Ці пусцяць у Беларусь тых, хто не паведаміў пра ВНЖ ці грамадзянства іншай краіны?


Чуткі, што беларусаў, якія не паведамілі пра наяўнасць дазволу на жыхарства ці грамадзянства іншай краіны, могуць не пусціць на радзіму, пачалі з’яўляцца ў чатах, дзе абмяркоўваюць мінанне мяжы. Ці так гэта, высвятляла Zerkalo.io. Ні памежнікі, ні МУС адназначна адказаць не здолелі.

Мяжа Рэспублікі Беларусь.
Фота: gpk.gov.by

Беларусы цяпер абавязаныя паведамляць пра атрыманне дазволу на жыхарства ці грамадзянства ў іншай краіне. Даваць такую інфармацыю ці ўстрымацца, ужо некаторы час абмяркоўваюць у розных эмігранцкіх чатах. Дэпартамент грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі заяўляў, што пакуль ніякай адказнасці для тых, хто не паведаміў, не ўводзілі. Аднак у беларускіх медыях пачалі з’яўляцца паведамленні, што беларускія памежнікі сталі правяраць у грамадзянаў пры выездзе з тэрыторыі Беларусі, ці паставілі яны на ўлік у Міністэрства ўнутраных справаў віды на жыхарства або пашпарты іншых краінаў.

Журналісты Zerkalo.io патэлефанавалі ў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі і ад імя шараговага беларуса запыталіся, ці ўдасца заехаць у краіну, калі не паведаміць пра ВНЖ ці другое грамадзянства. Работніца Памежнага камітэту адказала, што падобных указанняў у ведамства няма, памежнікі не кантралююць гэтага. Ці патрэбная для мінання мяжы нейкая даведка, што чалавек паведаміў пра свой ВНЖ ці грамадзянства, у камітэце не ведаюць і параілі звярнуцца ў МУС.

Паводле Zerkalo.io, падчас выдачы такой даведкі адной з беларусак у амбасадзе ў Берліне сказалі, што гэта «для мяжы, інакш, калі паедзеце назад, могуць быць праблемы».

Аднак ці абавязковая такая даведка, МУС таксама не ведае.

«У памежнікаў пытайцеся – гэта яны здзяйсняюць пропуск праз мяжу Рэспублікі Беларусь. Мы ахоўваем грамадскі парадак. Па даведку такую – у Аддзел грамадзянства і міграцыі раёну, дзе чалавек прапісаны. З ёю потым можна ездзіць», – адказаў дзяжурны работнік МУС.

У верасні з’яўляліся паведамленні, што беларусаў, якія не паведамілі пра наяўнасць замежнага ВНЖ ці грамадзянства, не выпускалі з Беларусі.

Разбор
З Беларусі не выпускаюць, тых, хто не паведаміў пра другое грамадзянства? Гэта незаконна
2023.09.06 09:00

Абнаўленні да Закону аб грамадзянстве ўступілі ў моц 11 ліпеня. Сярод новаўвядзенняў быў прапісаны абавязак паведамляць у дзяржаўныя органы пра атрыманне ВНЖ ці грамадзянства іншай дзяржавы. Крайні тэрмін, да якога гэта трэба было зрабіць, – 10 кастрычніка. Якая будзе адказнасць і ці будзе ўвогуле для тых, хто не паведаміў, дасюль невядома.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў