Франак Вячорка: Вызваленне Беларусі з-пад расейскай прысутнасці дапаможа Украіне перамагчы


Вызваленне палітвязняў, беларуская субʼектнасць, расейская прысутнасць, еўрапейскае і амерыканскае стаўленне да беларусаў, падвойнае адчуванне ад саміту – гэтыя тэмы «Белсат» абмеркаваў з галоўным дарадцам Святланы Ціханоўскай Франакам Вячоркам у інтэрв’ю пасля завяршэння саміту NATO у Вільні.

Франак Вячорка. Скрыншот з відэа-размовы: Белсат

– Аб чым размаўлялі абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам падчас сустрэчы ў Вільні?

– Гэта важная сустрэча, жэст падтрымкі беларускаму народу. Змест сустрэчы не агучваецца, так было і ў мінулыя разы, такая дамоўленасць. Але сустрэча была вельмі своечасовая, і добра што Джо Байдэн знайшоў час перад самым вылетам з Вільні. Супраца з ЗША, і без таго важная і плённая, яшчэ будзе паглыбляцца.

Hавiны
Ціханоўская агучыла некаторыя дэталі сустрэчы з Байдэнам
2023.07.13 08:27

– 13 ліпеня амерыканскі сенатар Дык Дэрбін прынёс постар з палітвязнямі Ігарам Лосікам і Андрэем Кузнечыкам на сваё выступленне ў Кангрэсе ЗША. Сказаў, што сустракаўся з Ціханоўскай. Ці вядомы якія падрабязнасці гэтай сустрэчы? Пра што яны гаварылі? Чаму гэтыя рэчы важныя? Чытачы дасылаць скептычныя водгукі, што маўляў, вязняў усё роўна катуюць і яны нават паміраюць у вязніцах, не гледзячы на ўсе сустрэчы.

– У першую чаргу нам трэба захаваць субʼектнасць Беларусі. Беларусь зараз успрымаюць як краіну-суагрэсарку, рэжым Лукашэнкі заганяе нас у ізаляцыю. Таму важна паказаць, што беларусы – не роўна рэжым. І што беларусы заслугоўваюць права на сваю незалежнасць і дзяржаўнасць. Зараз шмат залежыць ад таго, як Беларусь успрымаюць у свеце. Кожная новая сустрэча, кожнае новае міжнароднае мерапрыемства даюць нам шанец вырвацца з-пад залежнасці Крамля, уратаваць сваю краіну і падтрымаць тых, хто змагаецца за нашу свабоду.

Сустрэча з сенатарамі была па шэрагу пунктаў. Гаварылі пра рэзалюцыю з асуджэннем расейскай ядравай зброі ў Беларусі. Дакумент зараз знаходзіцца на разглядзе ў Сенаце. Гаварылі пра абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, які быў распрацаваны 20 год назад, але патрабуе ўдакладненняў. Гэты дакумент важны не толькі сімвалічна, але і практычна. Гаварылі пра санкцыі, якім чынам закрываць «лазейкі» для рэжыму і яго памагатых, і як прыцягнуць рэжым да адказнасці. Гаварылі пра падтрымку незалежных медыяў, грамадзянскай супольнасці і рэпрэсаваных.

Hавiны
Амерыканскі сенатар Дык Дэрбін заклікаў тэрмінова вызваліць усіх беларускіх палітвязняў
2023.07.13 15:43

Тэма палітвязняў праходзіць ніткай праз усе сустрэчы. З гэтай тэмы яны пачынаюцца і заканчваюцца. Святлана Ціханоўская заўсёды носіць з сабой тэчку Сяргея Ціханоўскага і праз яго гісторыю яна расказвае гісторыі іншых палітвязняў. Алеся Пушкіна згадвалі практычна на кожнай сустрэчы ў другі дзень саміту. Гэтая навіна як раз прыйшла падчас сустрэчы Ціханоўскай з замежнымі палітыкамі. І вядома ж праз гісторыю Алеся Пушкіна можна расказаць усю гісторыю Беларусі, гісторыю лукашэнкаўскага рэжыму, як ён знішчаў усё жывое, творчае, адукаванае.

На жаль колькасць інструментаў міжнароднага рэагавання абмежаваная, і нам важна, каб хаця б вось гэтую колькасць інструментаў з іх абмежаваным уплывам скарыстаць напоўніцу – на 200 ці нават на 500 %. Для гэтага трэба быць крэатыўнымі, знаходзіць нейкія магчымасці. І без гэтых міжнародных кантактаў, якія мы будуем апошнія тры гады, у нас нічога не атрымаецца.

– Вынікі саміту NATO пакідаюць падвойнае ўражанне. З аднаго боку прэзідэнт ЗША Байдэн кажа, што беларусы змагаюцца за свае правы, прэзідэнт Польшчы Дуда кажа, што запрашэнне Ціханоўскай на саміт у Вільні – гэта знак, што Захад хоча незалежнай Беларусі. А з другога боку ў афіцыйных дакументах NATO Беларусь звязваюць не з народам, а з рэжымам і расейскай агрэсіяй. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа назваў Беларусь расейскай губерняй. Чаго не хапіла, каб не толькі ў прамовах, але і на пісьме Беларусь і беларусаў яскрава падзялялі ад рэжыму Лукашэнкі?

– Рэжым і народ падзяляць і сведчаць пра гэта сваёй палітыкай тыя, хто знаёмы з праблематыкай. Напрыклад, ізалююць рэжым Лукашэнкі, але працягваюць выдачу візаў. З аднаго боку ўводзяць санкцыі, з іншага – падтрымліваюць грамадзянскую супольнасць. І гэта падтрымка павялічваецца. Але і патрэбы павялічваюцца. У 2020 годзе на пачатку рэвалюцыі было некалькі дзясяткаў палітвязняў, зараз іх значна больш. І падтрымкі трэба больш. Людзям трэба забяспечваць тэрміновы выезд з Беларусі, напрыклад.

Падвойнае ўражанне грунтуецца на тым, што адныя кажуць пра будучыню. Так, Анджэй Дуда кажа пра будучыню Беларусі ў еўрапейскай сямʼі. Другія кажуць пра тое што ёсць, пра цяперашні статус, у які Лукашэнка заганяе наш народ. Так,  Гітанас Наўседа называе Беларусь губерняй. Гэта фармулёўка няправільная, шкодная, яна як раз дапамагае Пуціну зафіксаваць кантроль над Беларуссю.

Трэба казаць, што пакуль што Беларусь – не губерня і мы ёй такой стаць не дазволім. А для гэтага з заходнімі палітыкамі трэба размаўляць, тлумачыць. Памятаем, што яны зараз чуюць пра Беларусь выключна ў кантэксце Украіны і бяспекі – з таго, што ляцелі ракеты, што рыхтуюцца вагнэраўцы, што размяшчаецца зброя. Але мы павінны дадаць іншы аспект, аспект барацьбы Беларусаў за тое, каб гэтую небяспеку змяніць, змяніць статус-кво, скінуць рэжым лукашэнкаўскі, прыбраць расейскую прысутнасць у Беларусі.

Нешта атрымліваецца, нешта не. Да некаторых даходзіць хутчэй, да некаторых павольней. Як мне здаецца, амерыканцы гэта разумеюць на шмат больш, еўрапейскія краіны разумеюць менш, таму трэба знаходзіць тых хто не разумее і трэба тлумачыць.

Hавiны
Падчас Саміту NATO Ціханоўская абмеркавала размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі
2023.07.13 10:31

Вядома пра кароткія сустрэчу Ціханоўскай з прэзідэнтам Наўседам, кіраўніком МЗС Літвы Габрыелюсам Ландсбергісам і яго бацькам Вітаўтасам Ландсбгергісам, з камандуючым войскамі ЗША і NATO у Еўропе Каволі. Ці вядомы падрабязнасці?

– Перад пачаткам выступу Джо Байдэна ўсе чакалі ў асобным пакоі, гэта былі сустрэчы ветлівасці, кароткія размовы. Усе гаварылі пра вагнэраўцаў, што гэта значыць для Беларусі. Камандуючы войскамі ЗША і NATO у Еўропе задаваў шмат пытанняў пра ваенную бяспеку, пра бачанне дэмакратычных сілаў. З прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам гаварылі пра тое што, адбываецца ў Беларусі, чаго хочуць беларусы і што хочуць чуць ад замежных партнёраў.

Размова з Валдасам Адамкусам і Вітаўтасам Ландсбсергісам была важнай як сімвал сувязі паміж літоўскай барацьбой за свабоду і цяперашняй барацьбой беларусаў за свабоду. Сустрэча важная і для беларусаў, і для літоўцаў. Важна, што літоўцы бачаць – Ціханоўская сустракалася са старэйшым Ландсбрегісам, якога называюць бацькам сучаснай літоўскай дзяржаўнасці.

Падчас сустрэчы з генералам Крыстоферам Каволі Святлана Ціханоўская сказала, што сапраўды Беларусь зʼяўляецца часткай праблемы, але і часткай яе рашэння таксама. Вызваленне Беларусі з-пад расейскай прысутнасці дапаможа Украіне перамагчы. Неабходна патрабаваць патрабаваць поўнага вываду з беларускай тэрыторыі ўсіх расейскіх войск, ядравых боегаловак і вагнэраўцаў. З гэтым ніхто не спрачаецца. І мы ведаем, што лагеры будуюцца, што Лукашэнка ніякі не міратворац, а толькі перадатчык Крамля. І не трэба перабольшваць яго важнасць і ягоную ролю. Я думаю, што з гэтым ёсць агульнае супольнае разуменне ўсімі.

Аналітыка
Што віленскі саміт NATO азначае для Беларусі
2023.07.13 17:53

Вітаўт Сіўчык / Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў