Працэдуру банкруцтва распачалі супраць кампаніі, якая ўваходзіла ў імперыю Мікалая Вараб'я


У снежні 2023 года віцебскі Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) звярнуўся ў эканамічны суд, каб спагнаць з кампаніі «Ушачы» даўгі ў межах працэдуры банкруцтва, піша belmarket.by. Прадпрыемства «Ушачы» ўваходзіла раней у імперыю алігарха Мікалая Вараб’я, які ў 2020 годзе адным з першых трапіў пад эканамічныя санкцыі як «гаманец Лукашэнкі».

Мікалай Варабей. Фото: TUT.by

Паводле справы аб банкруцтве «Ушачаў», кампанія з 2020 да 2022 года завінавацілася на 11,5 тыс. рублёў для пенсійных выплатаў сваім былым і цяперашнім працаўнікам. З улікам пеняў сума пазыкі складала каля 12,8 тыс. рублёў.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны яшчэ ў 2021 годзе мела выканаўчы ліст, каб затрымаць і прымусова адбуксіраваць транспартныя сродкі кампаніі і такім чынам у прымусовым парадку пагасіць пазыкі. Але транспартных сродкаў на прадпрыемстве так і не знайшлі, хоць у пошуку ўдзельнічалі службы ДАІ. Таму ў снежні 2023 года віцебскі ФСАН падаў на кампанію ў суд. Распачалася працэдура яе банкруцтва.

Да 2020 года кампаніяй «Ушачы» валодаў бізнесовец Мікалай Варабей – нафтатрэйдар, лагіст, паляўнічы, уладальнік прыватнага самалёта (лятае на «Gulfstream G550»). Варабей заняў трэцяе месца ў топ-100 самых паспяховых бізнесоўцаў Беларусі па выніках 2023 года.

«Ушачы» ён набыў праз кампанію «Інтэрсэрвіс» у 2003 годзе, уклаўся ў мадэрнізацыю прадпрыемства. Зрубы з ацыліндраванага брусу, вагонка і дошкі для падлогі прадаваліся як у Беларусі (у тым ліку ў паляўнічай гаспадарцы «Чырвоны Бор», якая належыць самому алігарху), так і за межамі краіны. Дрэваапрацоўчы цэх расфармаванага на той момант Ушацкага лясгасу яшчэ 5 гадоў таму даваў працу 70 чалавекам.

«Усе крызісы мы перажылі і захавалі калектыў. Кожны своечасова атрымлівае заробак, цякучкі кадраў няма», – цытуюць «Беларусы і рынак» словы тагачаснага дырэктара кампаніі Васіля Бяльковіча з інтэрвʼю ў 2017 годзе.

Мікалай Варабей адным з першых сярод беларускіх бізнесоўцаў трапіў у санкцыйныя спісы, што паўплывала на стан ягоных кампаніяў. З большасці з іх ён выйшаў, перадаўшы свае долі і кіраванне кампаніямі іншым топ-менеджарам.

Hавiны
Колішні банк кашалька Лукашэнкі вырашылі канчаткова закрыць
2023.07.25 19:51

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў