаем сярэднюю пенсію ў лютым 811 рублёў. Гэта плюс 75 рублёў у сярэднім», – сказала Ірына Касцевіч.

Прыбаўка да пенсіі, паводле міністаркі, вынікае з указу Аляксандра Лукашэнкі, што прадугледжвае з 1 лютага прырост пенсіяў на 10 %. Дакумент быў падпісаны Лукашэнкам напярэдадні Новага года.

Міністарка працы падкрэсліла, што 811 рублёў – гэта сярэдняя лічба. Маўляў, кожны пенсіянер атрымае розную суму, бо ў разліках кіруюцца пенсіяй канкрэтнага чалавека.

«У цэлым на 2024 год у фондзе мяркуецца выдзеліць на выплату пенсіяў 22 мільярды рублёў. Але іх яшчэ трэба зарабіць праз выплату ўзносаў з заробкаў грамадзянаў, якія працуюць», – удакладніла Касцевіч.

Прадугледжанае падвышэнне заробкаў, паводле міністаркі, патрабуе дадатковых 166 млн рублёў на месяц і 1,8 млрд рублёў на 11 месяцаў.

Паводле афіцыйных звестак, сярэдні памер пенсіі ў Беларусі ў першым паўгоддзі 2023 года складаў 677 рублёў.

Агляд
Новыя падаткі, камуналка, цэны і заробкі. Што чакае беларусаў у новым годзе
2024.01.03 18:11

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў