Чаму мужчынскія жарты на тэму гендарнай роўнасці падаюцца мне вартымі жалю

Найлепшыя гісторыі, што я расказваю, – гэта гісторыі з кіно. Самыя абуральная, спусташальныя і душашчыпальныя – таксама.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Julien De Rosa / AFP / East News

Гэтыя тры – пра жанчын ды іхныя растаптаныя правы, у тым ліку на жыццё. Маё вуха адчувае, якой казённай і недакладнай мовай барацьбы з трыбунаў можа гучаць выраз «правы жанчын», нават хочацца хутчэй патлумачыць, маўляў, не прагортвайце, гаворка пра крутыя аўтарскія фільмы, пра рэальныя гісторыі, без маніфестаў, дэкларацыяў і агітацыі. Другая думка – увогуле не ўжываць словазлучэння «правы жанчын», каб не адпужаць чытачоў і каб мужчыны сярод іх не пачалі рыхтаваць «хук справа» пра ўшчамленне сваіх правоў, бо шмат у каго з іх такі рэфлекс на гэта. Потым бярэ злосць на самую сябе: навошта здраджваць катэгорыі, якую трэба не вымаўляць, а выкрыкваць? Так што гэта тры чалавечыя гісторыі пра парушаныя правы жанчын, са спойлерамі.

***

Вы можаце памятаць гэтую дзяўчыну з навінаў або ведаць яе з сацыяльных сетак: у «ТыкТоку» Мутлу Каі амаль два мільёны падпісальнікаў. Прыгажуня з пяшчотнымі вуснамі і смутнымі зялёнымі вачыма, не адарвацца. Ёй мог належаць цэлы свет, але сёння яна наноў вучыцца хадзіць.

Пра тое, што змяніла жыццё Мутлу шэсць гадоў таму і як яна жыве пасля гэтага, дзяўчына расказвае ў дакументальным фільме «Мяне завуць Шчасце» Ніка Рыда і Айшэ Тапрак. Я паглядзела стужку на Кракаўскім кінафестывалі і падумала, што дзеля яе адной варта было туды паехаць. У выніку фільм перамог у конкурсе дакументальнага кіно.

Скрыншот з трэйлеру фільму «My Name Is Happy». Крыніца: autlookfilms.com

Шэсць гадоў таму навіны пра Мутлу абляцелі ўвесь свет: тады адораная 19-гадовая спявачка з паўднёва-ўсходняга кансерватыўнага рэгіёну Турцыі рыхтавалася да фіналу шоу талентаў «Sesi Çok Güzel». У гэты ж час яна атрымлівала пагрозы ці то ад залётніка, ці то ад былога бойфрэнда, якому Мутлу адмовіла ў стасунках. У адзін вечар ён прыйшоў, пазваніў у дзверы і стрэліў ёй у галаву. Шчаслівая карціна, якую мы назіраем у фільме, – з прыгожай дзяўчынай, ейным талентам, поспехам, перспектывамі і вялікай будучыняй – умомант распадаецца. Ад уласніцтва нейкага чувака з логікай «калі ты не будзеш маёй, то не будзеш нічыёй».

Некалькі тыдняў Мутлу была ў коме, але выжыла і пачала вучыцца жыць з нуля, як дзіця – куля засталася ў ейнай галаве. Ужо гадамі дзяўчына перамяшчаецца на вазку, яе корміць і мые маці, пра ранейшага маштабу выступ на сцэне і кар’еру спявачкі гаворкі не ідзе. Але гэта нават не ўсё, хаця, здавалася б, ужо зашмат: у часе рэабілітацыі Мутлу ейную сястру забіў вайсковы афіцэр, з якім сястра была ў стасунках. Дзяўчына са сваячкамі распачала кампанію за належнае пакаранне забойцы і працягнула – увогуле за правы жанчын у Турцыі. Забойца быў асуджаны на пажыццёвае, а той, хто стрэліў у Мутлу, – на 15 гадоў. «Ён выйдзе, а я ўсё яшчэ буду сядзець у гэтым вазку», – кажа яна.

Наступнага і спецыяльна не прыдумаеш. Каманда жанчын у сірыйскім Дамаску арганізавалася, каб даследаваць праблему жаночых правоў у краіне і паставіць пра гэта спектакль. А група рэжысёраў – Гэба Халед, Таляль Дэркі і Алі Ўаджы – узяліся рабіць фільм пра гэтую працу, размовы з сірыйскімі жанчынамі і стасункі ўнутры каманды. У выніку паўстала дакументалка «Пад небам Дамаску», хаця яе паўстанне прынамсі адзін раз было пад пытаннем і ўся праца ледзь не аказалася марнай. Праз мужчыну, як можна здагадацца.

Я падкрэслю, правы жанчын, стаўленне да жанчын, жаночы лёс – тое, на чым была засяроджаная ўся гэтая праца і дзеля чаго сабраліся ўсе гэтыя людзі. Удзельніцы праекту сустракаліся з жанчынамі на цяжкой працы, у псіхічнай больніцы, удома, з жанчынамі, падманутымі мужамі, – атрымліваліся кранальныя, трагічныя і паказальныя эпізоды.

Скрыншот з фільму «Under the Sky of Damascus». Крыніца: berlinale.de

Адна з гераінь пачала аповед з таго, што ейны муж насамрэч добры чалавек і яна не ведае, чаму ён з ёй так абышоўся. А сутнасць гісторыі ў тым, што калі яны былі ў Нямеччыне (не ведаю, у якім статусе), муж сказаў ёй вяртацца ў Сірыю, а ён, маўляў, з дзецьмі прыедзе пазней, калі разруліць надзённыя пытанні. І вось калі яна з’ехала з Нямеччыны і выйшла на сувязь, мужчына сказаў забыць, што ў ейным жыцці некалі быў муж. «Добры чалавек».

Тэатральная група перыядычна радчэе: дзяўчаты ідуць з «жаночага» праекту праз ціск атачэння і грамадскай думкі. Урэшце загадкава адыходзіць адна з самых яскравых удзельніц, маўляў, хлопец паставіў ёй ультыматум, але і калегі, і глядач фільму разумеюць, што нешта тут не так. Праца перарываецца, як мы даведваемся пазней, ад унутранага канфлікту. Выяўляецца, што адзін мужчына са здымачнай групы дамагаўся дзвюх дзяўчын з кола галоўных гераінь і пагражаў ім, і тая, што пайшла з каманды апошняй, насамрэч пайшла праз ягоныя пагрозы. Ён нават прадыктаваў ёй тлумачэнне, з якім яна мусіць паведаміць пра свой адыход калегам.

Класічнае «было б смешна, калі б не было так сумна» – у камандзе быццам бы аднадумцаў, аб’яднаных ідэяй адстойвання правоў жанчын, што ў Сірыі і без таго выглядае надзвычайным, адзін з яе чальцоў робіць акурат тое, супраць чаго гэтыя людзі змагаюцца.

У стужцы «Сем зімаў у Тэгеране» Штэфі Нідэрцоль мы можам назіраць за тым, як адбывалася барацьба за жыццё іранкі Рэйганэ Джабары. У 2007 годзе, калі ёй было 19 гадоў, Рэйганэ пайшла на сустрэчу з кліентам, для якога мелася зрабіць дызайн памяшкання. Той паспрабаваў яе згвалціць, а дзяўчына, абараняючыся, усадзіла ў гвалтаўніка нож і адправілася ў турму за забойства. Яна правяла там сем гадоў, і ўвесь гэты час ейная маці, пры дапамозе актывістаў і неабыякавых людзей, змагалася за апраўданне дзяўчыны.

Скрыншот з трэйлеру фільму «Seven winters in Tehran». Крыніца: berlinale.de

Штука ў тым, што адмяніць прызначанае судом пакаранне «кроў за кроў» можа толькі сям’я забітага, у гэтым выпадку гэта мог зрабіць старэйшы сын і галава сям’і. За адмену павешання хлопец запатрабаваў ад Рэйганэ, каб яна прызналася, што ягоны бацька насамрэч не збіраўся яе гвалціць. І Рэйганэ, якая 19-гадовай трапіла ў турму і на момант ультыматуму правяла там ужо некалькі гадоў, аказалася настолькі моцнай, каб адмовіцца хлусіць.

Маці дзяўчыны, тым не менш, усцяж спадзявалася на цвярозы розум хлопца. Мы бачым, як яна сядзіць у аўце пад будынкам, дзе мае ажыццявіцца смяротнае пакаранне, і спадзяецца, што той прыме рашэнне ў апошні момант, але ўрэшце даведваецца, што ейную дачку павесілі. Гэтак патрыярхат усё-ткі згвалціў Рэйганэ.

Ужо не помню, ад каго дакладна, у фільме прагучала жаночая развага, што Рэйганэ лепш было даць сябе згвалціць і тады падаваць на гвалтаўніка ў суд.

Калі ведаеш такое, усе мужчыны, якія нікчэмнымі жартамі спрабуюць абсмяяць тэму гендарнай роўнасці і парушэння правоў жанчын, падаюцца проста вартымі жалю.

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў