У Кіеве знайшоўся зніклы два гады таму помнік Міхаілу Жызнеўскаму


Зніклы з вуліцы Грушэўскага ў 2021 годзе помнік беларускаму герою нябеснай сотні часоў украінскага Майдана Міхаілу Жызнеўскаму знайшлі ў лесапаласе. Зараз актывісты думаюць, як вярнуць яго на месца.

Зніклы помнік Міхаілу Жызнеўскаму.
Фота: дабрачынны фонд «Валошка»

13 кастрычніка актывістам фонду «Валошка» паведамілі, што помнік загінуламу беларусу адшукаўся сярод кустоў за пару соцень метраў ад месца яго ўсталявання. Пры гэтым сам помнік быў упакаваны для транспартавання.

Помнік, выраблены з мармуру, быў усталяваны на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве непадалёк ад месца, дзе загінуў герой Майдану Міхаіл Жызнеўскі, але ў 2021 годзе неўзабаве знік са свайго месца, і дагэтуль яго не маглі знайсці.

Як сцвярджаюць у дабрачынным фондзе «Валошка», яго прыбралі камунальныя службы. Цяпер на месцы, дзе знаходзіўся помнік Жызнеўскаму, усталяваны мемарыял у гонар загінулых байцоў антытэрарыстычнай аперацыі, падчас усталявання якога помнік беларусу і знік. Усе звароты актывістаў у мэрыю Кіева з просьбамі паведаміць месцазнаходжанне помніка былі безвыніковымі.

13 кастрычніка беларускія добраахвотнікі аднавілі памятны знак Міхаілу Жызнеўскаму на тым месцы, дзе ён быў забіты.

Валанцёры фонду «Валошка» таксама займаюцца пошукам дакументаў, якія давалі права на ўсталяванне помніка, каб вярнуць яго на ранейшае месца.

Міхаіл Жызнеўскі нарадзіўся ў 1988 годзе ў Гомельскім раёне. Браў удзел у рыцарскіх клубах, а пасля пераехаў ва Украіну, супрацоўнічаў з УНА-УНСО. У 2013 годзе ў Кіеве далучыўся да Еўрамайдану. Загінуў 22 студзеня 2014 года, паранены куляй у сэрца. Пасмяротна быў узнагароджаны званнем Герой Украіны і ордэнам Герояў Нябеснай Сотні.

Hавiны
Як ва Украіне пераназываюць вуліцы ў гонар герояў-беларусаў
2023.04.26 10:44

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў