Пад Екацярынбургам эвакуявалі персанал атамнага заводу пасля ўцечкі радыяцыі


На Уральскім электрахімічным камбінаце пад Екацярынбургам у цэху ўзбагачэння ўрану разгерметызаваўся балон з ядравым палівам, перадае «Росатом». Паведамляецца пра гібель аднаго чалавека, персанал цэху эвакуяваны. 

Уральскі электрахімічны камбінат. Крыніца: Уральский электрохимический комбинат / Facebook

Раніцай 14 ліпеня на заводзе адбылася разгерметызацыя кантэйнеру аб’ёмам адзін кубаметр з гексафтарыдам урану.

У дзяржкарпарацыі «Росатом», якой належыць завод, сцвярджаюць, што інцыдэнт лакалізаваны і не стварае рызыкаў для насельніцтва. Цяпер праводзіцца санітарнае апрацоўванне цэху.

«Праводзіцца санітарнае апрацоўванне памяшкання цэху. Астатнія цэхі працуюць у звычайным рэжыме», – гаворыцца ў паведамленні дзяржкарпарацыі.

«РИА Новости» са спасылкай на спецслужбы паведамляе аб адным загінулым у выніку інцыдэнту, але не раскрывае ягонага імя і пасады. У сваю чаргу «Росатом» называе гэтага чалавека «пацярпелым» і не пацвярджае інфармацыі аб ягонай гібелі.

Таксама паведамляецца, што больш за 100 рабочых заводу будуць абследаваныя пасля катастрофы ў новаўральскай больніцы. Медыкаў тэрмінова выклікаюць з адпачынкаў і выходных, піша выданне «E1». Эксперты адзначаюць, што ў выпадку пашкоджання кантэйнеру з гексафтарыдам урану гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе не пра радыелагічную, а хімічную пагрозу.

Улады Новаўральску, дзе размешчаны завод, заклікаюць жыхароў гораду не паддавацца паніцы і не распаўсюджваць паведамленні праз мэсэнджары.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў