«Турма – ідэальная сітуацыя, каб зразумець, каханне ў вас ці нешта іншае». Дзень святога Валянціна за кратамі


Вялізная колькасць беларусаў не зможа правесці Дзень усіх закаханых разам з дарагімі сэрцу людзьмі – шмат параў і сем’яў цяпер падзеленыя мурамі СІЗА, калоніяў, турмаў. Аднак краты – не перашкода для сапраўднага кахання, упэўненыя нашыя суразмоўцы – сужэнцы палітвязняў. І ў гэтым нас пераконваюць іхныя гісторыі вернасці і адданасці пачуццю і роднаму чалавеку, гатовасці чакаць і дапамагаць.

«Ігар, я б памянялася з табой месцамі, калі б магла»

Ігар і Дар’я Лосікі.
Фота: Facebook

Ігар і Дар’я Лосікі ажаніліся ў 2013 годзе. 9 лютага ў іх была 9-я гадавіна шлюбу, аднак адзначыць яе разам пара не змагла. Ігар з лета 2020 года застаецца ў зняволенні. У снежні 2021 года яго асудзілі да 15 гадоў калоніі. На волі хлопца чакае жонка Дар’я разам з дачкой Паўлінай, якой сёлета споўніцца 4 гады. Дар’я распавяла «Белсату», што для іхнай сям’і Дзень святога Валянціна – важнае свята, а яшчэ што для Ігара нават СІЗА, дзе яго цяпер трымаюць, – не перашкода, каб віншаваць і рабіць сюрпрызы.

«Ігар цяпер усё яшчэ ў СІЗА № 3 Гомля. Перахварэў на о-мікрон. На пазамінулым тыдні ў сераду ў нас было спатканне, а потым ён мне напісаў, што пасля спаткання ў камеры зразумеў, што ў яго падымаецца тэмпература. Дадзеных па апеляцыі ў нас няма ніякіх – нават папярэдне невядома, калі будзе разгляд.

9 лютага ў нас была 9-я гадавіна шлюбу, і Ігар зрабіў мне цудоўны сюрпрыз, так, як толькі ён гэта ўмее – з вялізным букетам, цукеркамі, нягледзячы на тое, што ён знаходзіцца ў СІЗА. Ён памятае нават там, і я думаю, што ён у перапісцы з некім проста просіць віншаваць мяне ад яго.

Артыкулы
Ігар Лосік з-за кратаў арганізаваў сюрпрыз для жонкі
2021.10.31 14:18

Я ў гэтай сітуацыі магу зрабіць нашмат менш. Адпраўлю яму нашыя сумесныя фотаздымкі, паштоўкі, перадачу з тэматычнымі прысмакамі да Дня святога Валянціна.

Да турмы на 14 лютага і іншыя святы Ігар заўсёды завальваў мяне падарункамі. Ён вельмі шчодры чалавек, і заўсёды казаў: для мяне задавальненне нешта табе дарыць. І яму непатрэбная была нагода, ён дарыў мне падарункі і проста так.

Дзень святога Валянціна для нас – важнае свята, бо мы ўпэўненыя, што ў нас сапраўднае каханне, якое нельга так проста знішчыць, тым больш мурамі турмы. Зняволенне расстаўляе ўсё па сваіх месцах і паказвае, патрэбныя людзі адзін аднаму ці не. Затрыманне Ігара, ягоны арышт і знаходжанне ў СІЗА даказала толькі тое, што мы не можам жыць адзін без аднаго, і ні пра якое расстанне тут не можа быць і мовы. Я вельмі добра разумею, што без Ігара жыць не змагу. І Ігар у лістах мне пастаянна піша: «Даша, калі б не было цябе, я не ведаю, як бы з гэтым усім спраўляўся». Турма – ідэальная сітуацыя, каб зразумець, каханне ў вас ці нешта іншае.

Гісторыі
«Я прашу ў кожным лісце спыніць галадаванне». Як жыве сям’я Ігара Лосіка, пакуль ён за кратамі
2021.01.07 13:48

Сёння я хачу сказаць Ігару: ты для мяне – адзін з самых важных людзей у маім жыцці, і не важна, чым гэта будзе пагражаць мне, я дастану цябе адтуль. Я нават гатовая памяняцца з табой месцамі, але, на жаль, так нельга зрабіць. І канец гэтай страшнай гісторыі будзе добрым для нас абодвух».

«Калі ваш каханы чалавек у СІЗА, карыстайцеся магчымасцямі павіншаваць – у калоніі іх можа не быць»

Яна Арабейка і Валер Тамілін.
Фота: асабісты архіў Валера Таміліна

Яна Ярабейка асуджаная да двух з паловай гадоў зняволення ў «справе студэнтаў». Адбывае пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі. Яне 21 год. Да затрымання дзяўчына вучылася на 3 курсе факультэту эстэтычнага выхавання Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту. Была сябрай Задзіночання беларускіх студэнтаў, мастачкаю Майстэрні паштовак салідарнасці.

27 студзеня Яна ў калоніі ўзяла шлюб з 26-гадовым Валерам Таміліным, які ўзяў сабе прозвішча жонкі і цяпер падпісваецца як Тамілін-Арабейка. Валер распавёў нам, чаму ў СІЗА перадаць каханаму чалавеку віншаванне прасцей, чым у калонію, і як выглядала вяселле за кратамі.

«Гэта другі дзень закаханых, калі Яна за кратамі, і мы не разам. Але калі яна была ў СІЗА, усё было нашмат прасцей. Там можна было калі захочаш дасылаць пасылкі, перадача была 30 кілаграмаў на месяц у які заўгодна дзень. Летась на 14 лютага я дасылаў слодыч у форме сэрцайкаў.

У калоніі складаней. Хоць мы і ажаніліся, але пакуль мне не далі ўсе правы як сваяку. Яна дагэтуль не можа мне тэлефанаваць. Я намаляваў ёй малюнак, выслаў паштоўкі. Праз пару дзён у яе тэлефанаванне з маці, і я праз яе перадаў для Яны віншаванне. Таму хачу сказаць, што калі ў некага каханы чалавек у СІЗА, то карыстайцеся магчымасцямі павіншаваць – у калоніі іх можа не быць.

Гісторыі
«Піша, што трымаецца». Унучка беларускага паэта Івана Арабейкі сустрэне сваё 20-годдзе за кратамі
2021.01.17 08:53

Калі б мы маглі сустрэцца ў гэты дзень, я б сказаў, што вельмі сумую. Але, на жаль, нам пакуль не даюць спаткання, нават вясельнага. Нам мусяць даць яго, але час не азначаны – на наступны дзень пасля шлюбу ці праз некалькі месяцаў, таму не ведаю, калі мы пабачымся. Мне яе вельмі не хапае, і гэта я б хацеў ёй сказаць».

Шлюб у калоніі: «Гэта быў феерверк шчасця»

«Мы з Янай пазнаёміліся ўлетку 2020 года. Адразу спадабаліся адзін аднаму. Але на волі не паспелі паўнавартасна пасустракацца. Спачатку мы не маглі бачыцца, бо я хварэў на каронавірус. Я выйшаў на працу пасля ізаляцыі 12 лістапада, і ў гэты ж дзень Яну арыштавалі. У выніку нашая гісторыя кахання была ў перапісцы.

Мы вырашылі ажаніцца ў калоніі, бо муж і жонка маюць больш правоў у такіх умовах. Мы зможам стэлефаноўвацца, бачыцца. Я сам змагу дасылаць пасылкі, без пасрэдніцтва мамы, тым больш што маме Яны пасля інсульту вельмі няпроста ездзіць у Менск прывозіць пасылкі. Чакаю, пакуль мне дазволяць, і ў сакавіку планую вялікую пасылку.

Яна Арабейка і Валер Тамілін.
Фота: асабісты архіў Валера Таміліна

Шлюб у калоніі цяпер можа быць паводле аднаго з двух варыянтаў: «каронавірусным» альбо не. «Каронавірусны» – гэта праз шкло. «Некаронавірусны» – калі можна сустрэцца. У нас быў другі. Я быў вельмі рады, гэта быў феерверк шчасця. Мы здолелі абняцца, пацалавацца, патрымацца за рукі, крыху пагутарыць. Я не памятаю нават, у што яна была апранутая. І Яна сказала маці падчас апошняга тэлефанавання, што і яна не памятае, у чым я быў, памятае толькі мае вочы. У мяне тая ж самая гісторыя. Мы сустрэліся позіркамі, я на яе глядзеў і не мог адвесці вачэй, больш нічога мяне не цікавіла.

Гісторыі
«Хацеў зрабіць прапанову ў дзень, калі мяне выкралі»: гісторыя кахання экс-палітвязня Змітра Фурманава і ягонай дзяўчыны
2022.02.14 21:11

Калі Яна сыходзіла, я крыкнуў ёй наўздагон: «Я цябе кахаю і буду вельмі сумаваць!» Жанчына, якая там працуе, гадоў пяцідзесяці, расплакалася.

Для мяне гэты дзень быў хоць і шчаслівы, але адначасова і балючы. Зразумела, што не так мы б хацелі правесці наш першы год сямейнага жыцця.

Яна павінна выйсці на волю 30 лістапада бягучага года. Мы чакаем гэты дзень і вельмі хочам быць нарэшце разам».

Артыкулы
Раней ашчаджаў пачуцці, а ў лістах з СІЗА выказаўся. Як сям’я журналіста Кузнечыка чакае яго на волі
2022.02.14 11:44

«Нашае каханне мацнейшае за любую дыктатуру»

Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш падчас вяселля, 2016 год. Фота з сямейнага архіву

Гісторыя кахання журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай і журналіста Ігара Ільяша ўжо вядомая нашым чытачам. Кацярына і Ігар ажаніліся ў 2016 годзе. З лістапада 2020 года нашая калега – за кратамі. Але каханне – мацнейшае за турму, упэўнены Ігар.

«Так склалася, што ў нас з Кацяй не было нейкай асобнай традыцыі святкавання Дня ўсіх закаханых – у адрозненне, напрыклад, ад гадавіны нашага вяселля, якую мы кожны раз стараліся сустракаць у падарожжах дзе-небудзь у Еўропе. 14 лютага праходзіла звычайна больш сціпла. Галоўнае для нас было проста быць разам у гэты дзень.

Раніцай мы абменьваліся маленькімі падарункамі. А калі 14 лютага прыпадала на выходны і нам не трэба было спяшацца на працу, мы маглі распачаць дзень з келіху шампанскага і святочнага сняданку. Ну а ўвечары нас абавязкова чакала рамантычная вячэра, прычым часцей мы ладзілі яе ўдома.

Артыкулы
«Яна разумела кошт свайго выбару і ні пра што не шкадуе». Журналістка Кацярына Андрэева год як за кратамі
2021.11.15 12:26

Думаю, калі б здарыўся цуд, і сёлета 14 лютага мы маглі сустрэць разам, то мы прыкладна так і правялі б Дзень усіх закаханых. На жаль, мы вымушаныя другі год запар сустракаць 14 лютага ў разлуцы. Гэта сумна і вельмі балюча. Але я ведаю, што той свет, які быў створаны нашым каханнем, перажыве ўсе выпрабаванні, якія выпалі на нашу долю, і застанецца такім жа цудоўным, казачным і чароўным. Нашае каханне мацнейшае за любую дыктатуру, спецслужбы, суды і турмы. І дакладна больш даўгавечнае. Я чарговы раз нагадаў пра гэта Каці ў лісце, які даслаў ёй да 14 лютага.

Крыніца вокладкі: gifer.com

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў