Злучаныя Штаты Амерыкі ў пятніцу 13 кастрычніка ўпершыню адкрыта абвінавацілі Паўночную Карэю ў пастаўках зброі ў Расею.
Паводле звестак, якія атрымаў Вашынгтон, цягам апошняга месяцу Паўночная Карэя адгрузіла ў Расею больш за 1000 кантэйнераў з ваенным рыштункам і боепрыпасамі.
У перыяд з 7 верасня па 1 кастрычніка карабель пад расейскім сцягам даставіў груз са складу боепрыпасаў у КНДР у расейскі порт, адкуль груз быў перавезены на расейскі ваенны склад, заявіў Белы дом.
«Мы асуджаем пастаўку Расеі гэтага ваеннага рыштунку, – сказаў дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Пол Кірбі. – Мы працягнем адсочваць любыя новыя пастаўкі зброі Расеі».
У верасні кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын здзейсніў візіт у Расею, які працягваўся каля тыдня. Цягам гэтага часу ён сустрэўся з Уладзімірам Пуціным і міністрам абароны РФ Сяргеем Шайгу. Пуцін і паўночнакарэйскі лідар сустрэліся на касмадроме «Усходні».
Напярэдадні гэтага візіту заходнія эксперты выказвалі меркаванні, што Расея можа папрасіць у Паўночнай Карэі зброю і боепрыпасы для вайны ва Украіне, аднак па выніках візіту Кім Чэн Ына пра падобныя дамоўленасці афіцыйна не паведамлялася.
«Спадар Пуцін хоча ўгаварыць спадара Кіма даслаць Расеі артылерыйскія снарады і супрацьтанкавыя ракеты, а спадар Кім хацеў бы, каб Расея забяспечыла Паўночную Карэю перадавымі спадарожнікавымі тэхналогіямі і атамнымі падлодкамі», – перадавала The New York Times словы крыніцы сярод амерыканскіх чыноўнікаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu