Што рабіць тым, каго абяцаюць пазбавіць грамадзянства? Спыталі палітыкаў і экспертаў


Палата прадстаўнікоў ухваліла законапраект аб пазбаўленні беларускага грамадзянства за «экстрэмісцкую дзейнасць». «Белсат» разбіраўся, што з гэтай нагоды робяць дэмакратычныя сілы, куды звяртацца беларусам і пры чым тут прапагандысты.

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 16 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Ніжняя палата парламенту 14 снежня адразу ў двух чытаннях ухваліла законапраект аб пазбаўленні беларусаў грамадзянства «ў звязку з наяўнасцю выраку суда, які набыў законную моц і пацвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці або нанясенне цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Гэта датычыць асобаў, якія застаюцца па-за межамі краіны.

Каб была фармальная падстава для пазбаўлення грамадзянства, улады прыдумалі завочныя суды. Першымі пад гэты каток трапілі Яніна Сазановіч, Дзмітрый Навоша, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая – іх вінавацяць у адміністраванні Telegram-каналу «Чорная кніга Беларусі». Артыкулы – «Распальванне варожасці» і «Незаконныя дзеянні ў дачыненні персанальных звестак». Усе фігуранты справы – за мяжою.

Дакладнай інфармацыі, колькі беларусаў з’ехала за мінулыя гады, няма: апошнія звесткі пра міграцыю, што абнародаваў Белстат, – за 2019 год. Тады краіну пакінула амаль 21 тысяча асобаў.

Мітынг прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

«У ЕЗ зʼявіцца значная колькасць асобаў без грамадзянства»

Прадстаўнік у міжнародных справах Абʼяднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі сказаў «Белсату», што ЕЗ ужо папярэджаны пра пагрозу пазбаўлення беларусаў грамадзянства. Ён запэўніў, што чыноўнікі ў Бруселі разумеюць, хто такія беларусы-«экстрэмісты»:

«У ЕЗ разумеюць, пра што вядзецца і ў чым ёсць прырода рэпрэсіяў у Беларусі, якія выкарыстоўваюцца фармулёўкі. Была размова ў Еўракамісіі, з камісарам унутраных справаў, казалі, што Еўразвязу трэба рыхтавацца да таго, што на іхнай тэрыторыі зʼявіцца значная колькасць асобаў без грамадзянства. Падымалася гэтае пытанне перад ЕЗ найперш, бо значная колькасць беларускіх грамадзянаў знаходзіцца акурат на тэрыторыі Еўразвязу».

Паводле прадстаўніка Кабінету, у ЕЗ могуць проста не прызнаваць пастановаў уладаў Беларусі і лічыць асобу грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, нават калі фармальна яна будзе пазбаўленая грамадзянства:

«Трэба выпрацоўваць нейкія новыя механізмы, думаць, якім чынам падыходзіць да гэтага з юрыдычнага боку. Напрыклад, палягчаць працэдуру выдачы праязных дакументаў ці пашпартоў замежнікаў. Усе варыянты мы абмяркуем і ўзгоднім з тымі краінамі, дзе жывуць беларусы. Для нас цяпер той момант, калі мы пачынаем гэтую працу больш канкрэтна ў кантакце з нашымі партнёрамі».

Прадстаўнік у міжнародных справах Абʼяднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі. Варшава, Польшча. 12 снежня 2022.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Адначасова Кавалеўскі заклікаў беларусаў быць адказнымі і рабіць усе захады, каб мець на руках сапраўдныя дакументы і легальны статус:

«Беларусам там, дзе яны знаходзяцца, трэба кіравацца нацыянальнымі нормамі для легалізацыі, атрымання неабходных дакументаў. Гэта могуць быць пашпарты ўцекачоў, пашпарты замежнікаў. Найперш трэба думаць пра тое, каб вырашаць гэтыя праблемы сёння, а не чакаць, калі пашпарт будзе страчаны ці скончыцца яго тэрмін. Гэта адказнасць кожнага грамадзяніна – трымаць свае дакументы ў парадку».

Прадстаўнік Кабінету не здолеў спрагназаваць, колькі беларусаў могуць апынуцца ў «безграмадзянскім» статусе:

«Цяпер за мяжою сотні і сотні тысяч беларусаў, а па некаторых ацэнках – ледзь не мільён. Але мы не можам ацаніць, які будзе ахоп у рэжыму, як яны будуць – масава ці кропкава – пазбаўляць грамадзянства. Нават прыкладна нейкія лічбы назваць немагчыма».

«Мы не чакаем масавага пазбаўлення грамадзянства»

Між тым у Народным антыкрызісным упраўленні не чакаюць, што за межамі Беларусі апынуцца тысячы неграмадзянаў. Адказны за ўнутраную палітыку і дзяржаўнае кіраванне НАУ Арцём Праскаловіч сказаў «Белсату», што найперш гэта робіцца для прапагандыстаў:

«Працэдура пазбаўлення грамадзянства накіраваная, у першую чаргу, на вядучых палітыкаў і актывістаў. Яна прыдуманая не для таго, каб запужаць ці стварыць нейкія перашкоды, бо наўрад ці гэтых людзей, якія і так не могуць прыехаць на радзіму, каб не сесці на дзясяткі гадоў у турму, можна спужаць адабраннем сіняга пашпарта. Яе задача – даць прапагандыстам магчымасць казаць, што за Беларусь змагаюцца небеларусы. З алкаголікамі і наркаманамі не атрымалася, то шукаюць новую магчымасць для маргіналізацыі дэмакратычнага руху».

Адказны за ўнутраную палітыку і дзяржаўнае кіраванне НАУ Арцём Праскаловіч.
Фота: радыё «Свабода» / svaboda.org

Праскаловіч адзначыў, што кіраўнік НАУ Павел Латушка ўжо ўзнімаў гэтае пытанне на сустрэчах з прадстаўнікамі ўрадаў Польшчы, Чэхіі, Літвы, Нямеччыны ды іншых краінаў:

«Мы маем запэўніванні ад партнёраў, што такія захады рэжыму Лукашэнкі не будуць мець для іх юрыдычнай сілы, такія асобы будуць працягваць разглядацца ў якасці грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Галоўнае, што абяцаюць партнёры: не разглядаць дзейсныя пашпарты як тыя, што страцілі сілу на падставе лукашысцкага суда. Наадварот, прымаць пад увагу такія рашэнні для афармлення мясцовых дакументаў – уцекача, асобы без грамадзянства і іншых, якія будуць унікальнымі ў кожнай канкрэтнай сітуацыі».

Парады ад народных амбасадаў

Народныя амбасады, што працуюць больш як у 20 краінах, гатовыя дапамагаць беларусам, у якіх адбяруць грамадзянства. Прадстаўнікі ініцыятывы паведамілі «Белсату», што рабіць і куды звяртацца.

Напрыклад, у Польшчы можна атрымаць праязны дакумент для замежніка або жэнеўскі пашпарт: трэба прасіць міжнародную абарону або прытулак. Народныя дыпламаты кажуць, што польскія ўлады, хутчэй за ўсё, будуць лічыць сам факт пазбаўлення грамадзянства падставаю для легалізацыі.

У Літве таксама выдаюць пашпарты замежніка, але трэба быць у краіне з гуманітарных прычынаў. У хадайніцтве пазначаецца абгрунтаванне, што асоба не мае магчымасці звярнуцца ў афіцыйную амбасаду. «Абавязкова мусіць быць ліст-паручальніцтва ад «Freedom House», які яны шлюць у Міністэрства замежных справаў, і спаборніка гуманітарнага статусу ўлучаюць у спісы, якія потым перасылаюцца ў міграцыйныя службы. У «Freedom House» трэба звяртацца праз «Разам» ці «Дапамогу», – растлумачыў «Белсату» прадстаўнік народнай амбасады ў Літве.

Беларусы на імпрэзе ў Вільні, Літва. 29 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

У Грузіі таксама прадугледжаная працэдура выдачы дарожных пашпартоў і праязных дакументаў для асобаў без грамадзянства, уцекачоў ці тых, хто застаецца ў краіне з гуманітарных прычынаў.

У Чэхіі гатовыя выдаваць беларусам-неграмадзянам праязныя дакументы: і тым, хто стала там жыве, і тым, хто з часовым відам на жыхарства альбо візаю. «На чэшскія дазволы на пражыванне факт пазбаўлення грамадзянства Рэспублікі Беларусь не будзе мець уплыву», – запэўнілі народную амбасаду ў Міністэрстве ўнутраных справаў Чэхіі.

Народныя амбасады гатовыя адказваць на пытанні і дапамагаць з інфармацыяй, кантакты – у іхным Telegram-канале.

Выснова адна: заканадаўства шмат якіх краінаў дазваляе легалізавацца нават без грамадзянства і з пратэрмінаванымі дакументамі на руках, але беларусам раяць загадзя прымаць неабходныя захады, каб атрымаць пэўны статус.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў