Як склаўся лёс берасцейскага тэатру «Крылы халопа» і людзей, якія яго стваралі


Берасцейскі тэатр «Крылы халопа» (з 2001 да 2011 гг. – Вольны тэатр) быў адным з нямногіх альтэрнатыўных тэатраў у Беларусі, які ўражваў пастаноўкамі на сацыяльную тэматыку. Ён ствараўся як крытычны адказ на рэчаіснасць, рэакцыя на палітычную сітуацыю і жаданне абʼяднаць мастацтва і актывізм. Сваёй галоўнай мэтай тэатр ставіў стварэнне платформы для творчых людзей, якія выступаюць супраць разʼяднанасці, прыгнёту і гвалту, для пераадолення сітуацыі вымушанага маўчання, пасіўнасці і дэпрэсіі грамадства.

Святлана Гайдалёнак, акторка беларускага тэатру «Крылы халопа». Варшава, Польшча.
Фота: Белсат

У 2014 годзе калектыў тэатру стварыў у Берасце незалежную культурніцкую прастору, дзе адбываліся разнастайныя імпрэзы і сустрэчы. Пасля выбараў 2020 года артысты тэатру выступілі з асуджэннем гвалту сілавікоў. А ў пачатку 2021 года ў прастору «КХ» прыйшлі спачатку супрацоўнікі ДФР, за імі – работнікі МНС. Пазней ад кіраўніцы тэатру Аксаны Гайко запатрабавалі падатковую дэкларацыю аб даходах і маёмасці. Прастора «КХ» была вымушана спыніць працу.

Як склаўся лёс «Крылоў халопа» і людзей, якія стваралі тэатр? Пра гэта ў гутарцы з «Белсатам» распавядае менеджарка культурніцкіх праектаў, тэатральны педагог, акторка тэатру «Крылы халопа» Святлана Гайдалёнак.

«Кожны халоп можа адпусціць сабе крылы і стаць чалавекам»

«Прагу да тэатру я адчула яшчэ ў падлеткавым узросце. Аднойчы я пабачыла ў працы тэатр «Крылы халопа», які тады называўся Вольным тэатрам. Яны гралі ў Берасці ў парку 1 траўня «Бандароўну» на падставе твораў Янкі Купалы. На вуліцы, з вогнішчам, у беларускіх строях. Мяне захапіла іх неардынарная падача. Я пачала марыць аб тым, каб далучыцца да нейкай тэатральнай суполкі. У той час я актыўна займалася турызмам, хадзіла ў горы, і падчас аднаго такога паходу адна дзяўчына запрасіла мяне ў тэатр. Я прыйшла – і засталася. У той час як дзясяткі іншых людзей прыходзілі ў тэатр і праз нейкі час адвальваліся, я была ўпартая: хадзіла на кожную рэпетыцыю. Мне падабалася асяроддзе, у якое я трапіла, хоць людзі з тэатру былі ў сярэднім на 10 гадоў старэйшыя за мяне» – распавядае Святлана.

«Тэатр быў заснаваны ў 2001 годзе і называўся Вольным, у 2011 змяніў назву на «Крылы халопа». Чаму так адбылося?»

«Па-першае, нас блыталі з больш вядомым менскім Свабодным тэатрам, які пачаў сваю дзейнасць у 2004 годзе. Берасцейскі выканкам думаў, што мы іх філіял, і таму можам быць небяспечнымі. Гэтая блытаніна нас стаміла. Па-другое, мы адчувалі, што не маем права называць сябе вольнымі ў нявольным асяроддзі. Мы доўга шукалі назву, спалучэнне «Крылы халопа» прапанавала рэжысёрка асвятлення, маўляў, так называўся адзін з першых фільмаў, які здымалі на «Беларусьфільме». Крылы халопа – гэта нешта, што ўзносіць над рэчаіснасцю, дапамагае ўзняць галаву, нагадвае пра годнасць, смеласць, дае надзею на тое, што кожны халоп можа адпусціць сабе крылы і стаць чалавекам. Гэты моцны вобраз добра адпавядаў таму, што мы рабілі, менавіта так мы сябе адчувалі. Назва прычапілася, яна звяртала на сябе ўвагу.

Спектакль «Жанчына з аўтаматам» берасцейскага тэатру «Крылы халопа».
Фота: Белсат

«Крылы халопа» сталі адным з першых тэатраў, які пачаў працаваць з вуліцай. Вулічны тэатр мае свае асаблівасці. Напрыклад, мы вучыліся ўжываць хадулі, перасоўвацца на іх па прасторы гораду і ў другіх фізічных вымярэннях. Мае самыя высокія хадулі былі метр дваццаць, і на іх трэба было вучыцца хадзіць, бегаць і граць.

Мы прапаноўвалі не проста прыйсці і пасмяяцца, мы прапаноўвалі мастацтва, якое рэфлексуе на грамадскія, сацыяльныя тэмы, патрабуе адукацыі, самаразвіцця і цікаўнасці ад чалавека. Нядаўна сутыкнулася з даследаваннем, што толькі 5–8 % людзей ходзяць у тэатры. А які адсотак з іх ходзіць у авангардны тэатр кшталту «Крылы халопа»? Гэта зусім невялікае кола людзей. Але мы заўсёды гэта ўсведамлялі і рабілі захады, каб знайсці гледача і дагрукацца да сваёй аўдыторыі. Нам у Берасці здавалася, што ўсё культурнае жыццё сканцэнтраванае ў Менску – нейкія івэнты, культурніцкія пляцоўкі. Але ў нашай правінцыйнасці была нашая сіла. На такой маленькай тэрыторыі мы ўсе ведалі адзін аднаго, былі больш дасяжныя і больш згуртаваныя», – адзначае Святлана.

Спачатку тэатр існаваў пры дамах культуры. З 2014 года адбылася яго трансфармацыя: акторы стварылі культурніцкую прастору «КХ».

«У пэўны момант я і Аксана засталіся ўдвох і пачалі думаць, як працаваць далей. У прасторы «КХ» адбываліся розныя імпрэзы, але мы хацелі працягваць працаваць з тэатрам. Нам падалося гэта немагчымым, таму мы пайшлі ў бок тэхнічных даследаванняў. Праца з тэхналогіямі была нашым спосабам пазбегчы цэнзуры. Мы пачалі працаваць з вельмі важнай тэмай – нашай памяццю і гісторыяй, звязанай з габрэямі Берасця: да Другой сусветнай вайны 45 % насельніцтва гораду былі габрэямі, з берасцейскага гета выжылі толькі 19 чалавек. Так узнік праект мабільнага дадатку «Brest Stories Guide». У той час ён не замінаў агульнаму ідэалагічнаму дыскурсу, таму быў не страшным для ўлады. Мы запісвалі галасы прафесійных актораў, выкарыстоўвалі дакументальныя сведчанні ўдзельнікаў тых падзеяў. Калі ў мяне быў кепскі настрой, я ўключала «Brest Stories Guide» і разумела: не, яшчэ не ўсё так кепска», – кажа Святлана.

Святлана Гайдалёнак, акторка беларускага тэатру «Крылы халопа», стаіць ля будынку Палаца культуры і навукі. Варшава, Польшча.
Фота: Белсат

Цяпер яна разам з аднадумцамі працуе над падобным праектам: «Brest HERstory» ахоплівае перыяд 1939–1943 гг.

«Мы прабіраемся праз тэксты, напісаныя савецкай прапагандай, і глядзім, як выжывалі жанчыны ў Берасці, што яны рабілі ў гэты гістарычны перыяд. Але мы глядзім з сучаснай феміністычнай перспектывы», – адзначае Святлана.

«Жаночы супраціў і актыўная пазіцыя – у мяне не было іншага выбару»

У Берасці «Крылы халопа» былі добра вядомыя і заўсёды навідавоку. Гэта стала выразна зразумела, калі ў снежні 2021 года яны сталі аднымі з першых, да каго прыйшлі з праверкамі.

«Мы сутыкаліся з уладай на працягу ўсяго свайго існавання. Мы былі вельмі асцярожныя, бо ведалі, з чым і дзе працуем. Першы раз у КДБ я апынулася, калі вучылася на 5 курсе ўніверсітэту. Са мной так «паразмаўлялі», што нанеслі траўму, якую я з псіхолагам прапрацоўвала не адну сесію.

У мяне не было ружовых акуляраў адносна жніўня 2020-га. Можа, толькі аднойчы, 16 жніўня, я адчула: вось-вось атрымаецца. Гаворачы пра тыя падзеі, пераважна прыгадваюць Менск, але ў Берасці адбывалася тое самае. На жаль, гэта не задакументавалі нашыя фільматворцы. А можа, задакументавалі, толькі мы не ведаем? Усе выходзілі, і было адчуванне, што я мушу выходзіць таксама. На жаль, усё гэта скончылася эміграцыяй і тым, што шмат маіх сяброў цяпер за кратамі», – распавядае Святлана.

Яна пакінула Беларусь 6 верасня 2021 года. На ад’езд паўплывалі некалькі фактараў.

«Было адчуванне, што да мяне вось-вось пагрукаюцца ў дзверы. Я не вытрымала. Калі да нас прыйшоў ДФР, пракуратура зліквідавала нашу арганізацыю, стала немагчымым нешта рабіць, быўшы ў Беларусі. Я параілася са сваім «я-ў-будучыні», што абраць: эміграцыю ці турму. Выбрала ехаць. Я не ведала, чым буду займацца. Падалася на стыпендыяльную праграму ў Варшаўскім універсітэце. Перад ад’ездам яшчэ пабілася крыху з ДФР, пахадзіла на допыты, і яны не знайшлі падставаў для адкрыцця крымінальнай справы. Але паўгода трымалі нашыя дакументы і тэхніку. У такім нервовым стане і звыштаксічным асяроддзі я проста не магла нічога рабіць», – адзначае суразмоўца.

Акторка тэатру «Крылы халопа» Святлана Гайдалёнак пазіруе фатографу ля будынку Палаца культуры і навукі. Варшава, Польшча. 14 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

«У эміграцыі ў параўнанні з акадэмічнымі акторамі я адчуваю свае звышмагчымасці»

Першыя дзевяць месяцаў Святлана жыла ў інтэрнаце, атрымлівала стыпендыю. Цяпер, з ейных словаў, яна жыве ў горадзе, дзе ўсё магчыма і дзе няма столі для прафесійнага развіцця.

«Але я яшчэ ўбудоўваюся ў гэтую сістэму. Ёсць адчуванне, што я тут не прападу, заўсёды знайду сабе занятак. І знайшла: стартанула кароткатэрміновы праект на два месяцы. Я рэзідэнтка Тэатральнага інстытуту ім. Збігнева Рашэўскага пры фестывалі тэатру для дзяцей «Korczak dzisiaj» і міжнароднай арганізацыі тэатру для дзяцей і моладзі «Асітэж». Апошнія чатыры гады ў Беларусі я працавала як тэатральны педагог, я гэта ўмею і люблю, таму вырашыла зрабіць тэатральны паказ з дзяўчаткамі-падлеткамі з Беларусі і Украіны. Мой курс бясплатны для дзяўчатак, складаецца з васьмі сустрэчаў, мы працуем два разы на тыдзень па тры гадзіны. Ходзяць дзевяць дзяўчат, украінкі і беларускі, якія пераехалі ў Варшаву пасля пачатку вайны і падзеяў у Беларусі. Мы камунікуем паміж сабой па-беларуску, па-польску і па-ўкраінску. Калі бачыш дзетак, якія размаўляюць на беларускай мове, гэта такая асалода! Гэта таксама і падтрымка жанчын: адна мама запытала: а якая працягласць занятку, паўтары гадзіны? Кажу, не, тры гадзіны. Яна шчасліва-здзіўлена: як тры? То бок ейнае дзіця будзе занятае справай тры гадзіны, а ў яе будзе вольны час», – кажа Святлана.

Hавiны
Юрый Дзівакоў у Польшчы ставіць спектакль, які б упрыгожыў беларускую сцэну
2021.12.04 15:55

А што стала з іншымі артыстамі «Крылаў халопа»? У розны час у тэатры быў розны склад. Тыя, хто сышоў з тэатру ў 2016 годзе, змянілі свой кірунак дзейнасці і застаюцца ў Беларусі – займаюцца сацыяльна адказным бізнесам. Хто сышоў раней – пераехалі ў Польшчу, дзе працуюць пры прадзюсарскіх цэхах у прадукаванні польскіх фільмаў і серыялаў. Тыя, хто з’ехалі пасля 2020-га, працягваюць заставацца ў творчым полі: хтосьці займаецца педагагічнай дзейнасцю і піша музыку, хтосьці супрацоўнічае з еўрапейскімі авангарднымі тэатрамі, ставіць там свае спектаклі.

«Я таксама працягваю працаваць як акторка, але ў кароткатэрміновых праектах. Напрыклад, у чэрвені мы зрабілі ў Любліне тэатральнае чытанне з Юрам Дзіваковым. А ў лютым падчас рэзідэнцыі «Дом творцаў» я знялася ў кароткім кіно. Мы падтрымліваем сувязь з калегамі з тэатру, хочам працягваць рабіць штосьці разам і далей. Наш плюс у тым, што мы невялікая інстытуцыя, да сваіх праектаў можам прыцягваць людзей з розных колаў, мы вельмі гнуткія, і ў гэтым таксама нашая моц.

Зараз я таксама займаюся архівацыяй нашага тэатральнага досведу, якому ўжо больш за 20 гадоў. Называю сябе больш тэатральнай менеджаркай, а не акторкай. І ў гэтым спалучэнні існую: арт-менеджарка, акторка і тэатральны педагог», – адзначае наша гераіня.

Цяпер, у эміграцыі, Святлана разумее, наколькі «Крылы халопа» падрыхтавалі яе да сутыкнення з іншай рэчаіснасцю, бо існаванне ў Беларусі незалежнай тэатральнай групы – гэта заўсёды некамфортнае асяроддзе. Акторам заўсёды было вельмі цяжка прабіцца праз цэнзурныя абмежаванні, забароны, а таксама дагрукацца да гледача.

«Да сённяшняга дня мяне кранаюць пытанні, ці я прафесійная акторка. Я не канчала Акадэміі мастацтва. Аднак цяпер, у эміграцыі, у параўнанні з акадэмічнымі акторамі я адчуваю свае звышмагчымасці. З адукацыі я настаўніца расейскай мовы і літаратуры і ангельскай мовы. Філалагічная адукацыя дазволіла мне досыць хутка засвоіць польскую мову. Валодаючы мовамі, у эміграцыі я апынулася ў прывілеяваным становішчы ў параўнанні з іншымі акторамі, для якіх мова – асноўны інструмент.

Акторка тэатру «Крылы халопа» Святлана Гайдалёнак. Варшава, Польшча.
Фота: Белсат

У тэатры мы пастаянна ладзілі разнастайныя фестывалі, гэта развіла мае адміністрацыйныя і менеджарскія навыкі. Сёння ў Еўропе творца (актор, мастак), калі спрабуе працаваць сам, павінен разбірацца ў менеджменце, эканоміцы, праве, каб знайсці магчымасці рэалізаваць свае праекты. У Еўропе сістэма працуе па-іншаму, і мне было прасцей упісацца ў мастацкую сістэму Польшчы. Я разумею, як гэта ўсё працуе. Шмат акторак, якія вымушана пераехалі з Беларусі ці Украіны, губляюцца і не ведаюць, як сябе тут паводзіць. Трэба праяўляць актыўнасць, не баяцца дзяліцца, атрымліваць зваротную сувязь, выказваць свае ідэі», – кажа нашая суразмоўца.

Тым не менш, сваю будучыню Святлана бачыць у родным Берасці.

«Прайшоў толькі год маёй эміграцыі. Зараз у мяне адчуванне, што вось я пасябрую з беларусамі ў Варшаве, наладжу шмат карысных кантактаў, а пасля – хоў-хэй! Я іх усіх буду прыцягваць у Берасце, дзе ў нас будзе супервялікая прастора, якую трэба будзе напаўняць мерапрыемствамі. Цяпер я атрымліваю досвед, як усё працуе ў сферы культуры ў Польшчы, як дастаюць грошы, камунікуюць з міністэрствам [культуры]. Таксама звяртаю ўвагу на тое, што мне не падабаецца. Я назапашваю свой асабісты капітал, веды і жыццёвы досвед, які прывязу ў Берасце, каб развіваць культуру ўласнага гораду», – падсумоўвае Святлана.

Артыкулы
Павел Гарадніцкі – пра спектакль «1.8 м», заснаваны на рэальных гісторыях палітвязняў
2021.12.22 20:50

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў