«Падаецца, што ўсё стабільна». Эканамістка растлумачыла бум на рынку нерухомасці ў Беларусі


Забудоўнікі і рыэлтары не могуць нарадавацца: нерухомасць даражэе, пры гэтым продаж кватэраў у Беларусі б’е рэкорды. Эканамістка Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» растлумачыла ажыятаж на рынку, папярэдзіла пра пагрозу крызісу і заклікала беларусаў цвяроза ацэньваць рызыкі.

Будаўніцтва жылога комплексу «Менск-Мір». Менск, Беларусь. 26 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

«У Менску амаль не засталося новабудоўляў па адэкватных цэнах», – канстатуюць рыэлтары. Іх ужо не здзіўляе кошт у $2 тысячы за квадратны метр.

«Цяпер «залаты час» для прадаўцоў неліквіда. Калі метр у комплексе «Менск Свет» каштаваў $800, то стары жылы фонд мала каго цікавіў. Цяпер, калі цэны яшчэ на катлаване пачынаюцца ад $1200, пакупнікі зноў пераключылі ўвагу на другасны рынак. Цяпер можна прадаць усё: і хрушчоўкі, і панэлькі 80-х», – цытуе партал Realt.by рыэлтарку Святлану Нікіцюк.

Рост цэнаў на жыллё беларусаў не пужае: толькі ў Менску апошнія тры месяцы колькасць угодаў з нерухомасцю (у тым ліку з пакоямі і долямі) сягае 2 тысячаў. Летась у сярэднім было блізу 1200 дамоваў штомесяц.

Экспертка ў галіне нерухомасці Наталля Літоўская назвала цяперашнія часы «перыядам назапашвання тлушчу забудоўнікаў».

«Прыбытак нават у дзяржаўных забудоўнікаў дзе-колечы – вышэй за стандартныя 40%. І іх цяжка за гэта крытыкаваць. Забудоўнікі таксама ў курсе, што часы дабрабыту і спаду ў нас цыклічныя. І пакуль маецца даступнае крэдытаванне і агульны аптымізм – «трэба браць», – заўважыла экспертка.

Агляд
«На кошт уплывае курс долара». Рыэлтары не чакаюць падаражэння кватэраў пасля «пашпартнага ўказа»
2023.09.12 18:08

Менавіта танныя крэдыты – асноўнае тлумачэнне ажыятажу на рынку нерухомасці, пацвердзіла ў каментары «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.

«Кватэры часта набываюць у крэдыт, і адсоткавыя стаўкі цяпер істотна знізіліся ў параўнанні, напрыклад, з мінулым годам. Таксама адыгрывае ролю рост заробкаў, прыбыткаў насельніцтва. Людзі пачынаюць пачувацца больш упэўнена», – кажа экспертка.

Яшчэ адзін чыннік – адкладзены попыт: летась на фоне вайны шмат хто адклаў буйныя пакупкі. «Але цяпер, калі ў людзей з’яўляецца адчуванне стабільнасці, яны пачынаюць будаваць планы ва ўмовах, што склаліся», – адзначыла эканамістка.

Будаўніцтва жылога комплексу «Менск-Мір». Менск, Беларусь. 26 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Тое, што ўсё нібыта стабілізуецца і горш не становіцца, – гэта толькі падаецца. Сітуацыя даволі крохкая, заўважае Лузгіна і папярэджвае, што гонка ў раздачы танных грошай можа прывесці да перагрэву эканомікі:

«Беларуская эканоміка вельмі моцна залежыць ад расейскай, якая знаходзіцца пад вялікім санкцыйным прэсінгам, усё вельмі непрадказальна. Дадатковыя рызыкі стварае беларуская дзяржава: мяккая эканамічная палітыка можа прывесці да перагрэву эканомікі і шокам».

Эканамічны крызіс найчасцей выліваецца ў рост беспрацоўя, інфляцыю і дэвальвацыю. «Гэтыя рызыкі нельга выключаць», – звярнула ўвагу экспертка BEROC.

«Калі на вас вісіць вялікі шматгадовы крэдыт, узнікае пытанне, як яго вяртаць. Трэба разумець, наколькі вы ўпэўненыя ў заўтрашнім дне. А такой доўгатэрміновай упэўненасці быць не можа», – падкрэсліла суразмоўца «Белсату».

Адносна спакойна можна ўзяць крэдыт на паўгода–год. «А калі бераце на 20 гадоў, усё, што заўгодна, можа здарыцца, асабліва ва ўмовах, калі беларуская эканоміка працуе не паводле аб’ектыўных эканамічных законаў, а з дапамогаю ручнога кіравання», – канстатавала Настасся Лузгіна.

Агляд
Колькі каштуюць кватэры ў Польшчы, Літве, Латвіі і Грузіі – і ці прададуць іх беларусам
2023.09.15 19:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў