Тэлеканал «Беларусь 1» паказаў інтэрв’ю з беларусам, які прыехаў дамоў праз Камісію па вяртанні


Тэлеканал «Беларусь 1» анансаваў сюжэт пра Камісію па вяртанні, у якім даў інтэрв’ю беларус Філіп Давыдаў, які нібыта ўдзельнічаў у пратэстах, з’ехаў у Польшчу, а потым вярнуўся праз гэтую камісію. 13 ліпеня тэлеканал паказаў фрагмент інтэрв’ю.

Філіп Давыдаў.
Фота: скрыншот з відэа/Zerkalo.io

Філіп Давыдаў у інтэрв’ю Ксеніі Лебедзевай распавядае, што падчас удзелу ў пратэстах 9 і 10 жніўня 2020 года ўдарыў па міліцэйскім аўтамабілі, потым з’ехаў за мяжу і вярнуўся праз камісію па вяртанні з’ехаўшых.

«Я выходзіў з самага пачатку. Хадзіў і на нядзельныя маршы. Пікам стаў мітынг у цэнтры гораду. Нейкая міліцэйская машына праязджала, і я, паддаўшыся эмоцыям, ударыў па машыне. Я калі звярнуўся ў камісію, думаў, што не пасадзяць, але дадуць нейкі ці ўмоўны тэрмін, ці «хатнюю хімію». Я не разлічваў так, што я прыеду, мяне ніхто не будзе чапаць, што я буду спакойна гуляць па вуліцах», – распавядае Філіп.

Перад вяртаннем маладзён звярнуўся ў камісію па вяртанні з’ехаўшых. Там яму далі рашэнне, якое ён прад’явіў на мяжы.

«Мяжу прайшоў без праблем. Я прад’явіў на мяжы копію рашэння, вярнуўся дамоў. Сем-восем дзён знаходжуся ў Беларусі, да мяне не ўзнікла ніякіх пытанняў», – кажа Філіп.

Zerkalo.io знайшло Філіпа Давыдава ў спісе рэпрэсаваных Праваабарончага цэнтру «Вясна». Хлопца затрымлівалі ў Менску 8 верасня 2020 года падчас акцыі ў падтрымку палітзняволенай Марыі Калеснікавай.

Камісія па разглядзе зваротаў грамадзянаў Беларусі па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў была сфармаваная ў лютым 2023 года.

Напрыканцы красавіка Генпракуратура паведаміла, што правяла першае паседжанне камісіі. У пракуратуры казалі, што атрымалі больш за 60 зваротаў ад тых, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў