ГУБАЗіК ужыў зброю пры затрыманні меркаванага хабарніка


Супрацоўнікі ГУБАЗіК разам з байцамі СОБР затрымалі на вуліцы Малініна ў Менску меркаванага хабарніка, які пачаў супраціўляцца сілавікам – яны ўжылі зброю. Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС Беларусі.

Месца затрымання. Скрыншот відэа: МВД Беларуси / Telegram

Паводле МУС, падазраваны ў хабарніцтве быў затрыманы пасля таго, як супрацоўнікі ўжылі зброю – стралялі ў колы аўтамабіля.

У аперацыі ўдзельнічалі аператыўнікі 5-га ўпраўлення ГУБАЗіК у Менску і супрацоўнікі СОБР. Затрымлівалі нібыта службовую асобу – кіраўніка аднаго з буйных прадпрыемстваў Менску, якога падазраюць у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.

Быццам бы ў абмен на кантракты з замежнаю кампаніяй аб продажы дэталяў да электрапрыбораў мужчына атрымаў у лістападзе 2023 года 15 тыс. долараў, а наступны транш – 18 тыс. долараў – меўся забраць у снежні. ГУБАЗіК сцвярджае, што забіраць гэтыя грошы ён не спяшаўся і ўцягнуў у схему свайго бацьку, які павінен быў прыняць перадачу ад пасярэднікаў хабарадавальніка.

МУС паведамляе, што меркаваны злачынца пачаў супраціўляцца і спрабаваў уцячы на аўтамабілі, для спынення якога і была ўжытая зброя.

У фігурантаў справы прайшлі ператрусы, вынятыя вялікія сумы грошай у розных валютах.

Спраўдзіць гэтую інфармацыю мы не маем магчымасці. Прозвішча затрыманага не называецца.

Hавiны
СБУ паведаміла пра затрыманне грамадзяніна Беларусі, якога падазраюць у дыверсіі
2024.01.15 12:57

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў