Алесь Бяляцкі ў 1981-м далучыўся да групы «Незалежнасць». Якую нелегальную працу ён вёў?


«Нобэль для Беларусі – Чарнобыль наадварот». Інтэрв’ю з адмысловага выдання «ПраСвету» з Вінцуком Вячоркам і Сяргеем Дубаўцом, сябрамі і паплечнікамі Алеся Бяляцкага з часу маладосці. Як і калі Алесь Бяляцкі перайшоў на беларускую мову, хто на яго паўплываў? Як Саша Бяляцкі стаўся Алесем? Якою нелегальнаю дзейнасцю займаўся будучы беларускі праваабаронца ў савецкім войску? Нобэлеўская прэмія міру для Алеся Бяляцкага можа прыспешыць вызваленне Беларусі?

Спадару Вінцук, у адным са сваіх інтэрв’ю Алесь Бяляцкі распавядаў, што пасля сустрэчы з вамі ён канчаткова пачаў размаўляць па-беларуску. Што на яго так паўплывала ў пачатку 1980-х?

Вінцук Вячорка: Ён вандраваў па Беларусі, шукаў прыхаванай Беларусі. Натрапіў на беларускамоўных мастакоў: гэта быў Мікола Купава, які даў мой кантакт. Алесь прыехаў у Менск, пазваніў. Мы сустрэліся – і высветлілася, што мы падзяляем адныя каштоўнасці, што беларуская мова – спосаб існавання і вартасць, якую трэба зберагаць у штодзённым жыцці. Я не ведаў, дарэчы, што пасля сустрэчы са мной ён цалкам перайшоў на беларускую мову. Калі так, то цалкам лагічна.

Пытанне да спадара Сяргей Дубаўца. Алесь Бяляцкі згадвае 1994 год і прыход да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Ён успамінае гісторыю, як ішоў пасля першага туру выбараў да Траецкага прадмесця мастом праз Свіслач і сустрэў філосафа. Паміж імі адбыўся кароткі дыялог, які палягаў вось на чым. Адзін другога спытаў: маўляў, як думаеш, ці гэта надоўга. Другі адказаў: на жаль, думаю, што надоўга. Спадару Сяргей, як думаеце: Нобэлеўская прэмія міру для Алеся Бяляцкага неяк можа прыспешыць вызваленне Беларусі?

Сяргей Дубавец: Безумоўна, можа, бо ўсялякая прэмія, асабліва такая, спрыяе і на тых, хто ўнутры Беларусі, і на тых, хто выехаў. Уплывае духападымальным чынам на людзей. У іх робіцца больш сілаў рабіць сваю справу з ранейшай упартасцю. Калі ўспамінаць 1990-ыя, мы калісьці ў журналісцкім коле абмяркоўвалі, што такое Нобэль для Беларусі. Мы марылі пра Нобэль для Васіля Быкава і Алеся Разанава. І тады Аляксандр Лукашук сказаў, што Нобэль для Беларусі – Чарнобыль наадварот. Паводле сілы дзеяння на нацыю, на яе лёс такая ж магутная з’ява, але з пазітыўным зарадам. Я згадваю 1996 год, калі стваралася «Вясна». Лукашэнка тады сказаў, што ён сваю дзяржаву за цывілізаваным светам не павядзе. І не павёў. Я думаю, тады Алесь Бяляцкі мог падумаць, што ён свой народ за цывілізаваным светам павядзе. Паколькі Нобэлеўская прэмія за правы чалавека – гэта цывілізацыйная прэмія найвышэйшага гатунку, яна сведчыць пра тое, што цывілізаваны свет намаганні Алеся Бяляцкага ацаніў адпаведна.

Пытанне да спадара Вінцука Вячоркі. Алесь распавядаў гісторыю, як падчас вандроўкі па Беларусі сустрэў мастакоў, між іншага Міколу Купаву, і той спытаў: як цябе завуць, хлопча? А той адказаў – Саша. Мікола Купава ў адказ заявіў: не, ты не Саша, ты Алесь. Тады Алесь Бяляцкі нарадзіўся. Як, па-вашаму, нарадзіўся Алесь Бяляцкі як праваабаронца? Толькі падзеі 1996-га, менская «Вясна», пра якую распавядаў Сяргей Навумчык, нарадзілі яго як абаронцу правоў чалавека? Ці нешта іншае яшчэ магло паўплываць на ягоны лёс як праваабаронцы?

Думаю, што нарадзіўся ён раней за 1981 год. Сфармавала яго і папярэдняе жыццё, і, зрэшты, увесь лёс Беларусі. У 1981-82-м ён далучыўся да групы «Незалежнасць», у якую ўваходзілі мы з Сяргеем Дубаўцом, Сяржук Сокалаў-Воюш, Віктар Івашкевіч. Ён стаў вельмі важным складнікам гэтай групы, якая выпрацоўвала палітычную мэту. Алесь узяўся за стварэнне групаў, у тым ліку абсалютна легальных, але пры гэтым вёў і падпольную нелегальную працу, займаўся самавыдавецтвам. У вялікай ступені ягоная заслуга – выданне падпольнага бюлетэню «Бурачок». Дарэчы, будучы ў савецкім войску, ён друкаваў і перадрукоўваў самавыдавецкія рэчы ды гістарычныя з міжваеннага перыяду віленскія і беларускія выданні, пашыраць якія было не менш рызыкоўна, чымся сучасныя самавыдавецтвы.

Чаму абарона правоў чалавека? Рэч у тым, што ў таталітарных краінах і ў тым жа СССР змагацца за свае нацыянальныя правы азначала змагацца за свабоду выказвання, мець права на ўласную ідэнтычнасць. Невыпадкова, што групы палітычнага супраціву ў СССР называліся хельсінкскімі групамі, адсылаючыся да вядомых міжнародных дакументаў, якія быў вымушаны падпісаць нават СССР і якія датычылі правоў чалавека. Правы Беларусі і беларуса – правы чалавека, змаганне за Беларусь тоеснае змаганню за свабоду. І наадварот. Крайне важна, і гэта пацверджана ў ягонай Нобэлеўскай лекцыі, якую прачытала Наталля, у сваіх ранейшых дакладах падкрэсліваў, што нельга аддзяляць праваабарончай праблематыкі ад праблематыкі барацьбы паняволеных народаў за незалежнасць. Вялікая заслуга Алеся ў тым, што моўныя правы, якія доўгі час трактаваліся як калектыўныя, усё ж такі пакрысе пачынаюць фігураваць у міжнародным праваабарончым парадку дня. А чаму ў 1996 ён распачаў чыста праваабарончую ініцыятыву? Магчыма, ён адчуў, што вяртаюцца ў старым новым рэжыме Лукашэнкі тыя савецкія таталітарныя ноткі і пара краевугольным каменем барацьбы рабіць менавіта артыкуляваныя правы чалавека. Усё лагічна.

Правы чалавека на сёння зʼяўляюцца сама актуальнай праблемай, калі ў турмах лукашэнкаўскага рэжыму знаходзяцца тысячы беларусаў. 

belsat.eu

Стужка навінаў