У Менску зафарбавалі мурал мастака Міці Післяка


У Менску зафарбавалі яшчэ адзін мурал мастака Міці Післяка «Dama con l’ermellino» («Дама з гарнастаем»). Гэта ягоная апошняя праца перад эміграцыяй у Амерыку.

У Менску зафарбавалі мурал мастака Міці Післяка. Крыніца: CityDog.io

Праца з’явілася ў 2019 годзе на вул. Чырвонаармейскай, 22. Цяпер на гэтым месцы засталася толькі жоўтая сцяна.

«Я натхніўся працай Леанарда да Вінчы «Дама з гарнастаем» і зрабіў сваю версію малюнку, дадаўшы некалькі дэталяў: тэлефон як сімвал існай рэальнасці і вечны спадарожнік чалавека, а яшчэ канверт з білетам на самалёт. Гэта было маё развітальнае паведамленне гораду з сімваламі тых, хто пакідаў Менск разам са мной: мая жонка (ужо былая) Наташа і трое нашых катоў», – распавёў выданню «CityDog» Міця Післяк.

Паводле мастака, гэтая праца была зробленая без узгаднення з адміністрацыяй раёну. Таксама ён адзначае: яму ўсё роўна вельмі прыемна, што за амаль чатыры гады існавання муралу камунальнікі яго не чапалі.

«Калі ты ў іншай краіне, складана блізка ўспрымаць тое, што адбываецца ў іншай частцы планеты. Імкнуся думаць аб тым моманце, калі змагу вярнуцца ў Менск і зрабіць што-небудзь яшчэ», – кажа мастак.

У мінулым годзе зафарбавалі мурал «Still Life» (на вул. Чыгуначнай у Менску), які мастак стварыў яшчэ ў 2017-м падчас фестывалю «Vulica Brazil».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў