Раніцай 13 снежня невядомыя пачалі рассылаць паведамленні, нібыта ад імя Офісу Святланы Ціханоўскай, з заклікам да беларусаў дасылаць свае персанальныя звесткі, каб запісацца на атрыманне новага нацыянальнага пашпарта Беларусі. Пра гэта паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет.
«Мы афіцыйна заяўляем, што гэтая інфармацыя ёсць фэйкам і, верагодна, правакацыяй карнікаў рэжыму з мэтаю збору звестак беларусаў», – заявілі ў АПК.
Там адзначылі, што збор такіх звестак, калі і пачнецца, то толькі пасля апублікавання афіцыйнай інфармацыі ў сацсетках кабінету. Пакуль жа збіраць звесткі беларусаў заўчасна, адзначылі ў АПК.
У сваю чаргу праваабаронцы паведамляюць пра фэйкавыя боты «Вясны». Карыстальнікаў заклікалі быць уважлівымі і карыстацца сапраўднымі кантактамі праваабарончага цэнтру.
«У «Вясны» існуе адзіны «Вясна-бот»: ніякія астатнія не маюць дачынення да арганізацыі. Таксама не былі створаныя асобныя акаўнты для камунікацыі з кампаніяй «Праваабаронцы за свабодныя выбары», – адзначылі праваабаронцы.
«Вясна» заклікае спраўджваць незнаёмыя акаўнты, якія называюцца людзьмі, што маюць дачыненне да цэнтру, праз афіцыйныя кантакты «Вясны» альбо праз інфармацыйную службу «Вясны».
У ліпені 2023 года гарадзенскія праваабаронцы зрабілі Telegram-бот для выдалення паведамленняў з чатаў, якія ўлады Беларусі назвалі «экстрэмісцкімі». Але самі сілавікі сталі карыстацца гэтым ботам, каб шукаць «экстрэмізм». Што рабіць, «Белсат» спытаў у стваральніка бота, праваабаронцы і эксперта ў лічбавай бяспецы.
Якуб Хруст belsat.eu