Класкоўскі: Сустрэча Байдэна з Ціханоўскай дала сігнал краінам Еўразвязу аб важнасці беларускага пытання


Сустрэча амерыканскага лідара Джо Байдэна з абранай прэзідэнткай Беларусі Святланай Ціханоўскай напрыканцы саміту NATO у Вільні стала нечаканасцю. «Белсат» пагутарыў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім аб важнасці гэтай сустрэчы і што яна з сабой нясе.

Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з Джо Байдэнам.
Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram

Сустрэча Ціханоўскай з Байдэнам была кароткай, але сімвалічнай падзеяй, мяркуе палітычны аналітык праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі:

«У палітыцы і сімволіка мае вялікае значэнне, асабліва калі гаворка ідзе пра палітыку вялікай магутная дзяржавы, якая ўплывае на іншыя краіны сусветнай дэмакратычнай супольнасці».

Гаворачы пра важнасць гэтай сустрэчы палітолаг прыводзіць у прыклад словы літоўскага прэзідэнта Гітанаса Наўседы на адкрыцці саміту ў Вільні. Прэзідэнт Літвы маўляў пра тое, што Беларусь гэта ўжо «губерня Расеі».

«У такім спрошчаным падыходзе, калі па сутнасці беларусам адмаўляюць у суб’ектнасці, ёсць вялікая рызыка, што нашую краіну аддадуць проста на з’яданне імперыі і што беларускае пытання ўвогуле не будзе на радарах заходніх палітыкаў. Цяпер яны засяроджаны на супрацьстаянні Расеі і Украіны. А калі Беларусь гэта правінцыя, то што ламаць галаву над гэтым беларускім пытаннем? Таму гэта вельмі небяспечны падыход», – лічыць Класкоўскі.

У гэтым плане, па словах палітычнага аналітыка, вельмі добра, што Байдэн дае такім чынам знак еўрапейскім краінам:

«Гэта знак ягонай уласнай адміністрацыі, што трэба больш увагі надаваць беларускаму пытанню. Гэта наўпрост адкрывае перспектыву для нейкіх рэсурсаў на падтрымку дэмакратычных сілаў і медыяў. І гэта знак палітыкам іншых краінаў, у прыватнасці краін Еўразвязу, што не варта беларускае пытанне запіхваць у цень рускага пытання. Таму што ў залежнасці ад таго, наколькі будуць шанцы на дэмакратызацыю Беларусі, будзе залежыць і бяспека ў рэгіёне і бяспека Еўропы. І ўвогуле як будзе выглядаць заўтрашні свет».

Згадванне Байдэнам у сваёй прамове Беларусі як краіны, якая змагаецца за сваю свабоду і правы чалавека, згадка важная, бо пазначае трэнд, што Беларусь – гэта еўрапейская краіна, якая вартая дэмакратыі, кажа Класкоўскі і дадае, што гэта таксама падкрэслівае суб’ектнасць беларускага народу.

Аднак у выніковых дакументах саміту пра саму Беларусь згадваецца мала. Акрамя таго там няма рысы адрознівання паміж рэжымам Лукашэнкі, які чыніць злачынствы, і беларускім народам, які ў 20-м годзе паказаў, што не прымае Лукашэнку.

«Шкада, што трошкі спрошчаны такі падыход адлюстраваўся ў дакументах віленскага саміту, але тыя акцэнты, якія зрабіў Байдэн, і сам факт ягонай сустрэчы з Ціханоўскай – гэта вельмі важна. Гэта той выпадак, калі сімволіка мае вялікае значэнне і дае надзею, што беларускае пытанне не будзе сыходзіць з парадку дня», – мяркуе палітолаг.

У прамовах лідараў такога маштабу выпадковасцяў не бывае, дадае ён.

У пэўнай ступені гэты саміт медыйная падзея, кажа Класкоўскі. Адна сустрэча Ціханоўскай з Байдэнам ці адзін радок у нейкай дэкларацыі самі па сабе не зробяць пераварот. Тут гаворка ідзе пра тое, што дэмакратычным сілам і іх штабам трэба кожны дзень упірацца рогам і працаваць над тым, каб не сыходзіла беларуская павестка з парадку дня.

«Вялікая праблема ў тым, што Лукашэнка зацэментаваў сітуацыю і менавіта абапіраючыся на Маскву ён мае пэўны рэсурс. І, на жаль, сёння ўплыў дэмакратычных сілаў на сітуацыю ў Беларусі вельмі абмежаваны», – кажа палітолаг.

Але сітуацыя ў рэгіёне такая, што ўсё дынамічна змяняецца, у прыватнасці, пад уплывам вайны ва Украіне. А праз паўгода сітуацыя можа быць іншая, можа з’явіцца тое самае акно магчымасцяў, запэўнівае Класкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў