Сястра Рамана Бандарэнкі: Смерць брата прымусіла ўлады паводзіць сябе больш акуратна


У розных гарадах свету і ў самой Беларусі прайшлі памятныя мітынгі ды пікеты ў гонар Рамана Бандарэнкі – жыхара плошчы Пераменаў у Менску, забітага тры гады таму за тое, што перашкаджаў зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў сваім двары. Стрыечная сястра Рамана Вольга Кучарэнка ўражаная тым, што беларусам да гэтай пары важна памятаць і ўзгадваць ейнага брата, у афіцыйным жа следстве за гэты год нічога не змянілася.

Цалкам размову глядзіце тут:

«На самой справе нічога не змянілася за гэты год. Як прыпынілі справу, так і прыпынілі… Цётка Алена спрабавала пісаць нейкія заявы і хадатайніцтвы, але як і да прыпынення справы, так і пасля яго мы атрымліваем адмовы», – распавядае Вольга Кучарэнка.

Паводле яе, маці Рамана, якая да гэтай пары знаходзіцца ў Беларусі, менавіта ў гэтыя дні мае патрэбу ў большай падтрымцы, але агулам трымаецца і нават спрабуе шукаць для сябе нейкія новыя цікавосткі і заняткі. Сама ж Вольга хацела б зазірнуць у вочы бацькам забойцаў брата:

«Кожны чалавек з’яўляецца сынам ці дачкой сваіх бацькоў, якія маюць адказнасць за тое, што ў яго ўклалі цягам дзяцінства і ўсяго жыцця. І ў нейкай ступені ты зʼяўляешся тварам свайго роду. Таму мне было б цікава паглядзець на гэтых бацькоў, якія змаглі выхаваць такіх дзяцей».

Са словаў Вольгі помніка Раману на могілках яшчэ няма з-за таго, што спачатку зацягнуўся час  яго вырабу, а цяпер сям’і складана знайсці яшчэ і тых, хто б змог зрабіць працу па ягоным ўсталяванні за прымальны кошт:

«Вельмі шмат пытанняў з вытворчасцю і вельмі вялікія чэргі. То бок я не разумею, ці то ў Беларусі вельмі шмат людзей памірае, ці гэта так мала фірмаў засталося, якія займаюцца вырабам помнікаў. І ўсё вельмі зацягваецца: ставяць тэрміны адныя, пасля аказваецца, што яны пераносяцца. І ў рэшце рэшт вось такая сітуацыя».

Сястра Рамана Бандарэнкі мае спадзяванні, што імя брата з часам не будзе забытае, а гэтае забойства стане ўрокам для ўсіх беларусаў і наступных пакаленняў. І магчыма, калі б гэта не здарылася з ім, усё магло быць нашмат горш для астатніх пратэстоўцаў:

«Магчыма, ягоная смерць паўплывала на дзеянні тых жа ўладаў, каб больш акуратна паводзіць сябе. Таму што невядома, колькі б магло быць ахвяраў, калі б з Ромам гэтага не адбылося. Я маю на ўвазе тое, як гучна гэта было, наколькі рэзанансна і наколькі шмат доказаў і сведкаў таго, хто датычны і як гэта адбылося», – узгадвае Вольга і падкрэслівае, што не можа спакойна жыць, пакуль ўлады працягваюць гвалт над сваім народам.

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў